Гэтым пастом блогу мы адчыняем рубрыку аб чымсці выбітных людзкіх паселішчах Налібоцкай пушчы ў адпаведнасці з аўтарскімі крытэрыямі як тое звычайныя цікавосткі лякальна гістарычнага і этнаграфічнага кшталтаў. Прынамсі на сёньня заплянаваны ілюстраваныя аповеды аб Галяндэрні, Паташні, Навусьці, Валяватцы, Кляцішчах, Барсучэ, Мільва-Бярэзіне, Бродным, Рудзьме, Сіняўскай Слабадзе, Яськава, Козьліках, Будах, Малой Чапуні, але гэты першы аповед даецца пра найбольш выбітную ва ўяўленьнях аўтараў вёску Рудню Налібоцкую.
Ужо ў XVII стагодзьдзі на тэрэне Налібоцкай пушчы каля ракі Вуса навакольныя людзі здабывалі балотную жалезную руду й на маленькіх домнападобных печах выплаўлялі з яе жалеза ў досыць значных аб’ёмах. Гэтак тамака ўзьнікла людзкое паселішча, якое звалася Рудня або Рудніца. Дык вось у Рудні, дзе ўжо быў немалы досьвед здабычы жалеза з балотнай руды, а таксама ўсё патрэбнае было недалёка Радзівілы недзе ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя ўтвараюць мануфактуру дзеля больш спраўнай здабычы жалеза палепшанай якасьці. Гэтую мануфактуру сталі клікаць жалезная гута, ці адлеўня па найменьню Марыя Вады (або Марыя Водна), а мейсца Рудняй Налібоцкай. Адпаведна тамашняе невялічкае людзкое паселішча хутка павялічваецца ў памерах, бо патрэбны працаўнікі. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя пры ўладараньні Налібокамі Пятра Вітгенштэйна, жалезная гута ў Рудні Налібоцкай разбудавалася. Акрамя таго была пабудавана яшчэ адна больш тэхналягічная ліцейня ў вёсцы Кляцішча, што напрасткі мейсцілася ў 6 км на паўднёвы захад ад Рудні Налібоцкай, углыб пушчанскага тэрэну. Але аб гэтым распавядзём больш падрабязьней крыху далей, а напачатку хацелася бы пазбавіцца ад адной блытаніны, якая пануе ў адпаведных інфармацыйных крыніцах.
Гэты мэталюргічны завод Рудня Налібоцкая – Кляцішча з асноўнай афіцынай у Налібоках, як тагачасным цэнтры валоданьня й кіраваньня гаспадаркай Налібоцкага тэрэну, пераважна называюць Налібоцкім і некаторыя мяркуюць, што ён мейсціўся недзе ў ваколіцах гэтага мястэчка. Але гэта зусім ня так. Раней яго насамрэч нярэдка й называлі Налібоцкім, бо афіцына была ў Налібоках і мейсціўся ён на землях, кіруемых адтуль. З таго ён і часам прыгадвацца ў расейскіх эканамічна-статыстычных справаздачах як Налібоцкі. Адылі, у саміх Налібоках параўнальна тэрмінова існавалі толькі адносна невялікія жалезныя гуты дзеля лякальных патрэб, а не буйная па тагачасным меркам жалезная індустрыя, як то ў Рудні Налібоцкай, ды Кляцішчах. Да й адпаведных варункаў забесьпячэньня гэтакай вытворчасьці ў Налібоках не было. Перш за ўсё, маецца на ўвазе адсутнасьць досыць плыннай ракі, бо Лебяжода, што цячэ праз Налібокі, была відавочна малой дзеля гэтакай вытворчасьці. Акрамя таго адлегласьць рудных радовішчаў была занадта вялікай, бо Налібокі мейсьцяцца ўжо на схілах Менскага ўзвышша па-за межамі Налібоцкай нізіны, але толькі ў гэтай нізіне балотная руда была ў наяўнасьці больш менш паўсюдна. Таксама ў Налібоках і іхніх ваколіцах няма й рэштаў існаваньня гэтакага заводу, як і тамтэйшыя людзі нічога аб гэтым не ведаюць, або зусім блытаюцца ў адказах на падобныя пытаньні. Напроці, у Рудні Налібоцкай ды Кляцішчы гэтыя прыкметы відавочны й шмат хто ведае, дзе разьмяркоўваліся тыя жалезныя гуты. Гэтакім чынам увесь ніжэй дадзены аповед пра Налібоцкі мэталюргічны завод тычыцца адпаведных прадпрыемстваў у Рудні Налібоцкай і Кляцішчах.
