Баркі ў цэнтральна-паўднёвай частцы Налібоцкай пушчы да асушальнай меліярацыі 1960-1980-х гадоў былі ледзь ня самымі цяжкадасягальнымі хутарамі і адпаведна нетраным лясным урочышчам. На захад і на поўдзень у бок Любчы і Купійска прасьціралася непралазнае і непраезнае конна раскошнае травяное багна Паўднёвае Ўюнішча з рэчкай Быстрая, а па-ранейшаму дык Вуса (тады як тая Вуса што пад Кляцішчамі па-ранейшаму звалася Вушою). Хто ўнёс гэтую блытаніну ў найменьні гэтых рэчак невядома. На поўнач было таксама тое ж балота, але тамака пралягала малапраезная конскім возам грэбля ў бок хутароў Красная Горка, Шубінскі Бор, а там і да вёскі Кляцішча было ня гэтак далёка. Але тая грэбля большасьць часу была зачынена для баркоўцаў з-за немажлівасьці праехаць паўз яе, бо занадта высокая вада ў Паўднёвым Уюнішчы. Асноўнай дарогаю, што лучыла Баркі з вонкавым сьветам была гэтакая на Буды, а там да Кромані й на Налібакі. У Будах можна было павярнуць на поўдзень на Броднае, а адтуль дабрацца да Купійску або Любчы. Ва Ўстрынь-Баркі пад Кроманьню зноў можна было павярнуць на поўдзень, каб дабрацца да Шчорсаў. Але ўсё тое былі далёкія пуцявіны й шмат дзе па цяжкапраезным дарогам.
Гаёўня Баркі зьяўляецца даволі старажытнай і была заснавана ў Радзівілаўскай леса-лавецкай гаспадарцы яшчэ напрыканцы XVI-тага стагодзьдзя. Пры Радзівілах тамака мешкалі 3-5 радзін лясных службоўцаў, бо побач у бок Броднага быў водступ (мейсца рэгулярных магнацкіх ловаў, дзе прыроднае асяродзьдзе было пад пільнай аховай). З таго ў лавецкай гаспадарцы Радзівілаў тая лоўчая мясцовасьць зьяўлялася надта важлівай. У Бродным прынамсі з канца XVI-тага стагодзьдзя і па сярэдзіну XVIII-тага стагодзьдзя пражываў падлоўчы ад Налібоцкага лавецтва Радзівілаў.
Потым як і шмат якія іншыя гаёўні той мясцовасьці гэтакія ў Барках слугавалі ў адпаведнай гаспадаркі Вітгенштейна, потым гэтакай Фальц-Фейна, потым ад Польскіх уладаў, потым у Савецкай Беларусі.
Пад час Другой сусьветнай вайны людзкое паселішча Баркі было спалена немцамі летам 1943 году. У той час у Барках было тры двары. На поўначы ўрочышча пры дарозе на Красную Горку каля самой багеннай галявіны на грудку быў двор радзіны Фарботкаў. Тое мейсца так і называлі Фарботкаў груд.
Падобна пры багеннай галявіне але з заходняга боку было два двары Макоўскіх і Сацэвічаў. Хата люднай радзіны Сацэвічаў была адмыслова вялікай і дасканалай. Яна была прыгожа збудавана з таўстых дубовых бярвеньняў і мела шыкоўны трысьняговы дах. У той хаце было аж дванаццаць пакояў. Але на шляхецкі фальварак даваенны двор Сацэвічаў падобны ня быў. Тамака ўсё было падпарадкавана цяжкой сялянскай працы.Адпаведна было шмат іншых гаспадарчых будынкаў. Па словах Сацэвічаў, немцы, як палілі тую хату, аж неяк шкадавалі, што зьнішчаюць гэтакую адмысловую будыніну.
Недзе ў кілямэтры ад Сацэвічаў па дарозе на Буды стаяла гаёўня Лукашэвічаў. Тое было першапачатковае мейсца Радзівілаўскіх гаёвень, тады як першыя два апісаныя хутары з Баркоў узьніклі пасьля Напаліёнаўскай ваеннай кампаніі. Тым часам сэквэстраваныя землі Дамініка Радзівіла (які ў той вайне падтрымліваў Напаліёна і загінуў) сталі распрадавацца, а таксама раздавацца заслужаным расейскім вайскоўцам, якія ў сваю чаргу распрадавалі тыя набытыя землі. Фарботкі, Макоўскія і Сацэвічы куплялі зямлю ў Барках недзе ў 1820-я гады й карчавалі лес пад свае двары і палеткі. Род Лукашэвічаў паходзіў з ранейшых лясных службоўцаў яшчэ ад Радзівілаў і на той час жыў у Барках.
Пасьля Другой сусьветнай вайны толькі Сацэвічы аднавілі свой двор у Барках, які зьнік у 1990-х гадох. Тады Сацэвічы выбраліся на жыцьцё ў вёску Бор.
Баркоўскія водступныя ледзь не пярвотныя лясы з большага захаваліся да сярэдзіны 1980-х гадоў. То фота 1984 году. Цяперака якісьці каштоўны стары лес тамака застаўся, але гэта зусім ня тыя старасьвецкія лясы, што тамака былі аж да 1980-х гадоў.
Фота радзіны Сацэвічаў у Барках, фота зроблена напрыканцы 1940-х гадоў. Справа стаіць сын Іван Сацэвіч, а праваруч ад яго ягоныя бацькі (Павал і Вольга). За імі часовая невялічкая хата, якую яны збудавалі ў 1944 годзе ў Барках па адыходу немцаў. На левым фота Іван Сацевіч у Барках каля сваёй хаты, 1973 год. Фота з калекцыі Жоры Сацэвіча.
На фотаздымках зьлева направа і зьверху ўніз: (1) кіруе канём Іван Сацэвіч, за ім жонка Тацьцяна, ззаду сядзіць брат жонкі Якаў, а таксама яе сястра Ніна з дзецьмі, Купійск, пачатак 1960-ых гадоў; (2)Тацьцяна Сацэвіч з сястрой Нінай, канец 1950-ых гадоў; (3) браты Іван і Толік Сацэвічы ў Купійску, 1955 год; (4) бацька Тацьцяны Міхась Буцкевіч, 1930-ыя гады; (5) Іван Сацэвіч у Барках, 1950-ыя гады; (6) Ермакоў Аляксандр, Сацэвічы Аляксандр і Жора у Барках, 1960-ыя гады; (7) Жора Сацэвіч, канец 1970-ых гадоў; (8) зьлева Ціна - сястра Павала Сацэвіча, справа другая сястра - Павала Вольга, а ў цэнтры Вольга Сацэвіч - жонка Павала.
Comments