У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.
Пра выбітнага зьвералова Цімоха Войніча з гаёўні Калюгі вядома няшмат, але зусім не прыгадаць аб ім ня варта. Жыў Цімох Войніч у першай палове XVIII-ага стагодзьдзя й як зьвералоў у асноўным працаваў пры Міхаіле Казімеры Радзівіле па мянушцы «Рыбанька». Тая Радзівілаўская гаёўня Калюгі, дзе ён мешкаў з радзінаю, мейсьцілася ў самым асяродку Налібоцкай пушчы вярсты чатыры скрозь пушчанскія нетры на поўнач ад Кляцішчаў. Калі дабірацца коламі то па конаезднай дарозе да Налібакаў было вёрст дваццаць. Яшчэ можна было ехаць у людзі да Івянца, адлегласьць да якога была гэтакай жа самай.
Магнаты-землеўласьнікі й у прыватнасьці Радзівілы мелі раскошныя зьвярынцы. У межах Налібоцкай пушчы Радзівілаўскіх зьвярынцаў было два. Адзін зь іх мейсьціўся на цэнтральным захадзе пад Пятрылавічамі ва ўрочышчы Вапнёўка, якое ўжо пазьней гэтак і стала звацца як Зьвярынец, а былое найменьне неяк забылася. Другі Налібоцка-пушчанскі зьвярынец Радзівілаў быў у Будаўскім водступу. Тыя зьвярынцы трэба было папаўняць зьверыною. Зьвяры хварэлі, паміралі, часам яны станавіліся ахвярамі магнацкага зварьяцелага разгулу або былі выпушчаны на волю пад нейкую магнацкую прыхамаць. Напрыклад існуе гісторыя, як Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» пад час ловаў у Налібоцкай пушчы заклаўся ў нейкай спрэчцы на свой зьвярынец у Будах і прайграў, і тады нападпітку выпусьціў амаль што ўсіх зьвяроў на волю, а хто швыдка не ўцёк, таго перастраляў са сьвітаю паляўнічых. Таксама заняволеныя зьвяры маглі неяк уцячы самі са сваіх клетак або загонаў на волю ў пушчу. Тое здаралася нярэдка. Пад час ваенных ліхалецьцяў зьвярынцы ўшчэнт апусташаліся вайскоўцамі.
Таму зьвералову працы было зашмат заўжды і нават балей чымся яны маглі выканаць. У тыя часы навыкі зьвералова не былі надта рэдкім майстэрствам. Шмат хто з паляўнічых мог выконваць шараговыя заказы магнацкіх зьвярынцаў. Гэтакія зьвераловы маглі больш або менш задачна злавіць непашкоджаным зубра, аленя, лася, казулю, выдру, куніцу, гарнастая, вавёрку, бабра, лісіцу або барсука. На рэдкасьць мала хто валодаў ведамі і навыкамі, каб не траўмуючы, злавіць буйных драпежных зьвяроў гэтакіх як мядзьведзь, воўк або рысь. Апошні гатунак у тыя далёкія часы звычайна найменавалі як партус. Нярэдка, каб атрымаць у зьвярынцы гэтых драпежнікаў, іх бралі малымі з логавішча. Тое ўжо было немалым адмыслоўствам, каб знайсьці логавішча гэтых драпежнікаў. Цімох таксама часам гэтак рабіў. Але трэба было чакаць, пакуль тыя шчанюкі вырастуць. Часам ва ўмовах няволі яны вырасталі ня досыць годна складзенымі. То бок у гэтым падыходзе да жывалоўчай справы меліся свае заганы. Таму і з іншых нагодаў нярэдка магнацкім зьвярынцам патрэбна было адлавіць жыўцом дарослага і годна складзенага рыся, ваўка або мядзьведзя.
І ў гэтым майстэрстве зьвералова Цімоху Войнічу з Калюгаў не было роўных у Налібоцка-пушчанскім краі. На кожнага з гэтых гатункаў буйных драпежных зьвяроў у Цімоха было некалькі спосабаў іх жывалова ў залежнасьці ад характэру тэрэна і сэзону. Наколькі стала вядома, ваўкоў ён нярэдка лавіў у мярэжы. Пры гэтым загадзя ваўчыную зграю бралі ў вялізны аклад з вяровак з начэпленымі на іх сьмярдзючымі рызманкамі, якія ваўкі пераходзіць палохаліся. Гэтак жа паляўнічыя беруць ваўкоў у аклад і цяперака, але з чырвонымі сьцяжкамі замест рызманкоў. Потым ваўкоў адціскалі да аднаго боку акладу, памяншаючы яго. Урэшце пакідалі вузкі аклад, зь якога ваўкоў выганялі ў нацягнутыя мярэжы. Гэты спосаб вымагаў даволі шмат памагатыяў, і толькі сам аклад падвозіўся на 3-5 санных вазах. Таксама Цімох лавіў жыўцом дарослых ваўкоў і ў адзіночку. На воўчых сьцежках ён ставіў спэцыяльныя зашмаргі на лапу з абмежавальнікам сьцягваньня зашмаргі, каб не папсуць воўчу лапу. Да мацаваньня зашмаргі Цімох прымацоўваў досыць цяжкі патаск са спрунжынай у прымацоўцы дзеля амартызацыі рыўку. Цімох находзіў гэтакага злоўленага ваўка па сьледу ад патаску, а забіраў яго, блытаючы ў мярэжу. Падобным чынам Цімох лавіў жыўцом рысяў, але потым кожную з рысёвых лап ён лавіў спэцыяльнымі зашмаргамі, расьцягваючы рыся і паступова зьвязваючы яго. Мядзьведзяў Цімох лавіў у спэцыяльныя клеткі з падаючай дзьверцай. Істотнымі ў Цімохавым майстэрстве было ня толькі лоўчыя прылады, але і дасканалае веданьне асаблівасьцяў паводзін зьвера ўвогуле й у пэўных варунках. Як бы з гэтым не было, але ў Радзівілаўскай гаспадарцы ні да зьяўленьня Цімохо ані пасьля ягонай трагічнай сьмерці ніхто гэтак спраўна і адмыслова не лавіў жыўцом зьвера.
Цімох загінуў ад нападу мядзьведзя. Ён злавіў юрную мядзьведзіцу ў лоўчую клетку, а непадалёк знаходзіліся два вялікіх самца, якія разарвалі Цімоха на тым мейсцы. Тое здарылася недзе пад Ізьледзьдзю ва ўрочышчы Асова. Па загаду Міхаіла Казімера Радзівіла на мейсцы гібелі Цімоха быў пастаўлены памятны знак у форме высечанага з камня мядзьведзя з нейкім надпісам. Быццам бы гэты знак яшчэ стаяў у Асова перад Першай сусьветнай вайной а потым неяк зьнік.
Comments