Гэтакім чынам чытач ужо заўважыў, што аповед пра Рудню Налібоцкую будзе шмат у чым лучыцца з гэтакім аб Кляцішчах і тое самае будзе наадварот. Акрамя таго распавесьці аб гэтай пушчанскай вёсцы, як і аб нейкай іншай, гэта значыць перш за ўсё распавесьці аб дзейнасьці ейных жыхароў. У выпадку Рудні Налібоцкай, або недалёкіх Кляцішчаў гэта азначае, што аповед будзе шмат у чым аб жалезнагутным промысле, але й ня толькі аб гэтым.У 1849 годзе праз пасаг Стэфаніі Радзівіл Налібоцкімі абшарамі авалодвае Пётр Вітгенштейн. Гэты новы гаспадар Налібоцкага тэрэну распачынае дабудову жалезнай гуты ў Рудні Налібоцкай і будаваньне больш тэхналягічнага мэталюргічнага заводу ў вёсцы Кляцішча. Асноўныя будынкі на абедзьвюх жалезных гутах былі мураваныя і складаліся з каменнага муру й цагляных сьцен. Дахі абодвух гутных будынкаў былі зроблены з жалезнага гонту. Пры гутных будынках былі вялікія коміны, якія ўзвышаліся на іх дахам прыблізна на 3-6 мэтраў. Адны коміны былі даволі тоўстыя ад доменных печаў, другія значна меншага дыямэтру, верагодна, ад пулдінгавых печаў. Напрыклад, першапачаткова ў Кляцішчах былі адзін тоўсты й два тонкіх коміна. У 1850-х гадох разам на жалезаліцейнай вытворчасьці ў Рудні Налібоцкай і Кляцішчах звычайна працавала больш за 200 чалавек.У гэтым ліку былі не толькі працаўнікі, якія забясьпечвалі выплаў жалеза, жалезныя вырабы й іхні збыт, але й здабычу балотнай руды й часам дравеснага вугалю. Напачатку тамака працавалі нямецкія мэталюргічныя адмыслоўцы, што былі спэцыяльна запрошаны на працу, каб наладзіць выплаў жалеза. У пэрыяд найбольшага развою ў 1860-х і 1870-х гадох разам на абодвух прадпрыемствах актавалі тры доменныя печы, 8 пудлінгавых печаў, пракатны стан і шмат іншага тагачаснага мэталюргічнага абсталяваньня. Механічны рух на абодвух жалезных гутах забясьпечваўся адмысловым варатным колам 3-4 мэтры дыямэтрам. Гэта кола па пэрымэтры мела лопасьці, у якія яго штурхала цякучая вада. Каб паток быў больш моцны, на рацэ рабілі даму, а ў ёй мураваную пратоку. Гэтакай ракой у Рудні Налібоцкай была Вуса, а ў Кляцішчах – Рэчыца. Механічны рух перш за ўсё быў патрэбен дзеля няспыннай падачы паветра ў плавільныя печы (г.зн. доменыя ці пулдзінгавыя печы). Акрамя таго мэталюргічны працэс вымагаў шмат вады. Таму наяўнасьць пры жалезнай гуце нейкага става было неабходным. Стаў у Рудні Налібоцкай на Вусе быў параўнальна вялікім – недзе 20-30 гэктараў. Колькасьць нанятых працаўнікоў часам павялічвалася да 500 чалавек. На Кляцішчанскім заводзе быў буйны молат, які звалі Квеч, што пляскаў жалеза на розныя тэхналягічныя патрэбы. Штогод выплаўлялася з балотнай руды да 500 тысяч пудоў чыгуну. Напрыклад, у 1863 годзе цалкам на мэталюргічным заводзе Рудня Налібоцкая-Кляцішча выплаўлялася 60 тысяч пудоў недаапрацаванага жалеза, 10 тысяч пудоў чугуну й 115 тысяч пудоў пулдзінгава жалеза палепшанай якасьці. Прадпрыемства ў Рудні Налібоцкай не было здольнае да выпрацоўкі якаснага жалеза, таму адтуль амаль што ўсе выплавы адпраўлялі на больш тэхналягічную гуту ў Кляцішча. Дастаўка выплаваў з Рудні Налібоцкай ў Кляцішча спачатку ажыцьцяўлялася толькі конным цягам на адмысловых вазах па спэцыяльна адбудаванай дарозе даўжынёй каля 7.5 км. У гэтакія вазы запрагалася ад двух да чатырох цяглавых коней. Дзесяцігодзьдзе пазьней быў адбудаваны й водны шлях, які складаўся з рэчышча Вусы на пачатку, а потым праз чатыры кілямэтры ад яе рэчышча праставаў досыць водны канал даўжынёй каля 3 км. Дастаўка выплаваў па каналу ажыцьцяўлялася спэцыяльнымі баркамі.
