top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Як лавілі клусаўніка Базыля-лошагуба з Дзялятыч

У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.


Да 1592 года мястэчка Любча разам з замкам, а таксама вялікі абсяг Налібоцкай пушчы на правы бераг Нёмна ад Купійску да Дзялятычаў належаў Яну Кішку, затым ягонаму брату Станіславу, а потым як пасаг дачкі апошняга Ганны перайшоў да Радзівілаў. Кішкі пераважна гаспадарылі на багатай ворнай зямлі леваруч цячэньня Нёмну і займаліся жывёлагадоўляй. Бровары і вінакурні ды лесанарыхтоўка былі гэтаксама іхняй важлівай справай. Ад гэтага яны мелі асноўныя даходы.


Ловамі яны цікавіліся ня шмат. Напэўна ад таго клусаўніцтва ў Кішкавых валоданьнях за Нёмнам было звычайнай зьявай. Усё гэта было не з-за Кішкавых безгаспадарлівасьці, а сыходзіла ад надта цяжкіх для аховы і кантролю багеннага тэрэну ў тых пушчанскіх валоданьнях. Тыя Кішкавы валоданьня з боку Любчы называлі як Любанская пушча, якая насамрэч было толькі часткаю агромістага леса-багеннага абшару. Тую вялікую пушчу тады найменавалі як Мікалаеўскі Лес, а пазьней як Налібоцкая пушча. Радзівілы сталі валодаць Любчанскай часткай Налібоцкай пушчы (або Любчанскай пушчай) з 1606 году. Тамака было ўтворана Дзялятыцскае падлавецтва з афіцынай і гаспадарскімі забудовамі ў Дзялятычах.

Прызначыны Дзялятыцкі падлоўчы Вальдэмар Васілеўскі, азнаёміўшыся з пушчанскай рэчаіснасьцю падначаленых яму абшараў, справаздачыў генэральнаму лоўчаму ў Нясьвіж аб клусаўніцтвах і безгаспадарлівасьці ў Любчанскай пушчы. У прыватнасьці, ён паведамляў, што насельніцтва ласёў ёсьць замалое для гэтакіх багатых варункаў; зубры на мяжы вынішчэньня, якіх засталося некалькі дзясяткаў; бабровыя мейсцы жыхарства могуць даваць сотні здабытых баброў штогод, але бабровыя гоны занядбаныя і выснажаюцца клусаўнікамі. Таксама Вальдэмар Васілеўскі пісаў, што Любчанская пушча як аніякое іншае мейсца ў Радзівілаўскіх зямельных валоданьнях багата на сенажаці, але іх карыстае добра ўзброенае згуртаваньне шляхты з-за Бярозы ракі. Найміты-сяляне нарыхтоўваюць ды перавозяць сена ў прызначанае мейсца, а тыя злачынныя супольнікі з Забярозаўскай шляхты кіруюць нарыхтоўкамі, забясьпечваюць збройную ахову пры перавозе і спажываюць прыбыткі. Ня грэбаюць яны забіць лася або зубра, але нарыхтоўкай ласёвага мяса і скур у значнай колькасьці ажыцьцяўляе напэўна іншы злачынны гурт клусаўнікоў. Складанасьць перасоўваньня па гэтаму пераважна багеннаму тэрэну надта перашкаджае ахову пушчанскіх скарбаў і паімку клусаўнікоў. З другога боку, іхняе дасканалае веданьне пушчанскіх пераходаў і зьвярыных пярэсмыкаў дае ім магчымасьць швыдка здабываць зьвера і латва сыходзіць ад пагоні. Гэтая пушча для нас новая, якую мы яшчэ мала ведаем, тады як набор лясных службоўцаў з ліку тутэйшых сялян і дробнай шляхты, якія ведаюць гэту пушчу дасканала, здаецца непрыдатным, бо хто яго ведае, якія зь іх слугуюць на тых злачынцаў.


Асабліва Дзялятыцкага падлоўчага надта клапаціла занядбаная сытуацыя з ласямі, які быў вельмі прывабным паляўнічым гатункам. Асочнікі выкрылі, што нехта жорстка і шмат забівае ласёў ціхімі спосабамі. Адным з спосабаў была адмысловая калодка з выразам пад ласёвыя капыты, куды ласёвая нага трапляла а назад не даставалася. Да той калодкі ланцугом была прымацавана цяжкаватая калода ў якасьці катвігі. Трапіўшы ў тую пастку лось цягаў усё гэта, выбіваючыся з сіл. Урэшце той лось клаўся на дол і гэтак тамака ляжаў канаючы. Па пакінутаму той калоднай катвігай патаску спрактыкаванаму воку было няцяжка адшукаць таго лася. Акрамя таго той ласёвы клусаўнік усталёўваў на ласёў вялікія сілы з тоўстай вяроўкі, у якоў у сярэдзіне быў уплецены спэцыяльны каваны ланцужок. І тыя і другія пасткі ставіліся пры ласёвых купалішчах і сьцежках на пярэсмыках, якія той спрытны клусаўнік ведаў выдатна. Ласі разьбіраліся на мейсцы, косткі пакідаліся, а мяса і скура кудысь адвазілася як паклажа на каня або некалькі коней. Было відавочна, што забойства зуброў робяць тыя жа асобы, якія клусуюць ласёў. Асочнікі вызначылі, што ад пэўных мейсцаў забойства ласёў конныя тропы вядуць да ракі Бярозы, клусаўніцкія коні пераходзілі Бярозу ўброд, а далей троп накіроўваўся кудысь у бок Лугамовічаў або Дудаў, Бакштаў, а можа і бліжэй. Падлоўчы зьвяртае ўвагу, што ягоны стралец Базыль Карыта, які ёсьць адзіны, хто наняты на працу з тутэйшых, ня досыць швыдка рупіцца гэтай справаю, увогуле гультаяваты, але выдатна ведае тэрэн і пакуль што яго замяніць няма кім. Да таго ж ён ня схільны гэты тэрэн тлумачыць і штось шмат паказваць нанятым асочнікам, зь якімі ён не надта ладзіць.


