У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.
Як ужо паведамлялася ў папярэднім падзеле, што ў 1606 годзе ў лавецкай і лясной гаспадарцы Радзівілаў было ўтворана Дзялятыцкае падлавецтва з афіцынай і гаспадарскімі забудовамі ў Дзялятычах. Тагачасным ардынатам у Нясьвіжскім палацы быў Мікалай Крыштап Радзівіл па мянушцы Сіротка. Прызначыны ім Дзялятыцкі падлоўчы Вальдэмар Васілеўскі, азнаёміўшыся з пушчанскай рэчаіснасьцю падначаленых яму абшараў, справаздачыў генэральнаму лоўчаму ў Нясьвіж аб клусаўніцтвах і безгаспадарлівасьці ў абсягу пушчы пад Любчай і Дзялятычамі, якую тамака звалі як Любчанская пушча. У прыватнасьці ён паведамляў, што Любчанская пушча як аніякае іншае мейсца ў Радзівілаўскіх зямельных валоданьнях багата на сенажаці, але іх карыстае добра ўзброенае згуртаваньне шляхты з-за ракі Бярозы. Найміты-сяляне нарыхтоўваюць ды перавозяць сена ў прызначанае мейсца, а тыя злачынныя супольнікі ад Забярозаўскай шляхты кіруюць нарыхтоўкамі, забясьпечваюць збройную ахову пры перавозе і спажываюць прыбыткі. Ня грэбаюць яны забіць лася або зубра і нават часта тое робяць. Складанасьць перасоўваньня па гэтаму пераважна багеннаму тэрэну надта перашкаджае ахову пушчанскіх скарбаў і паімку гэтых клусаўнікоў.
Паступова пасьля шэрагу драматычных падзей з паімкай асноўнага з ласёвых клусаўнікоў і ўлучаным з гэтым збройным наездам на Дзялятычы тамака зьявіўся аддзел пяхотных жаўнераў і аддзел конных уланаў для навядзеньня патрэбнага парадку ды паімкі клусаўнікоў. Цалкам у Дзялятычах вайсковы аддзел стаў налічваць каля шасьцідзесяці жаўнераў. Гэтакім аддзелам відавочна магчыма было навесьці парадак у падлавецтве і выкараніць клусаўніцтва. Але было не зусім зразумела, як тое зрабіць, бо паўставала шэраг значных складанасьцяў і перашкод, а таксама бракавала ведаў аб тэрэне Любчанскай пушчы. Трэба было ведаць, як і калі ў ёй перасоўваюцца той клусаўніцкі аддзел узброенай шляхта і сяляне-найміты, дзе іхнія табарышчы ў тых пушчанскіх нетрах, а таксама хто з магнатаў можа даваць прыкрыцьцё той шляхце.
Акрамя того немалой перашкодай на шляху вылава клусаўніцкай банды з-за ракі Бярозы было адсутнасьць якіхсьці конаездных дарог, каб дабрацца да сьцежак таго варожага боку. Узгодна з папярэдняй выведкай, вываз сена й іншага з травяной багны Паўднёвае Ўюнішча вёўся ў бок або Бакштаў праз Паташню або на Дуды праз Чапунь. З Дзялятыч у той бок аніякіх дарог не было. Толькі з Любчы праз наплыўны мост ішла конаездная дарожына адразу на поўнач у бок Паўднёвага Ўюнішча, але праз вярсту яна збочвала направа ў паўночна-усходнім накірунку да гаёўні Бор, а таксама збочвала налева ў заходнім накірунку да гаёўні Сьліва. Больш Кішкавых гаёвень у Любчанскай пушчы не было. Ад тых гаёўных дарог да мажлівых шляхоў банды клусаўнікоў было напрасткі ня менш трох вёрст цераз нетравыя леса-багенныя варункі поўныя ветравалу. Паколькі напрасткі праз гэтакі складаны тэрэн прайсьці немагчыма то фактычна тое ўдвая далей. Акрамя таго ў незнаёмым высокадрэўным і завалежаным лесе ўзьнікаюць цяжкасьці арыентацыі. Гэта яшчэ балей ускладняе праход да мэтавага мейсца. Гэтакім чынам апынулася, што першай задачай на шляху вынішчэньня забярозаўскіх клусаўнікоў была пракладка да зімы конаездных дарог у пэўнае мейсца на ўскрайку багны Паўднёвае Ўюнішча. Чаму да зімы, бо было вырашана зьдзейсьніць арышт банды клусаўнікоў узімку, калі будзе ажыцьцяўляцца масавы вываз сена пад аховай таго шляхецкага аддзелу. Пракладку той дарогі трэба было зрабіць напрыканцы лета й увосень, калі пасьля сенакосу на Паўднёвым Уюнішчы будзе менш сялян-наймітаў, каб была менш верагоднасьць загадзя спудзіць тую клусаўніцкую банду.
Адначасова шэраг стральцоў і асочнікаў вялі выведку, дзе знаходзяцца асноўныя сенажаці са стажкамі сена, колькі іх, і дзе разьмеркаваны табарышчы касцоў-наймітаў. Гэтыя табарышчы знайшлі на выспах урочышча Высокая Града і выспах урочышча Курганы сярод часткі той вялікай багны пад найменьнем Краснае, а таксама на Галайбовай Градзе на заходнім рагу Паўднёвага Ўюнішча. Цалкам налічылі аж за трыста стажкоў сена на адонках, што складала бы да тысячы і балей вялікіх санных вазоў сена або коштам каля двух пудоў золатам. Кожнае табарышча мела некалькі буданоў для касцоў-наймітаў і адно больш утульнае жытло для шляхцічаў. На табарышчы ў Курганах па сканчэньню сенакосу жытлаваў толькі адзін селянін. Дзялятыцкія стральцы скруцілі яго і сталі дапытваць, пагражаючы рознымі карамі. Мужык апынуўся родам з суседняй з Любчай вёскі Сенна. Тамака жытлавала яго радзіна то бок жонка з дзецьмі. Той мужык быў прымушаны быць паведамляльнікам, а ў выпадку ягонай здрады пацярпела бы ягоная радзіна. То было добрай зарукай патрэбнай выведкі.