Балотную руду здабывалі спачатку толькі ў даліне Вусы ў навакольлях Рудні Налібоцкай і Кляцішча. Потым, як скарысталі тамака асноўныя яе залежы, здабыча балотнай руды пасунулася на некалькі кілямэтраў далей: ва ўрочышча Шубін з Кляцішчаў і ва ўрочышча Гразнае Балота з Рудні Налібоцкай. Капалі балотную руду па прастакутніку прыблізна 10 м даўжынёй на 6 м шырынёй, які называлі выгранкай. Гэтакая выгранка звычайна рабілася тамака, дзе рудныя залежы разьмяркоўваліся стала. У тых мейсцах, дзе балотнай руды было ня так шмат і яна разьмяркоўвалася фрагмэнтарна, адпаведна ўтвараліся няроўныя ямы гэтакім чынам, як і распаўсюджваліся рудныя залежы. Пазьней, калі ў ваколіцах жалезных гутаў рудныя запасы з большага скончыліся, балотную руду пачалі здабываць ва ўрочышчах Крывуха й Карыцішча (3-5 км ад Кляцішчаў дарогай), Гала Балота й Краснае (11-14 км ад Кляцішчаў дарогай), абапал рэчкі паўднёвай Каменкі (6-8 км ад Кляцішчаў дарогай), абапал рэчкі Ізьлядзі (4-7 км ад Рудні Налібоцкай дарогай), ва ўрочышчах Рыгораў Барок і Калюгі (4-6 км ад Рудні Налібоцкай дарогай), абапал рэчкі паўночнай Каменкі (6-8 км ад Рудні Налібоцкай дарогай) і абапал рэчкі Сівічанка (больш за 10 км ад Рудні Налібоцкай дарогай).
Непадалёк ад мейсцаў здабычы балотнай руды у мулёрах (навал дрэўны, што абсыпаны зямлёй) выпальвалі дрэўну на дравесны вугаль, што патрэбен быў пры выплаўцы жалеза. Гэтакае суседства па здабычы жалезагутнай сыравіны тлумачыцца наяўнасьцю дарог, якія цягнулі ў мейсца здабычы балотнай руды ад саміх гут. Падвоз балотнай руды да мэталюргічных заводаў забясьпечваўся спэцыяльнымі вазамі, што былі запрэжаны ў некалькі коняў, або валоў. У 1860-х гадох дзеля палягчэньня здабычы й падвозу балотнай руды з урочышч Шубін і Гала Балота – Краснае, а таксама адвозу жалеза й жалезных вырабаў да Нёмну капаюцца два каналы: Шубіна-Нёманскі й Жоўта-Нёманскі. Гэтыя досыць водныя каналы прабіваюць спраставаны водны шлях праз пушчанскую багенна-лясную неруш. Яны забралі ваду з Вусы дазваньня й ейнае старарэчча пачынала заўважна цячы толькі пасьля далучэньня паўднёвай Каменкі. Шубіна-Нёманскі канал быў прарыты ў паўднёва-заходнім накірунку да Галяндэрні й Купійска. Ён шмат дзе пралягаў па даліне Вусы праз урочышча Шубін, але ў ніжнім цячэньні мінаў паўднёвую рачную дугу ва ўрочышчах Буды й Сьмейнае й праставаў да Нёмну праз багенныя чорнаалешнікі паміж урочышчамі Ялоўка й Казлоў Барок. Трывалай конаезднай дарогі ўсьцяж гэтага канала на большасьці ягонага цёку не было. Жоўта-Неманскі канал быў пракапаны амаль што ў заходнем накірунку (крыху на