top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

У Налібоцкай пушчы адбыўся значны заняпад ў рысях.

Updated: Jan 15, 2023

Сааўтар: Ірына Ратэнка


Мінулым летам і напэўна ўвосень ў Налібоцкай пушчы адбыўся значны заняпад у рысях. Яе лічэбнасць у гэтым тэрэне паменшыла недзе ўдвая, а мо й балей. Крыху аб тым, як яно было з рысямі ў Налібоцкай пушчы апошнія два гады. А было досыць развойна. Зімою 2017-2018 гадоў рысяў было ад 2 да 6, сярэдне 4.4 асобнікі на 100 км², а ў наступную зіму ад 2 да 8, сярэдне 5.3 асобнікі на 100 км². Намі не чакалася нейкага заняпаду ў рысях ад ушчыльненьня гэтай лякальнай папуляцыі, бо мажлівасьці эміграцыі рысяў за межы Налібоцкай пушчы ў досыць раскошныя суседнія лясы, што мала заселеныя рысямі, пакуль што не маюць якіхсьці абмежаваньняў. Што тычыцца стану папуляцый ахвяр, якімі харчуюцца рысі, то іх лічэбнасьць толькі павялічвалася штогод апошнім дзесяцігоддзем. З таго заняпад у рысях ня мог адбыцца з нагоды недастатковай наяўнасьці ахвяр.


Якое насамрэч памяншэньне лічэбнасьці рысяў і якія іншыя парушальныя зьмены ў лякальнай папуляцыі рыся адбыліся ў Налібоцкай пушчы цягам лета й восені 2019 году? Тутай зацемім, што мы можам паведамляць не пра ўсю Налібоцкую пушчу плошчай каля 1800 км², а ў дачыненьні яе праўдзівай мадэльнай часткі плошчай каля 1000 км², дзе мы падрабязна адсочваем рысяў з дапамогай фотапастак, адрозьніваючы розных рысяў па спыткам іхняй плямкаватасьці. Дзеля латвай ідэнтыфікацыі рысяў мы наддалі ім імёны. Трэба таксама дадаць, што тая мадэльная тэрыторыя дзеля дасьледаваньняў рыся й асочваньня руху рысёвай лічэбнасьці была выбрана намі ў найбольш спрыяльнай частцы Налібоцкай пушчы пераважна ў Налібоцкім заказьніку.


З дадзеных, якімі мы валодаем на сёньня выглядае так, што дарослыя самцы рыся Сьцяпан, Ксавэры, Максім, Базыль, Казімір, Ян і яшчэ адзін без імя (то бок 7 з 13 дарослых самцоў, якія былі зарэгістраваныя мінулай зімой ў мадэльнай частцы Налібоцкай пушчы), таксама як і дарослая рысіца Ядзьвіга зьніклі, то бок, напэўна, памерлі. Гэтакім чынам зь невядомай нагоды сярод дарослых рысяў пазьнікалі пераважна дарослыя самцы. Аж сем дарослых рысіц ня маюць пры сабе рысянятаў. Гэта былыя рысёвыя маткі Базыліха, Маланка, Пелагея, Максіміліана, Ярына, Вераніка ды Прыгажуня, то бок гэтакіх 7 з 12 наяўных дарослых рысіц. Усе яны спараваліся з самцамі пад час рысёвага юру. Базыліха і Максіміліана былі зафільмаваны з насмактанымі смачкамі, што сьведчыць аб тым, што яны мелі рысянятаў. Звычайна, то бок сярэднее шматгадавое значэньне, толькі каля 14% дарослых самак ня мелі рысянятаў.


Іншая праява заняпаду ў рысях зімою 2019-2020 гадоў ёсьць зусім малыя кодлы пры матках-рысіцах: у чатырох матак па аднаму рысяняці, а пры адной матцы два. Раней звычайна ў Налібоцкай пушчы пры матках-рысіцах было па 2 або 3, нават некалькі разоў было чатыры рысяняці. Што тычыцца толькі аднаго рысяняці пры матцы, то тое раней назіралася ня часта.


Дарослыя рысіцы без рысянятаў або з адным рысянём летам і ўвосені 2019 году.


Што ж гэтакае кепскае здарылася з рысямі ў Налібоцкай пушчы? Пэўна тое не клусаўніцтва рыся, бо гэта мажліва толькі з сабакамі, і мы бы тое заўважылі, бо амаль штодня бываем у лесе. Крыху дзівосна, што ніхто не знаходзіў памерлых рысяў. Толькі знойдзены дзьве апраўкі янотападобнага сабакі з поўсьцю рыся, то бок той янотападобны сабака харчаваўся на памерлым рысе. Па нашых прыблізных ацэнках у Налібоцкай пушчы летам й увосень гэтага году зьнікла (памерла) ня менш пяцідзесяці рысяў, то бок не гэтак шмат, каб знаходзілі іхнія трупы на вялікім абшары Налібоцкай пушчы. Цікава, што тая хвароба ад якой загінулі тыя рысі пераважна элімінуе дарослых самцоў і рысянятаў. Гэта відавочна не шаленства, бо мінулым цёплым сэзонам не было чуваць аб выпадках шаленства ў Налібоцкай пушчы. Наўрад ці хтось зможа вызначыць, што тое за хвароба, бо ў Беларусі гэтакіх адмыслоўцаў няма, прынамсі мы ня ведаем. Ды і каб ведалі, што тое за хвароба, то як яе прыпыніць? Трэба максымальна берагчы тых рысяў, што выжылі.



Відавочна хворы, змарнелы хваробай дарослы самец рыся. Худоба, частае мочаіспусканьне, адышка ды кан'юнктывіт зьяўляюцца тыповымі рысамі той хваробы, як тое відаць з фотаздымкаў.

334 views0 comments

Commenti


bottom of page