Гэты пост мае дзьве мэты. Першае – гэта паспрабаваць разабрацца, чаму ў Налібоцкай пушчы цягам апошніх сарака гадоў сялянскае жыццё амаль што знікла. Пры гэтым паймо сялянскага жыцця ўжываецца тутай у ягоным дакладным паразуменні гэтай сацыяльна-эканамічнай з'явы з развойным гадаваннем свойскіх жывёл і вырошчваннем збожжа, гародніны й садавіны, што ў асноўным рэсурсна падтрымлівала гэтакія пушчанскія радзіны. Другая мэта дадзенага паста – гэта зрабіць фотарэпартаж аб прыгажосьці сялянскага жыцьця на прыкладзе радзіны Мазалеўскіх з хутара Стаськава ў асяродку Налібоцкай пушчы. Тое, што яно тутай фактычна апошняе гэтакае, наддае яму надзвычайную зацікаўленасьць і пачуцьцё жыцьцёвага драматызму.
Пачнём з першага пытаньня. Дык вось паступова, але няўхільна ў 1980-х, 1990-х і 2000-х гадох у Налібоцкай пушчы гэтакае сялянскае жыцьцё, якое гэтак ці інакш у асноўным карміла іхняя зямля, зьнікае. Пры заняпадзе сялянскай радзіны іхнія сядзібы скупаліся мяшчанамі пад лецішча й добраўпарадкаваліся адпаведна свайму густу й жыцьцёвым патрабаваньням. Разам са спыненьнем інтэнсіўнай сялянскай гаспадаркі й лецішчным добраўпарадкаваньнем сядзіб новымі гаспадарамі тамака зьнікае й незвычайна прывабны каларыт сялянскай сядзібы й яе жыцьця. Гэтыя лецішча на тле сялянскіх сядзіб у Налібоцкай пушчы на мой погляд выглядаюць гаротна, бо яны першапачаткова былі збудаваны пад іншыя мэты і здаецца стаяць ў сваім непаразуменьні ад таго, што зь імі адбываецца. Усё сапраўднае жыцьцё гэтакіх сядзіб у мінулым, а годнага новага паўнавартастнага жыцьця яны, якія яны ёсьць, не прыдбалі. Гэтак і стаяць яны як пустадомкі пераважна большую частку году й мрояць аб мінулым, што адсоўваецца ад іх ўсё далей у нябыт.
Закінутыя хаты ў былой вёсачцы Асовыя ў Налібоцкай пушчы.
Сцэны з сялянскага жыцьця ў Налібоцкай пушчы й абапал яе ў 1920-х й да 1970-х гадоў. Фота з Беларускага архіву кінафотадакумэнтаў і з калекцыі радзін Бразоўскіх і Равінскіх.
На мой досьвед і думку існуюць асноўныя тры нагоды, чаму гэтакія пушчанскія сядзібы апусьцелі, паступова пазбавіўшыся рэгулярнага набытку і жыхароў. Безумоўна ў Налібоцкай пушчы былі розныя крыніцы даходаў у розных радзінах, але не памылюся, калі скажу, што іх тутай былі асноўныя два: першае і асноўнае - вырошчваньне і спродаж быдла (пераважна мыкі і япрукі); другое – выраб і спродаж самагоннай гарэлкі.
Мыкі й япрукі - то былі эканамічна асноўныя свойскія жывёлы пушчанскіх сялян.
Самагонаварэньне сялянамі ў Налібоцкай пушчы. Фота з калекцый пушчанскіх людзей, у тым ліку фота ўнізе зьлева ўзята з інтэрнету па адрасу: http://radzima.net/ru/image_preview/2482.html
Гэтыя два асноўныя прадукты працы спрадаваліся, а на набытыя грошы паступова куплялася, што трэба для жыцьця. У гады перабудовы і развалу СССР рублёвая інфляцыя перапыніла мажлівасьць зыскоўнага вырошчваньня быдла. Спрадаў мыку, атрымаў рублі, а калі купляць, што трэба, то ўжо каштоўнасьць тых грошаў значна зьнікла ў інфляцыі. Да таго ж грашовыя накапленьні таксама абязкошціліся цягам хуткай інфляцыі. Гэтакім чынам застаўся набытак толькі ад самагонкі, якую можна было захоўваць і памалу спрадаваць. Але выраб сваёй гарэлкі ў Налібоцкай пушчы як і паўсюдна ў Беларусі моцна прыціснулі новыя ўлады. Жнаць сваю гарэлку стала рызыкоўна і небясьпечна. Пасьля некалькіх штрафаў і разбурэньняў самагонных заводзікаў пэўная радзіна спыняла выраб саматужнай гарэлкі, якая тым ня менш мела немалы попыт, бо па сваёй якасьці была значна лепшай за крамную. У той час у пушчанскіх і каляпушчанскіх вёсках кшталту Бакштаў, Налібак або Кляцішчаў гарэлку ў крамах куплялі шматкроць менш у параўнаньні з татальна аграрнымі вёскамі, дзе сваю гарэлку жналі спарадычна. Гэтакім чынам са спыненьнем самагонаварэньня асноўныя набыткі пушчанскіх радзін зьніклі, а зь зямлі, што пераважна пясок у Налібоцкай пушчы, нічога не ўзяць. Пушчанскія людзі сталі спрадаваць хаты і пераселяцца ў вёскі й мястэчкі абапал Налібоцкай пушчы.