поўдзень) да мястэчка Любча, што стаіць на беразе Нёмну. Гэты канал быў пракапаны па даліне рэчкі Жоўтай, якая марудна цякла ў супрацьлеглым накірунку да Вусы па амаль што плоскай лагчыне, што звалася Карыцішчам. Потым Жоўта-Неманскі канал уваходзіў у багенны масіў Гала Балота-Краснае-Казялец, дзе ўжо сьцёк вады быў у патрэбным накірунку. Уздоўж Жоўта-Неманскага каналу была адбудавана трывалая конна-ездная дарога. Абодва каналы заўважна паменшылі воднасьць навакольных багнаў й далі значную палёгку ў распрацоўцы балотнай руды ў адпаведных рачных далінах і багнах, а таксама аблегчылі дастаўку балотнай руды на жалезныя гуты. Акрамя жалезагутных спраў Шубіна-Нёманскі й Жоўта-Нёманскі каналы слугавалі шляхамі сплаву дрэўны, на які таксама працавала шмат людзей з Рудні Налібоцкай і Кляцішчаў.
Будаўніцтва й функцыяваньне жалезных гут у Рудні Налібоцкай і Кляцішчы, Шубіна-Нёманскага й Жоўта-Нёманскага каналаў ажыцьцяўляліся за кошт уладальнікаў: сьпярша Пятра Вітгенштэйна, а потым ягонай дачкі Марыі Гонгелоэ. Але ў 1890-х гадох пачаўся эканамічны заняпад гэтай гутнай справы з-за цяжкай канкурэнцыі з больш таннай прадукцыяй мэталюргічных заводаў Данбаса, Урала і іншых прамысловых рэгіёнаў тагачаснай Расеі. Каналы ў занядбаным стане былі прададзены некаму Жыгмунту Ваяводскаму, які наладзіў інтэнсіўны сплаў дрэўны да Нёмну й далей у краіны заходняй Эўропы. Дзеля гэтай мэты ім і ягонай гаспадарчай суполкай таксама было куплена шмат лясоў на прыканальных навакольлях. Пад гэты час было зьнішчана немала пярвотных пушчанскіх лясоў. Жалезныя вырабы й проста жалеза ў слітках ад мэталюргічных гут у Рудні Налібоцкай і Кляцішчах было надта дарагім з-за дарагой здабычы балотнай руды на адлеглых багенных тэрэнах і з-за адноснай дарагоўлі пры куплі дравеснага вугалю, ці нарыхтаванай дрэўны ў лясной гаспадарцы ўсё таго ж Жыгмунта Ваяводскага. Вытворчасьць жалеза на гутах штогод меншала й недзе ў 1900-1904 гадох буйная вытворчасьць жалеза была спынена. Гута ў Рудні Налібоцкай перастала функцыянаваць зусім, а ў Кляцішчах невялікія памеры выплаву жалеза й жалезных вырабаў для лякальных патрэб адбываюцца й надалей - па некаторым сьведчаньням да паловы 1930-х гадоў. Мэталюргічнае абсталяваньне з абодвух гут было спрадана й вывезена (з Рудні Налібоцкай па Жоўта-Неманскаму каналу й Нёмну ў Гародню). Засталіся вялікія па таму часу гутныя будынкі й яшчэ большыя горы шлакаў, ці цындры па-пушчанскаму. Гэтыя навалы шлакаў у 1920-1940-х гадох былі 1-5 мэтраў вышынёй і займалі плошчу каля двух гэктараў у Кляцішчах і каля аднаго гэктару ў Рудні Налібоцкай.