Каб спыніць гэты гвалт над ласямі ды зубрамі і даць ахову ўсяму іншаму, а таксама застрашыць ня толькі лошагубаў але і разнастайных іншых клусаўнікоў, зь Нясьвіжу ў Дзялятычы былі часова накіраваны шэраг Радзівілаўскіх уланаў, пяхотных жаўнераў, некалькі стральцоў, цалкам пад дваццаць асоб. Адылі забойствы ласёў а часам і зуброў не спыняліся. Дасланы зь Нясьвіжу вайсковы аддзел разам з Дзялятыцкімі службоўцамі ладзілі мноства засад але ўсё дарма. Не было і тыдня, каб асочнікі не знаходзілі сьвежыя ласёвыя ахвяры. Стала падавацца, што тыя клусаўнікі-лошагубы ўсё загадзя ведаюць, як і дзе іх будуць сьцерагчы. Тады падлоўчы Вальдэмар Васілеўскі стаў падазраваць, што адзін з ягоных асочнікаў, або стралец і ёсьць той неўлавімы лошагуб. Дасланыя стральцы сталі пакрыёма сачыць за ўсімі імі. І вось неўзабаве вызнычылася, што асноўны лошагуб ёсьць Дзялятыцкі стралец Базыль Карыта. Ён быў злоўлены пры ласёвай ахвяры, якую ўжо акурат разабраў на часткі. Удалося тое наступным чынам. Дасланыя зь Нясьвіжу стральцы знайшлі лася, злоўленага ў сілы. Пяхотныя жаўнеры селі тамака ў засаду ды чакалі лошагуба на мейсцы. Дадаткова стральцы ўпотай сачылі за асочнікамі й асабліва за Базылём, бо на якога ўсё балей падала падозра.


Базыль зацята адстрэльваўся, параніўшы аднаго з жаўнераў. Урэшце яго схапілі. Базыль-лошагуб быў спутаны і пасаджаны ў мураваны склеп пад сьвірнам прынёманскага млына ў Дзялятычах. Два пяхотных жаўнера вартавалі тую вязьніцу. Назаўтра Базыля-лошагуба плянавалася этапаваць у Нясьвіж на допыт аб супольніках і дзеля наказаньня - верагодна сьмяротнай кары. Нейкія супольнікі відавочна былі, на што сьведчылі тропы шэрага коней на мейсцах клусаўніцтва і пры адвозе мяса і скуры. Мяса верагодна пастаўлялася ў нейкі заможны двор або карчму. Усё гэта трэба было даведацца, каб расквітацца за нанесеную шкоду і канчаткова прыпыніць тыя злачынства. Адылі ўначы на Дзялятычы адбыўся ўзброены наезд, і Базыля-лошагуба вызвалілі, напэўна апасаючыся, што ён паведзіць Радзівілаўскаму боку аб супольніках. Варта вязьніцы была забіта на мейсцы. Вызваленага Базыля Карыта нападнікі забілі недалёка за Дзялятычамі. Ён відавочна падаваўся ім небясьпечным. Людзі Радзівілаў маглі бы неяк знайсьці Базыля і дапытаць, а ён пад катаваньнямі здаў бы усіх. Акрамя таго пры варожым наездзе было спалена шэраг гаспадарчых забудоў Дзялятыцкага падлавецтва. За нападнікамі, якіх было пад дваццаць, зладзілі пагоню, у якой удзельнічалі Радзівілаўскія ўланы і стралкі, але нападнікі вельмі добра арыентаваліся ў пушчанскіх нетрах і латва ўцяклі ў бок Дудаў або Бакштаў.


Потым асочнікі нейкім чынам даведаліся, што часта ласёвае мяса дастаўлялася ў карчму ў Лугамовічы, але габрэй-карчмар ведаў толькі Базыля Карыта і нічога балей паведзіць ня мог. Зубровае мяса таксама карчмару прапанавалася, але ён не купляў, бо палохаўся мець з гэтым справу. Карчму тую дзеля наказаньня спалілі, а сам карчмар атрымаў дваццаць бізуноў.

Пасьля наезду на Дзялятычы з Нясьвіжу прыйшло значнае вайсковае падмацаваньне дзеля навядзеньня патрэбнага парадку ў падлавецтве цалкам. Толькі конных уланаў прыбыла каля трыццаці. Клусаваньне ласёў паблізу Любчы і Дзялятычаў бадай што спынілася, але што рабілася крыху далей можна было толькі скрушна здагадывацца. Было паразуменьне, што ў Любчанскай пушчы злачынна дзейнічала добра арганізаванае і напэўна баяздольнае згуртаваньне шляхты з-за ракі Бярозы. Трэба было рыхтавацца да вырашальнай сутычкі а мажліва і бойкі з тым варожым згуртаваньнем, выведываць іхнія праходы ды табарышчы, шукаць і зацікаўліваць інфарматараў у тым баку й іншае. Аб далейшых тых падзеях апавядае наступны падзел.

22 views0 comments

Commentaires


bottom of page