top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Засланы выведнік ў радзіне славутага Радзівілаўскага траўніка Мацея Каляды з Чугуркі

У ранейшым пасьце грунтоўна апавядалася аб ладзе жыцьця ў Налібоцкай пушчы пад уладай магнатаў-землеўласьнікаў, у асноўным Радзівілаў і Храптовічаў цягам XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў. То быў ледзь не напоўніцу дакумэнтальны вартыкул, які базаваўся на пэўных гістарычных крыніцах інфармацыі. Цяперака хацелася бы распавесьці шэраг Налібоцка-пушчанскіх гісторый таго далёкага часу, якія сталі вядомы балазе справаздачнаму ліставаньню падлоўчых Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкай пушчы з Налібоцкім лоўчымі ды генэральным лоўчым з Нясьвіжскай канцылярыі Радзівілаў. Гэтыя гісторыі ёсьць даволі вольнага мастацкага апавяданьня, хаця і кожная гісторыя мае сваю дакумэнтальную аснову, а асноўная хада падзей ня ёсьць выдуманая.


У другой палове XVIII-ага стагодзьдзя ў Радзівілаўскай гаёўні Чугурка пры рацэ Бяроза ў Дзялятыцкім падлавецтве жытлавала радзіна Мацея Каляды. Мацей, якому на той час было крыху за пяцьдзясят гадоў, быў славутым траўнікам. Ён працаваў для Радзівілаўскай расьліннай аптэцы ў Нясьвіжы. У той славутай Нясьвіжскай аптэцы багацейшыя двары з усёй Заходняй Эўропы рабілі вялізарныя закупы расьлінных рэчаў. Гэта аптэка была адной з Нясьвіжскіх гонараў магнатаў Радзівілаў. Таму адмыслоўства траўнікаў даволі высока каштавалася Радзівіламі. Мацей Каляда з Чугуркі рабіў лекавыя расьлінныя экстракты і заварныя сумесі, а ягоная жонка Гэля рабіла смачнейшыя і духмянейшыя гарбаты. Дзейнасьць Мацеевых расьлінных лекаў адносна шэрагу распаўсюджаных захвораваньняў была цудатворнай ды ўнікальнай. Да гаёўні Чугурка пры рацэ Бяроза Мацей з радзінаю мешкалі ў гаёўні Доўгі Бор пры рэчцы Паўднёвая Каменка недалёка ад даліны рэчкі Вусы, што было прыблізна ў дзесяці вёрстах конаезднай дарогі да мястэчка Налібакі. Рацыя ад іхняга пераезду ў Чугурку была выключна расьлінная. Багатыя рачныя глебы ў даліне Бярозы давалі выдатныя варункі дзеля разнастайнасьці расьлінных гатункаў і асабліва іхняй лекавай ды гарбатнай якасьці. Мацей з Гэляй мелі сялянскае паходжаньне, але жылі ня бедна. Яны нарадзілі ды ўзгадавалі двух сыноў і трох дачок, якіх навучалі свайму майстэрству траўнікаў.


У той жа час таксама пры той жа рацэ Бярозе але значна вышэй па цячэньню ў гаёўні Няровы жытлаваў з радзінаю Храптовіцкі траўнік Станіслаў Казерскі. Станіслаў меў шляхецкае паходжаньне. Як траўнік ён валодаў больш-менш звычайнымі для магнацкага траўніка ведамі і навыкамі. Радзіна Казерскіх была параўнальна заможнай, бо акрамя годнага заробка ад Храптовіча, жонка Станіслава са сваім шлюбам прынесла ў Няроўскую хату вялікі пасаг ад бацькі, які трымаў цагляную мануфактуру ў Івянцы. Таксама на той мануфактуры вырабляўся керамічны посуд, які прадаваўся ў краме пры мануфактуры. Станіславу хацелася разбагацець яшчэ больш, ды перабрацца жытлаваць кудысь у мястэчка. Тамака ён бы з дапамогаю цесьця абзавёўся сваёю камэрцыйнай справаю. Ягонай ідэяй было прадаваць у цесьцявай а потым сваёй краме розныя карысныя расьлінныя сумесі а галоўнае дзейсныя лекавыя расьлінныя выцяжкі ды выцяжкі водарныя для карыстаньня ў лазьні й у якасьці парфумы. Як рабіць тую экстракцыю з лекавых расьлін Станіслаў ведаў вельмі прыблізна. У яго не атрымоўвалася. Тое, што ён мог вырабляць карысталася не надта вялікім попытам, да і тагачасны гаспадар Вішнева і Шчорсаў Іохім Літавор Храптовіч не надта быў задаволены вынікамі працы свайго траўніка. Іохім не раз казаў Станіславу, што яму трэба паляпшаць сваё траўнае майстэрства.


І вось неяк на кірмашы ў Івянцы Станіслаў даведаўся аб існаваньні радзіны славутых траўнікаў - Мацея і Гэлі Каляды з Чугуркі. Каб выведаць тое іхняе адмыслоўства асабліва майстэрства выцяжкі з расьлін, Станіслаў засылае ў Чугурку свайго старэйшага сына Рыгора. Сын і бацька дамовіліся, што Рыгор будзе ўдаваць за бяздомнага жабрака, хата якога згарэла, а бацькі загінулі. Рыгор павінен быў напрасіцца да Каляды ў парабкі за ежу і жытло. Калі ня возьмуць, то вярнуцца да хаты. Адылі, калі яго возьмуць, то выведаць як мага балей цягам году або двух і потым ужо з патрэбнымі ведамі ўцячы да бацькоўскай хаты. Заплянаваны намер спрацаваў, і спагадлівая ды ня бедная радзіна Мацея Каляды прыняла да сябе сымпатычнага гаротнага хлопца Рыгора.