Па зьнікненьню жалезнай гуты, ці Марыі Воднай у Рудні Налібоцкай амаль што кожная з шматлікіх радзін гэтай мэталюргічнай слабады апынулася ў цяжкім стане дабрабыту. Без працы засталося каля 200 чалавек. У якасьці кампэнсацыя звольненыя атрымалі па восемь акраў (недзе каля 3.2 гэктара) пахатнай зямлі на неўрадлівых навакольных глебах. Тыя радзіны, што мелі грашовыя накапленьня сталі купляць кавалкі зямлі па навакольных пушчанскіх абшарах пад зьвядзеньне лесу пад пашу й ворыўныя землі. Напрыклад радзіна вядомых жалезнагутнікаў Клацкевічаў купіла пляц ва ўрочышчы Сьетрышча. Будынак былой жалезнай гуты разам з гутным ставам быў куплены некім Яцэкам Гурвічам. Новы гаспадар перабудаваў гутны будынак у вялікі млын. Таксама на беразе става Гурвіч паставіў працоўню па вырабу тканіны ручной працы, якая атрымала назоў Валюш. Функцыянаваньне млына й суконнай мануфактуры дала працоўныя мейсцы для многіх жыхароў Рудні Налібоцкай, што было надта істотна для выжываньня гэтай неаграрнай вёскі. Увесну 1931 года палавень значна парушыла даму й вялікі стаў зьнік назаўсёды. Аднаўленьне дамы напоўніцу было непамернай дарагоўляй. Таму дама была адноўлена часткова, каб утварыць падпор вады, які быў бы до дзеля функцыянаваньня млыну. У 1933 годзе будынак млыну пагарэў, але Гурвічу уда хутка аднавіць яго. Пры гэтым удадатак была усталявана механічная піла – цыркулярка, якая як й млыновыя жорны таксама прыводзілася ў рух цёкам вады праз варатное кола з лапасьцямі ды й розныя перадачы руху. Новы гатар меў шмат працы й даваў працоўныя мейсцы.
На канец 1930-х гадоў у Рудні Налібоцкай было 170 двароў, дзе пражывала 830 чалавек. Прыблізна ў гэтакім стане вёска праіснавала да 6 жніўня 1943 году, калі яна была разбурана немцамі пад час жнівеньскай блякады Налібоцкай пушчы дзеля зьнішчэньня савецкіх і іншых партызанаў.
У паваенны час шмат камянёў і цэглы былі разабраны вяскоўцамі дзеля аднаўленьні хат. Навалы цындры як і ў Кляцішчах былі паступова разьвезены дзеля паляпшэньня дарог. На мейсцы былой вялікай вёскі мала што засталося, як быццам зьнікла.
Будынак млыну-тартаку ў Рудні Налібоцкай, прыблізна сярэдзіна 1930-х гадоў. Фота з калекцыі Шыбутаў.
Гаспадарчы двор Яцэка Гурвіча ў Рудні Налібоцкай, што мейсьціўся непадалёк ад ягонага млыну-тартаку ля ставу на рэчцы Вуса. Таксама ён быў уладальнікам ткацкай працоўні ў Рудні Налібоцкай. Фота з калекцыі Мар'яна Буржынскага, датуецца прыблізна канцом 1920-х гадоў.
Бізнэсоўца Жыгмунт Ваяводскі з радзінай (жонка Марыля й цёшча Стэфанія Буржынская) у Рудні Налібоцкай у 1906 годзе. Жыгмунт Ваяводскі быў задачным бізнэсоўцам. Ён купіў Жоўта-Неманскі й Шубіна-Неманскі каналы й зарганізаваў шмат высечак бадай што первотных лясоў у навакольлях гэтых гутных каналаў. Шмат гэтакіх каштоўнейшых лясоў зьнікла тым часам з-за дзейнасьці Жыгмунда Ваяводскага. Дрэўна сплаўлялася па гэтым каналам да Нёмну, а потым па Нёмну на захад да Балтыцкага мора й спрадавалася ў Нямеччыну й Англію. Жыгмунд Ваяводскі меў свой рум у Рудні Налібоцкай, пры тым руме стаў са шлюзам. Таксама тамака знаходзілася невялічкая працоўня для вырабу мэблі (у асноўным шафаў або шапаў) на навакольныя патрэбы. Таму цалкам той куток Рудні Налібоцкай клікалі Шафарня. Побач з Шафарняй мейсьцілася ягоная руднянская досыць сьціплая хата (яна відаць на фота). Фота з калекцыі Мар'яна Буржынскага.
