top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Мядзведзь у Налібоцкай пушчы знікае

Updated: Aug 28

Сааўтар Ірына Ратэнка


Яшчэ некалькі гадоў таму, параўноўваючы памеры знойдзеных адбіткаў лап мядзьведзяў, а таксама з матэрыялаў фільмаваньня мядзьведзяў фотапасткамі мы прыходзілі да высновы, што ў Налібоцкай пушчы жыве 8-12 іх асабін на тэрэне ў дзьве тысячы квадратовых кілямэтраў. Тое значна цешыла нас, што вось нарэшце гэтая любая пушча зноўку набывае аднаго са спрадвечных гаспадароў яе нетраў.




Адылі вось радавацца прыйшлося нядоўга. Апошнія гады мядзьведзь пачаў зьнікаць з Налібоцкай пушчы. Увесну і ўлетку гэтага 2024 году мы выдаткавалі шмат намаганьняў па пошуку, дзе ж засталіся тутай апошнія мядзьведзі. Вызначылася наступнае.


Мы змаглі знайсьці толькі чатыры асобіны. Кожны з тых мядзьведзяў у сваім штодзённым перасоўваньні паступова пакрывае плошчу ў 400-600 квадратовых кілямэтраў. Гэтыя вызначаныя мядзведзі жытлавалі ў наступных часьцінах Налібоцкай пушчы: (1) ад Іслачы ва ўрочышчы Нізкі Бор да Волькі ва урочышчах Ялоўка і Таварышчына; (2) ад ракі Бярозы ва урочышчы Пяшчаны і да Карыцецкага Бору; (3) паўночнее вёскі Рассолішкі ў асноўным каля Вялікай Амшары; (4) ад урочышч Шубін, Буды й Ямнае і на паўднёвы ўсход да ўрочышч Галянёва і Сьвяты Калодзеж. Магчыма дзе-колечы мы мінулі але ня больш аднаго мядзьведзя. Разам з гэтым невялікім сумлевам, ёсьць іншы сумлеў і ў іншы бок. Магчыма мядзьведзяў у Налібоцкай пушчы нават менш чымся чатыры, бо мядзьведзі (1) і (2) можа ёсьць усё той жа адзін асобнік. Да таго мядзьведзь (4) пасьля траўня балей не рэгістраваўся ані па тропах ані фотапасткамі. Мажліва, што ён сышоў некудь у юр (травень-чэрвень) і балей назад не вярнуўся.


Гэтакім чынам мядзьведзяў у Налібоцкай пушчы цяперака ад 2 да 5 асобін і па-ранейшаму няма размнажэньня. Ня берымся дакладна казаць чаму тое здарылася, але паступовае зьнікненьне мядзьведзя ў Налібоцкай пушчы выклікае немалую шкадобу.

65 views0 comments

Comments


bottom of page