Рыгор умела ўдаваў за шчырага працавітага парабка, і паступова ён увайшоў у давер да добрай і прастадушнай радзіны Каляды. Паступова яго сталі ўспрымаць як сына, а што да працы, то ў радзіне Мацея Каляды цяжка і шмат працавалі ўсе. Рыгор паступова паказвае сваю зацікаўленасьць у справе траўніка, і Мацей шмат чаго яму тлумачыць нараўне як і дзецям. Нават Мацей дазваляе Рыгору бачыць, як ён робіць выцяжку лекавых рэчаў з расьлін. Мацей кажа Рыгору, што ён можа дапамагчы хлопцу ў ягоным гаротным сіроцкім лёсе. Абяцае шмат чаму яго навучыць, а потым папрасіць Радзівілаўскага лоўчага ўзяць яго на працу траўніка ў адно з Радзівілаўскіх падлавецтв. Мацей вучыць Рыгора шэрагу сваіх унікальных вынайдаваньняў. Той адчувае радасьць даць гаротнаму хлопцу веды, якія дапамогуць здабываць яму свой жыцьцёвы хлеб, але неяк аднаго дня Рыгор зьнікае з Чугуркі.


У сувязі з гэтым у радзіне Мацея Каляды пануе разгубленасьць, крыўда і пачуцьцё абкрадзенасьці. Тыя адчуваньні ўзмацняюцца, як Мацей убачыў, што разам з Рыгорам зьніклі і грошы, што ляжалі ў шуфлядзе кухоннага крэдана. На конт крадзежа грошаў ды ведаў Мацей доўга адмоўчваўся, нямала пераймаўся, а потым ён урэшце выказаў сваё дараваньне недальнабачнаму крадлу Рыгору. Пры гэтым ён падсумаваў, што неістотна ўсё гэта, няма чаго ім усім гэтак пераймацца, бо ўсё ўрэшце дастанецца людзям. Не бяды, і пабівацца на гэты конт дарма. Мацей анічога не паведзіў аб гэтым Дзялятыцкаму падлоўчаму, але сыны тое распавялі, спэцыяльна зьезьдзіўшы ў Дзялятычы. Падлоўчы моцна абурыўся гэтаму, але пагадзіўся не выдаваць сыноў, якія самавольна распавялі яму пра гэту прыкрую недарэчнасьць і занадта даверлівасьць бацькі. Падлоўчы сказаў, што таго крадлу Рыгора трэба шукаць і жорстка наказаць. Але дзе і як – тое было невядома. Можа неяк само праявіцца. І гэтак здарылася.


Дапамог выпадак. А можа тое было і невыпадкова. Заўжды ў жыцьці гэтак. Мацей Каляда з сынамі езьдзілі на кірмаш у Івянец за керамічным посудам. У Любчы на кірмашы яны бывалі мала, бо туды не давозілі Івянецкіх керамічных вырабаў, якія бацька надта каштаваў і выключна ўжываў іх у сваёй працы і ўвогуле ў быту. На тым кірмашы, стоячы побач з сынамі і гандлюючыся з спрадаўцом керамічных вырабаў, Мацей заўважыў непадалёк бесклапотнага і добра апранутага Рыгора. Запытаўшы гандляра аб тым, хто той хлопец, гандляр адразу сказаў, што ён сын Храптовічскага траўніка Станіслава Казерскага з Няроваў. Незаўважна Мацей і сыны ўніклі з таго кірмашу. Як раз яны кагадзе ўжо купілі асноўныя керамічныя рэчы, што меркавалі купіць. Едучы калёсамі доўгі шлях назад да Чугуркі кожны з трох бацька і сыны натужна аб нечым меркавалі. Мацей, відаць, гэтак нічога і не вырашыў, толькі затаіў вялікую крыўду на тую радзіну з Няроваў. Мусіць ён дарогаю яшчэ раз дараваў.


Адылі ягоныя сыны анічога Рыгору не даравалі. Гэтак пакрыўдзіць бацьку. Тое для іх было недаравальна. Праз некалькі дзён яны пакрыёма ўсё даклалі падлоўчаму, той паведзіў аб усім генэральнаму лоўчаму, а адтуль пасланец паскакаў у Шчорсы з лістом пратэста ад самаго Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы “Пане Каханку”. Ліст патрабаваў выплаты выдаткаў за крадзенае траўнае майстэрства і наказаньня бізунамі таго сына і ягонага бацькі. Справядлівы і далікатны гаспадар Шчорсаў Іохім Літавор Храптовіч адразу жа адказаў на ліст завярэньнямі, што без аніякай затрымкі ва ўсім сам разьберыцца і накажа вінаватых. Гэтак было і зроблена, аб чым тэрмінова паведзілі ў Нясьвіжскую канцэлярыю. Тыя Станіслаў і Рыгор атрымалі бізуноў, а грашовыя выплаты да Радзівілаўскага скарбу і штось да радзіны Мацея Каляды пазбавілі Казерскіх з Няроваў іхняй заможнасьці.


Цяжка было сказаць, ці радаваўся ўсяму гэтаму Мацей, мусіць не, бо па-ранейшаму ён быў нейкі ўсё журботны. Тая крыўда, нанесеная гэтакім паскудным крадзяжом ягонага досьведу, пакінула глыбокі шнар у Мацеевай душы.

36 views0 comments

Comentários


bottom of page