Зьлева направа:
Нікадзім Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Нікадзім Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Фота з калекцыя Гары Лью.
Уладзіслаў Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Фота з калекцыя Гары Лью.
Міхал Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, 1920-я гады. Фота з калекцыя Гары Лью.
Зьлева направа:
Баляслаў Кавалеўскі ў Рудні Налібоцкай на першым беларускім матацыкле, 1952 год. Фота з калекцыі Вацлава Кавалеўскага.
Аліма Кавалеўская пры бэзе каля сваёй хаты ў Рудні Налібоцкай, 1975 год. Фота з калекцыі Вацлава Кавалеўскага.
Марыя Адамцэвіч, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Фота з калекцыя Гары Лью.
Зьлева направа:
Хтось з Клачкевічаў ў Рудні Налібоцкай, прыблізна 1910-я гады. Фота з калекцыі Яна (Івана) Клачкевіча.
Хтось з Клачкевічаў ў Рудні Налібоцкай, прыблізна 1920-я гады. Фота з калекцыі Яна (Івана) Клачкевіча.
Язэп (Ёзаф) Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, 1958 год. Фота з калекцыя Гары Лью.
Зьлева направа:
Бернард Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Фота з калекцыя Гары Лью.
Зыдар Шурко, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Фота з калекцыі Вацлава Кавалеўскага.
Аляксандр Барташэвіч, Рудня Налібоцкая, канец 1930-х. Фота з калекцыя Гары Лью.
На гэтым фота, зробленым з летака ў 1917-тым годзе, відаць паўночна-заходняя бадай што палова вёскі Рудня Налібоцкая. Па цэтру відаць найбольшая пясчаная выдзьма; леваруч і вышэй якой - копані ад здабычы жалезнай руды; зьнізу справа - рум і стаў на Вусе Жыгмунта Ваяводскага. Фота з калекцыя Гары Лью.
Від на частку Рудні Налібоцкай з ускрайка вялікай пясчанай выдзьмы. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.
Адна з апошніх хат у Рудні Налібоцкай (усходняя частка). Фота 1983 году.
Гаспадарчыя забудовы ў Рудні Налібоцкай.
Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.
Вялікія голыя пяшчаныя выдзьмы на поўначы ад Рудні Налібоцкай, якія ў 1930-я гады карысталіся польскімі вайскоўцамі зь Івенцу пад стрэльбішча. Цяперака адчыненага пяску там няшмат, бо ў 1970-я й 1980-я гады яны былі засаджаны хвойкамі. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.
Прыгожыя мясьціны на пясчаных выдзьмах, парослыя хвайнікамі, у ваколіцах Рудні Налібоцкай. Фота Анатоля Фамянкова, 1967 год.
Вельмі старая хвоя на Носавай Гары ў Рудні Налібоцкай, 2016 год.
Пчэльныя калоды ля Рудні Налібоцкай, 1983 год.
Мапа Рудні Налібоцкай, намаляваная Зянонам Кавалеўскім (перададзена дзеля друку Эдзікам Хмара). Стан вёскі напярэдадні яе зьнішчэньня нямецкімі акупантам 6-тага жніўня 1943 году.
У палове 1930-х гадоў у Рудні Налібоцкай была адчувальна штодзённая прысутнасьць польскіх вайскоўцаў зь Івенцу. На поўнач ад Ліпніцкай Гары яны зладзілі сабе стрэльбішча, якое звалася Стрэльніца (да гэтай пары гэтак завецца тое ўрочышча). Вайскоўцы стала займалі адну хату ў Рудні Налібоцкай. На фота, што ўзята з сайту http://www.radzima.org/images/pamatniki/39761/iwieniec--39761-1400479733_b3.jpg, дзе ля будынку стрэльбішча сядзяць польскія жаўнеры, ззаду відаць сам палігон. Фота датуецца 1937 годам.
