Мільва-Бярэзіна, або проста Мільва, або яшчэ раней Стара-Бярэзіна на берегах ракі Бярэзіны адчувальна ёсць мейсца досыць гістарычнае, але адшукаць досыць шмат цікавых сведчаньняў мінулага гэтай вёскі не ўдалося. Вядома, што Стара-Бярэзіна існавала з сярэднявечча і яна была вядомым лавецкім асяродкам у Вялікім Княстве Літоўскім. Акрамя ліцьвінаў тамака жылі татары. Асноўным заняткам ліцьвінаў былі асочваньне паляўнічых жывёл і забесьпячэньне ловаў, а таксама сплаў лесу пераважна дубоў, якімі поўнілася даліна Бярэзіны. Татары больш займаліся жывёлагадоўляй.
Да 1624 году Стара-Бярэзіна нейкі час належыла Радзівілам, і ў гэтым годзе Ежы Храптовіч купляе вёску ў Крыштапа Радзівіла. Шматлікія войны з Масковіяй, Швэцыяй, наезды магнацкіх міжусобіц даволі часта разбуралі мірнае жыцьцё й усталяваную гаспадарку Стара-Бярэзіны, таму значнага жыцьцёвага развою яна не набывае. У 1789 годзе ў Стара-Бярэзіне лічыцца ўсяго 18 двароў, а ў 1897 годзе гэта паселішча ўвогульле пераўтвараецца ў хутар з адным дваром і 8 мяшканцамі. Але ўжо адбудаваны фальварак новых гаспадароў Корвін-Мілеўскіх. Апошнім гаспадаром фальварка Мільва быў Іпаліт Корвін-Мілеўскі, які быў палітычным дзеячом у тагачаснай Расейскай імпэрыі, а потым у міжваеннай Польшчы на пазыцыях ліцьвінска-польскай краёвасьці, а таксама вельмі спраўным гаспадарнікам. Тутэйшым ягоным асноўным маёнткам былі Лаздуны, таксама Лугамовічы, тады як хутарская Мільва была больш дзеля адпачынку на ўлоньні маляўнічай прыроды і ловаў. Фальварак Мілеўскіх досыць хутка абрастаў людьмі, што патрэбны былі ў абслузе. У 1905 годзе тамака 36 жыхароў, а ў 1921 годзе 111 жыхароў. У межах савецкай Беларусі пасьля Другой сусьветнай вайны ў Мільва-Бярэзіне працуе калгас, пачатковая школа ў фальварку Мілеўскіх, ды крама. У 1970 годзе тамака налічвалася 115 мяшканцаў. Потым вёска пачынае занепадаць з-за высяленьня моладзі ў лепшыя варункі жыцьця ў месцы. У 1999 годзе тутай яшчэ ёсьць 27 жылых двароў і 53 жыхары, але ў 2010 годзе – усяго толькі 25 жыхароў. Цяперака сталых жыхароў удвая менш, і тое ёсьць маленькая вёсачка, але людзей тамака можна бачыць ўвесь час. У Мільва-Бярэзіне разгортваецца дзейнасьць буйной аграсядзібы дзеля адпачынку людзей з Менску і іншых месцаў Беларусі. Аграсядзібныя будоўлі заўважна пашыраюцца на былых землях вёскі па правым беразе Бярэзіны. Наведвальнікі, як відаць, там ёсьць, напэўна справы ідуць добра.
Рэшта парку фальварку Мілеўскіх з некалькімі магіламі іхняга роду ў Мільва-Бярэзіна. Фота 2020 году.
Я даволі часта вітаю ў Мільва-Бярэзіну. Вабіць мяне ў гэту вёсачку прыродна-этнаграфічнай маляўнічасьцю мейсца, пачуцьцё багацьця яе гістарычнасьці, а яшчэ й прывабнымі людзьмі. Калі я тамака бываю, то звычайна заходжу, або раней заходзіў у чатыры двары: да Ванды Календа, Юзіка Календы (брата Ванды), Ванды і Мечыка Пляхіных, ды Пятра Лянкевіча. Напэўна ўжо заўважылі, што ў параўнаньні з сучаснымі імёнамі людзей у Беларусі шмат якія з тамтэйшых імёнаў жыхароў Мільвы-Бярэзіны падаюцца не зусім незвычайнымі. Мне яны падабаюцца, нагадваюць мінулае, якім я цікаўлюся. Неяк я спэцыяльна занатаваў тыя імёны былых і яшчэ жывых міляўцаў са слоў Пятра Лянкевіча ды Ванды Календы. То былі Альбін, Вольга, Ванда, Міра, Ванда, Хруль, Мечык, Ядзьвіга, Антось, Франс, Валя, Міхась, Зося, Владэк, Магда, Ганна, Лёня, Анця, Эдзік, Ленард, Казімір, Марта, Зося, Болесь, Юзэфа, Геня, Юзаф, Генуэфа, Амэля, Ксавэры, Эміля, Броня, Сяргей, Ян, Ірэна, Іван, Эва, Пелагея, Валя, Вольга, Пётр, Міхась, Маня, Яніна, Маня, Гэля, Міхаліна, Алена, Ядзьвіга, Надзя, Базыль, Тацяна, Геня, Віця, Маня, Яніна, Марьян, Марыля, Натальля, Юзаф, Ядзьвіга, Фёдар, Алесь, Вайцех, Богдан, Васіль, Яцэк, Бронік, Марцін, Казімір, Ганна, Валерьян.
Прыгожая хата і двор Ванды і Мечыка Пляхіных у Мільва-Бярэзіне. Пасьля іхняй сьмерці хата апусьцела, дзеці бываюць зрэдку. Калісьці напрыканцы 1990-х Пляхіны частавалі нас хатняй гарэлкай. Не перабольшваю, што лепшай, смачнейшай гарэлкі чымся ў Пляхіных паспытаць балей не давялося.
На фотападборцы ніжэй пададзена радзіна Ванды Календа, што мае чатыры спраўных сына і дачку. Ейны мужык Франак памёр зарана, але дзякуючы сынам, іхняя хатняя гаспадарка заўжды ў добрам стане. Усе яны людзі надта дабразычлівыя і гасьцінныя. Заўжды асалода да іх завітаць. На ніжніх фота Ванда з сяброўкай Мірай. У Першую сусьветную вайну расейска-нямецкі фронт тры гады стаяў пры Бярэзіне. Таму не дзіва, чаму гэтак шмат блёкаў з нямецкіх бункераў ужыта на панадворку Календаў. Асабліва ўражвае ўжытак тых блёкаў у піўніцы, або скляпеннай варыўні, то бок па-тутэйшаму кажуць на склеп з бульбай і іншымі харчовымі прыпасамі.
Хутар Юзіка Календы каля Мільва-Бярэзіна, то хата ягоных бацькоў, якая захавалася праз Другую сусьветную вайну. Фота 2020 года.
Сялянскія цікавосткі на падворку Хруля ў Мільва-Бярэзіна: маяк дзеля захаваньня сена, конскі воз на драўняных колах і вяндляльня. Фота 2004 і 2006 гадоў.
Бортнік Пятро Лянкевіч ў Мільва-Бярэзіна. Фота 2013 года за выняткам ягонага партрэту 1980-х гадоў.
Comments