Таксама спэцыяльныя Дзялятыцкія выведнікі даведаліся, што тую клусаўніцкую банду складае дробная шляхта з Дудаў, Чапуні, Лугамовічаў, Бакштаў ды шэрагу буйных вёсак з-пад Ліды. Магнацкі род Пацаў, якія ў гэтым краі мелі значныя землі ў бок Ліды, быццам бы даў заруку падтрымкі той клусаўніцкай бандзе забярозаўскіх шляхцічаў на выпадак небясьпекі. У той час Пацы шмат варажбавалі з Радзівіламі і належылі да іншай магнацкай супольнасьці, якія спаборнічалі з Радзівіламі – некаранаванымі каралямі Вяліклітвы. Таму яны па-мажлівасьці падтрымлівалі любыя варожыя захады, якія маглі бы неяк аслабляць Радзівілаў ды чыніць ім усялякія перашкоды ў гаспадарчай дзейнасьці.
Выведнікі даведаліся, што збор і выправа таго шлыхецкага клусаўніцкага аддзелу адбываецца з Чапуні. У Чапуні знайшлі паведамляльніка, у якога часова забралі дачку ў закладнікі, каб той не здрадзіў. Было дамоўлена, што ягоны сын прыскача да Дзялятыч акружной дарогай праз Барава і Мікалаева з паведамленьнем, як тыя выедуць з Чапуні. На гэта яму быў дадзены добры скакавы конь. Таксама даведаліся, што тая клусаўніцкая банда ня толькі спажывае раскошныя сенажаці травянога багна Паўднёвае Ўюнішча, але і здабывае бяз літасьці ды ашчаднасьці ласёў, зуброў і баброў у краі ад ракі Бярозы і аж да вядомага Радзівілаўскага водступу ва ўрочышчах Казлоў Барок і Ліповіца пад Бродным, дзе мешкае сам Налібоцкі падлоўчы. Акрамя таго ў Чапунь штомесяц конна тралюецца шмат дубу з абалоннага лесу ракі Бярозы з былых Кішкавых зямель, а цяперака з валоданьняў Радзівілаў Дзялятыцкага падлавецтва.
У Дзялятыцкай афіцыне падлавецтва ды і ў Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў жахаліся ад гэтых рабаўніцкіх навін. Адылі трэба было ўсё трымаць употай, не сьпяшацца, добра падрыхтавацца і пакрыёма арыштаваць усю тую шляхецкую банду а тады можа, калі ўдасца, то ў ціхую зьнішчыць яе дазваньня. У Дзялятыцкім падлавецтве было меркаваньне, што багатыя й уплывовыя шляхцічы наўрацьці будуць займацца гэтакім рызыкоўным ды злачынным промыслам. Напэўна на тое наважылася дробная шляхта, каб не згалець і падтрымаць свае набыткі, рабуючы Любчанскую пушчу, якая кепска ахоўваецца. Таму тую банду, калі ўсё складзецца пакрыёма, то можна было, нічым не рызыкуючы, пазабіваць.
У Дзялятыцкам падлавецтве падрыхтаваліся годным чынам, ды ўсё з таго спрацавала добра і бяз збояў. З пачаткам зімы, як трывала замёрзла багна, Дзялятыцкі падлоўчы атрымаў паведамленьне, што шляхецкая клусаўніцкая банда выехала з Чапуні ў складзе пад дваццаць добра ўзброеных шляхцічаў. За імі павінна рухацца доўгая чарада конных саней за сенам ва ўрочышча Краснае на багне Паўднёвае Ўюнішча. Як усе тыя сенавозы даберуцца да табарышчаў на выспах ва ўрочышчах Курганы і Высокая Града, то тая шляхецкая ахова рушыць назад па сваім хатам на некалькі содняў. За той час сенавозы загрузяцца сенам, і тады тая ахова прыедзе зноў і ўжо гружаная чарада сенавозаў пад іхняй аховай будзе вяртацца за Бярозу.
Было вырашана пераняць тую банду пры вяртаньні яе без возьнікаў. Дзялятыцкія жаўнеры дабраліся да клусаўніцкага шляха акурат тады, як сенавозы кагадзе праехалі. На іхнім шляху на выяздзе з багны на сухадол зрабілі засаду, каб атачыць іх з усіх бакоў. Уланы павінны перакрыць дарогу сьпераду і ззаду, а пяхотныя стральцы будуць спыняць конных шляхцічаў стрэламі з бакоў. Усё атрымалася выдатна, як і плянавалі. Убачыўшы засаду з выехаўшых на дарогу ўланаў і пачуўшы стрэлы з бакоў, конная шляхта кінулася назад, дзе дарогу ёй перагарадзілі таксама ўланы. Шляхта ўступіла зь імі ў шабельную сечу, але ім было нялёгка перамагчы прафэсіўных рубакаў, якія маюць шматгадовую штодзённую вывучку сячыся на шаблях. Ніхто з шляхецкай банды не ўцёк. Каго не забілі на тым мейсцы, то паланілі. Далейшы іх лёс невядомы. Сьведак таму не было, але Пацы былі ў гневе і здагадваліся, як тое адбылося, бо возьнікаў сена прымусова накіравалі на Дзялятычы па пракладзенай дарозе. Пацы меліся адпомсьціць Радзівілам, але як пакуль ня ведалі.
Comentarios