Пад час зьнішчэньня нямецкімі фашыстамі Рудні Налібоцкай, у якой на той час было каля 150 двароў, усіх наяўных жыхароў сагналі на пляц каля могілак ля Носавай гары і паклалі на зямлю. Хтось больш спрытны пры сабе меў вазы с запрэжанымі коньмі й нейкімі паклажамі, хтось амаль што нічога не пасьпеў з хаты ўхапіць. Ляжалі сагнаныя жыхары доўга пакуль немцы палілі вёску. Потым загадалі ўсім рухацца ў Стоўпцы. Нямецкі канвой быў нешматлікі й частка руднянцаў зьбегла ў лес. Цалкам пад час гэтай акцыі немцы забілі 14 руднянцаў. Той, каго давялі да Стоўпцаў з чыгуначнай станцыі быў адпраўлены на Нямеччыну на цяжкія працы ў асноўным сельскагаспадарчыя. Далёка ня ўсе перажылі гэтую вайну і з тых хто зьбег у лес і з тых каго адправілі на Нямеччыну.
Па Другой сусьветнай вайне частка былых насельнікаў Рудні Налібоцкай вярнулася ў родныя мясьціны на папялішчы сваіх хат і паспрабавалі аднавіць тамака жыцьцё. Гэтак к канцу 1950-х гадоў у Рудні Налібоцкай зноўку ўзьнікла пад сорак сядзібаў. Але гэта вёска па-ранейшаму не была аграрнай, бадай што незалежнай ад савецкай улады. Глебы былі зусім беднымі, пясчанымі й выжыць з зямлі было немагчыма. З гэтай нагоды займаліся рамёствамі. Хтось плёў кошыкі, рабіў карабы, хтось працаваў бондарам, краўцом, шаўцом, кавалём, цесьляром. Іншыя рабілі конскія вазы, сані, палукішкі і іншыя конскія прылады й збрую. Некалькі двароў займаліся пчоламі й усталёўвалі калоды на дрэвах у навакольнай пушчы. Гаспадары некалькіх радзін працавалі лесьнікамі. Са слоў старажылаў Эдзіка Хмары ды Вацлава Кавалеўскага адчуваўся немалы ціск з боку ўлады, каб прымусіць руднянцаў да высяленьня ў Кляцішча або Тэрабейнае ды Налібокі. Руднянцы не паддаваліся. Пагражалі й у рэшце дайшло да сьцягваньня трактарам дахаў з дзьвюх хатаў. Частка насельнікаў выбраліся з Рудні Налібоцкай. Дазволілі застацца тым, хто працаваў у лесе ды й яшчэ некаторым радзінам. Цалкам недзе ў сярэдзіне 1960-х у адноўленай Рудні Налібоцкай засталося 8-12 двароў. Далей гэтая вёсачка стала занепадаць далей разам з тысячамі гэтакіх у Беларусі. Як вядома, сяляне асабліва зь іх маладзёны зьбягалі на вучобу, працу й пражываньне ў месцы й мястэчкі, дзе жыцьцё было шмат у чым лягчэйшым і больш пэрспэктыўным. Памятую 6 двароў у Рудні Налібоцкай, калі наведваў яе ў 1984 годзе. Бачыў толькі ўжо пажылых жыхароў, якія былі не маладзей за 60 гадоў. Апошнія два двары цалкам тамтэйшых людзей зьніклі ў Рудні Налібоцкай недзе ў пачатку 2000-х гадоў.
Эдзік Хмара (леваруч) і Вацлаў Кавалеўскі ёсьць адны з апошніх старажылаў Рудні Налібоцкай, але цяперака яны мешкаюць у Кляцішчах. Фота 2014 году.
Са слоў старажылаў Эдзіка Хмары ды Вацлава Кавалеўскага вёска Рудня Налібоцкая да Другой сусьветнай вайны была вельмі маляўнічай. Гэта й пясчаныя выдзьмы, частка якіх была голай і глядзеліся надта адмыслова. Некаторыя выдзьмы як тое гара Носава былі парослыя старымі таўстымі і крывымі хвоямі. Гэта прыгажосьць ладных будынкаў перш за ўсё хат з таўстых хваёвых прасмаленых бярвеньняў, крытых хваёвай дранкай або трысьнёгам. Гаспадарчыя будынкі былі пераважна крытыя саломай. Гэта вялікія калодзезьныя жоравы. Гэта хараство рэчкі Вуса с празрыстай вадою ды стаў, які быў аблямаваны старымі чорнаалешынамі й дубамі. Пры хатах шмат бэзу. Рамантызму і прыгажосьці дадавалі млын, тартак, рэшты жалезнагутных будынкаў, а таксама горы блакітнай цындры, што былі шлакамі шматгадовай вытворчасьці жалеза. Вуліцы з друзлым пяском, таўшчэзныя ліпы, ігрушы ды хвоі з дубамі сярод вёскі пры вуліцах і на пустырах. Дрэвы пераважна крывыя, напаўзасохлыя, бо расьлі на пяску. На дрэвах бусьлянкі, якіх па словах Эдзіка Хмары цалкам было каля дваццаці.
