top of page

Налібоцкае каштоўнае шкло, што было патоплена ля мосту праз Краманіцу

Writer's picture: Vadim SidorovichVadim Sidorovich

У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.


На рэчцы Краманіца непадалёку ад возера Кромань ёсьць урочышча Шкляны мост. Заўжды тамака быў мост праз Краманіцу. Я памятую той драўняны мост з 1970-ых гадоў, калі мой бацька браў мяне малога пажыць каля гэтага возера і парыбачыць у тых мясьцінах. Канчатковае разбурэньне таго маста ва ўрочышчы Шкляны Мост адбылася ў 1990-ых гадох, але яшчэ ў 2000-ых гадох былі бачны маставыя палі ды лагі.

Чаму гэтакі дзіўны назоў мела тое мейсца. На гэты конт я чуў і нават чытаў шэраг вэрсіяў.


Пэўныя падзеі адбываліся тамака недзе напрыканцы XVIII-ага стагодзьдзя. Гісторыя зводзіцца да таго, што каля таго мосту ў рэчцы Краманіца было патоплена даволі шмат каштоўных шкляных вырабаў з Налібоцкай шкляной гуты. Тая гута выпускала больш за сто гатункаў высокамастацкіх вырабаў у тым ліку жырандолі і падсвечнікі, шклянкі, чаркі, келіхі, бутэлькі-штофы, шкляныя дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло ды шмат чаго яшчэ.


Шкляныя вырабы вывозіліся з гуты ў трох асноўных накірунках: на Нясьвіж і Стоўпцы, на Любчу і Наваградак, а таксама на Івянец, Ракаў ды Менск. Той шлях ад Налібак да Любчы і далей на Наваградак пралягаў праз рэчку Краманіцу і то бок па тым мосьце цераз Краманіцу.

Дык вось адна выказаных вэрсій кажа, што нейкі габрэйскі гандляр з Любчы накупіў на гуце шмат шкляных вырабаў, каб даражэй спрадаць іх у Любчы на кірмашы. Ён пагрузіў зашмат шкла на фурманку, а той мост ужо даўно не рапараваўся. Таму той перагружаны воз і кульнуўся на тым лядашчым мосьце. Усё дарагое шкло апынулася ў раце.


Другая гісторыя кажа, што Радзівілаўскі гутны працаўнік вёз шкляныя вырабы да Наваградку ў суправаджэньні Радзівілаўскага ваўскоўца. Той вайсковец адлучыўся акурат незадоўга да пераезду таго мосту цераз Краманіцу. А тамака на коней напалі ваўкі. У выніку той воўчай атакі і коні і воз са шклянымі вырабамі апынуліся ў Краманіцы. Потым, як адбіліся ад ваўкоў, той гутны працаўнік з вайскоўцам няшмат цэлага шкла дасталі з рэчкі.

Усё гэта так магло і быць і першае і другое. Шкляная гута ў Налібоках працавала больш за сто гадоў дакладна з 1717 году па 1866 год. То бок па той дарозе шкляныя вырабы вазілі да Наваградку і Любчы а можа і далей сотні а напэўна і тысячы разоў. Мяркуецца, што тамака Налібоцкае шкло падала гэтак або інакш з мосту ў Краманіцу дзясяткі разоў. Таму сярод тамтэйшых людзей цьвёрда ўсталяваўся тое найменьне Шкляны Мост.


Яшчэ стала вядома, што недзе ў сярэдзіне 1920-ых гадоў сын Гутмана – уладальніка польскай лесанарыхтоўчай кампаніі «Svierk», з наймітамі не адно лета шмат капаў пры тым мосьце, шукаючы Налібоцкія шкляныя вырабы. Той Гутманаўскі сын на імя Тодар шукаў іх і ў рацэ і пры беразе, а таксама ў багавіньні рачной абалоні. Тамака ён насамрэч знаходзіў нямала Налібоцкіх шкляных вырабаў і іх рэштаў. У яго была цэлая значная калекцыя гэтакіх знаходак, якія ён быццам бы зыскоўна спрадаў у сярэдзіне 1930-ых гадоў да нейкай прыватнай калекцыі ў Нямеччыне.

114 views0 comments

Commentaires


Join our mailing list

© 2018-2023 by Irina Rotenko & Vadim Sidorovich. All photographs appearing in the site are the exclusive property of their owners and may not be copied or used in any way without the authors' permission.

bottom of page