top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Пчалярскія калоды ў Налібоцкай пушчы былі

Updated: Mar 7

У Вялікім Княстве Літоўскім - спадчыннай для Беларусі сярэднявечнай дзяржаве, бортніцтва або цалкам пчалярства было вельмі важлівым заняткам. Нездарма ў Статуце Княства гэтак шмат наддаецца ўвагі бортнаму заканадаўству. Значны развой пчалярства быў і ў Налібоцкай пушчы ў Радзівілаўска-Храпптовічскія часы ў XVI-XVIII стагодзьдзях. Заўжды ў лавецка-лясной гаспадарцы гэтых магнатаў, якія ў асноўным валодалі Налібоцкай пушчай, бортнікі былі аднымі з асноўных лясных службоўцаў. Бортніцкія веды і навыкі перанімалася досыць доўгі час. Таму гэтая прафэсія і занятак пераважна перадаваліся спадчынна. Магнацка-скарбовыя бортнікі мелі ўсялякія пашаноты і свайго роўню прывілеі. Бортнікі былі павінны даглядаць магнацкія борці (борць то паселішча пчолак у стаўбуры дрэва) ды калоды (калода то паселішча пчолак, што ўтворана ў частцы стаўбура таўстога дрэва). Гэтакая калода падвешвалася на жывое дрэва або ставілася долу. Бортнікі былі замацаваныя за скарбовымі пасекамі, якія складаліся з калод пры доле ў пеўным мейсцы і на дрэвах у навакольных лясох, а таксама шэрагу борцей. Большасьць як зямецкіх, гэтак і дрэўных калод разьмяркоўваліся недзе пры багенных травяных галявінах, дзе было шмат меданосаў. Напрыклад, у сярэдзіне XVII-тага стагодзьдзя толькі ў Налібоцкім падлавецтве Радзівілаў было каля 200 зямецкіх калодных вульлёў на чатырох пасеках, каля 460 калод на дрэвах і 52 борці, за якімі даглядалі тры бортніка. Напрыканцы XVIII-тага стагодьдзя тамака было 6 скарбовых пасек, на якіх налічвалася амаль што 500 зямецкіх калодных вульлёў, больш за 300 калод на дрэвах й 34 борці. У Налібоцкім падлавецтве Радзівілаў гэтакія пасекі напрыканцы ХVІІІ-тага стагодзьдзя існавалі пры даліне рэчкі Бойнай, пры даліне Вусы ў Кляцішчах, Бродным і Сьмейным, пры Валасеньскай галявіне ў Трасьцяніцы, а таксама пры даліне Ліпніцы ў Карыціцкім бару, ці Карыцішчы.


Гэтакая колькасьць калод у Налібоцкай пушчы сьведчыць, што ў XVII-тым і ХVІІІ-тым стагодзьдзях яны тамака знаходзіліся ледзь не паўсюдна асабліва пры травяных галявінах. Далей у сувязі з шматлікамі войнамі й іншымі ліхалецьцямі калоднае і борцевае пчалярства ў Налібоцкай пушчы напэўна зазнала не адзін пэрыяд заняпаду. Таксама на гэта безсумнёўна паўплывала вынайдаваньне рамавага вульля і гэтыя вульлі сталі хутка замяняць калодныя вульлі ў зямецкіх пасеках Налібоцкай пушчы.



Пчалярства ў Броднае ў 1950-я і 1960-я гады. Справа зямецкая пасека ў 1920-я гады.



Пчалярскія калоды ля Рудні Налібоцкай, 1983 год.


Але, ня гледзячы на ўсё гэта, нават у маю бытнасьць у Налібоцкай пушчы ў 1980-я гады пчалярскія калоды на дрэвах тамака былі звычайнай зьявай. Асабліва шмат (дзясяткі) іх было ў больш паўднёвых ўрочышчах Налібоцкай пушчы, гэтакіх як Сьмейна, Буды, Ліповіца, Броднае, Козі Брэх, Курганы, Камароўскія, Асовыя, Мільва-Бярэзіна, Малая Чапунь, Рабачова, Зялёнае. Немала было пчалярскіх калод і ў цэнтральнай частцы Налібоцкай пушчы, перш за ўсё ў Шубіне і Шубінскім Бары, Рудні Налібоцкай, Шафарні, Краснай Горцы і Свістуновай Градзе.


Потым недзе напрыканцы 1990-х гадоў усё гэта кудысьці зьнікла. Зьніклі яны ўсе да апошняй і напачатку 2010-х гадоў я ня ведаў тамака аніводнай пчалярскай калоды.






Пчэльныя калоды ва ўрочышчы Камароўскія, 1986 год.



Борць і пчэльныя калоды ў розных урочышчах Налібоцкай пушчы (Броднае, Панямонь, Буды, Баркі, Курганы) у 1980-я гады.



Пчэльныя калоды на памосьце ва ўрочышчы Сьмейнае ў 1987 годзе.

Пчаліныя калоды ў прынёманьскай пушчы (верагодна Налібоцкай пушчы), самы пачатак XX-тага стагодзьдзя. Фота ўзяты (перафільмаваны) з экспазыцыі ў Коласаўскім музэі ў Альбуці.




Толькі гадоў пяць таму адзін аматар борцевай справы Іван Мулін, што набыў хутар Жабрачыху, прывёз з Палесься ў Налібоцкую пушчу пад трыццаць ужываных пчалярскіх калод і пачаў з сябрамі ўсталёўваць іх на годныя дрэвы.




232 views0 comments

Comments


bottom of page