У міжваенныя 1920-тыя й 1930-тыя гады вёска Рудня Налібоцкая была немалая, прыблізна двароў на 150.
Асноўным гаспадарскім цэнтрам Рудні Налібоцкай быў млын-тартак ды ткацкая мануфактура Валюш уладальніка Яцэка Гурвіча. Крыху меншым, але таксама важлівым быў гаспадарчы двор Жыгмунта Ваяводскага. Асновай яго быў дрэўнасплаўны рум, які акрамя пляца з абсталяваньнем і доўгай складской забудовай, меў шлюз на рацэ Вусе й стаў плошчай акваторыі каля трох гектараў. Культурным цэнтрам быў будынак школы, які ўзвышаўся на выдзьме пры Вусе, у падножжа якой расьлі старыя ліпы з калодамі пчол на іх. Недзе тамака пры Вусе была вялікая зямецкая пасека. Побач са школай на выдзьме была драўняная каталіцкая капліца. За Польшчай у міжваенныя часы сярод мешканцаў Рудні Налібоцкай пераважалі каталікі, але ў XIX стагодзьдзі было больш праваслаўнай веры і на мейсцы школы была невялічкая царква, аздобленая цындрою. Не ведаю праўда ці не, але казалі, што на белай сьцяне той царквы з дробнай блакітнай цындры была мазаічна выкладзена Матка боска Марыя, што глядзела на гладзь вялікага ставу на Вусе. Ад гэтага яго звалі Марыя Водна. Царква была парушана пад час Першай сусьветнай вайны, на фундамэнце якой за польскім часам была адбудавана польская школа.
Дарога ў Рудні Налібоцкай з блакітным цындровым пакрыцьцем. Цындра (шлакі былой жалезнагутнай вытворчасці) у Рудні Налібоцкай. Фота 2012 года.
Мейсца, дзе капалася жалезная руда, у Рудні Налібоцкай. Тамака дагэтуль ёсьць дзясяткі гэтакіх копаней ад здабычы жалезнай руды. Менавіта яны відаць на фота Рудні Налібоцкай, што зроблена з летака ў 1917 годзе. Фота 2014 году.
Кавалак выплаўного жалеза ў Рудні Налібоцкай. Фота 2006 году.
Фундамент школы (раней царквы) у Рудні Налібоцкай. У якасьці буту пры замешваньні бетону карысталася цындра. Абвал фундаменту здарыўся ад таго, што тамака браўся пясок, то бок тамака быў утвораны пясчаны кар'ер. Фота 2014 году.
Апошнія ліпы, што некалі прыгожа аблямоўвалі школьную (царкоўную выдзьму) у Рудні Налібоцкай. Фота 2014 году.
Квітнеюць бэзы ў Рудні Налібоцкай. То яшчэ бэзы, што былі пасаджаны раней пры існаваньні вёскі, але дагэтуль усё яшчэ рымсьцяць. Фота 2012 году.
Дарога праз мост над Вусай у Рудні Налібоцкай. Фота 2014 году.
Новы мост над Вусай у Рудні Налібоцкай. Фота 2014 году.
Бетонныя палі ранейшага мосту над Вусай у Рудні Налібоцкай. Фота 2014 году.
Прыгажуня-рака Вуса ў ваколіцах Рудні Налібоцкай. Фота 2000-х гадоў.
Папулярнае мейсца турыстаў пры высокім пясчаным урвішчы на беразе Вусы ў Рудні Налібоцкай.
Турыстычная лазьня на беразе Вусы ў Рудні Налібоцкай. Фота 2018 году.
Comments