Акрамя таго большасьць пушчанскіх радзін увесь час іхняга пасьляваеннага існаваньня ўладкоўвала дзяцей на жыцьце ў месцах кшталту Менска або Гародні, а калі ня ўда то хаця б у Валожыне, Стоўпцах або Наваградку. Куплялі ім кватэры, дзеці вучыліля на гарадскія спэцыяльнасьці й на пушчанскія сядзібы не вярталіся. Гэтакім чынам калі хто і застаўся мешкаць усяродку Налібоцкай пушчы, то тое пераважна дажываюць пенсіянэры, што падтрымліваюцца дзяржаўнай пэнсіяй. Трэба зацеміць, што гэтак адбываецца і па сёньня. Напрыклад, дзеці ўсіх маіх знаёмцаў у Бакштах або Кляцішчах набываюць або набылі гарадскія спэцыяльнасьці і жывуць у месцах, с кожным годам усё радзей вітаючы ў родную вёску. Няма ў тых вёсках моладзі, то няма і дзяцей, а гэтыя вёскі не маюць тады прышласьці.
Усё гэта надта сумна, і ў гэтым можна толькі бачыць годны аспэкт вызваленьня чалавекам прасторы пад развой прыроды. То можа быць гэтак, але і тутуй пастка, бо інтэнсіўнасьць лесаэксплюатацыі ў Налібоцкай пушчы з кожным годам непамерна павялічваецца. Паўсюдна чуваць рокат бензапілаў і працы вусьцішных харвэстараў.
Адылі, хопіць маркотнага і пяройдзем да другой больш станоўчай часткі гэтага паста. Аўтар зрабіў спробу зафільмаваць некаторыя гэтакія зьнічкі сапраўднага апошняга сялянскага ў Налібоцкай пушчы. Асновай гэтакага фільмаваньня было працавітае жыцьце радзіны Алёндзіка і Тацьцяны Мазалеўскіх з хутара Стаськава. Аўтар шчыра ўдзячны ім за дадзеную мажвівасьць задакументаваць гэта.
Далей то Алёндзік і Тацьцяна Мазалеўскія за працай на сваім пушчанскім хутары Стаськава. Таксама Вы пазнаёміцеся з разнастайнасьцю іхніх свойскіх жывёл.
Ваўкі даволі часта шворацца вакол Стаськава. Воўк, што на фота зафільмаваны беспасярэдня каля сядзібы Мазалеўскіх. Але шкодзяць ваўкі Мазалеўскім ня шмат. Калі-небудзь сьцягнуць баранчыка, або забьюць сабаку. Больш за гэта ад ваўкоў шкоды не было, а вось лісы нават больш шкодныя на Мазалеўскім падворку, бо выядаюць курэў.
Забіты й паедзены ваўкамі сабака Мазалеўскіх. Мыкі і конь цікавяцца паедзенымі рэштамі той сабакі.
Перад фотарэпартажам паведзім хоць штось вядомае з пушчанскай гісторыі раздінных клянаў Тацяны й Алёндзіка. Алёндзік паходзіць з кляну Мазалеўскіх, што набылі дзялянку зямлі на тым мейсцы дзе зараз Стаськава ў 1820 годзе. То быў час, калі пасьля няўдалай Напаліёнаўскай ваеннай кампаніі, царскі ўрад Расеі сэквестраваў пушчанскія ўладаньні Нясьвіжскіх Радзівілаў, у прыватнасьці Дамініка Радзівіла, што са сваім немалым войскам падтрымаў Напаліёна ў вайне з Расеяй. Шмат якія канфіскаваныя пушчанскія землі раздаваліся пераможным удзельнікам той вайны, а таксама спрадаваліся. Гэтакім чынам продкі Алёндзіка сталі дробнымі земляўласьнікамі ў Налібоцкай пушчы, фактычна заснаваўшы Стаськава. Тое мейсца разьмяркоўвалася на параўнальна багатай рэчнадаліннай глебе алювіяльнага паходжаньня блізу сутокаў малых рэчак Ізьледзі й Паўночнай Каменкі. Настаў час калі ў Стаськава выпала вясьці жыцьцёвы рэй Алендзіку. Ён пабраўся з Тацянай Касьпяровіч з Навусьці, зь якой годна жыве й да гэтай пары. Тацяніны бацькі Марыя й Богдан гэтаксама як і іхнія продкі жылі абапал рэчкі Волькі ў вёсцы Навусьць або побач даволі даўно дзесьці нават раней за пасяленьне ў Стаськава Мазалеўскіх.
Даўнейшыя прадзедавы і прабабкіны іконы ў хаце Мазалеўскіх у Стаськава.
Бацькі Тацьцяны Богдан і Марыя Касьперовічы на сваім хутары Гвінты за пяць кілямэтпаў ад Стаськава (раней яны жылі ў Навусьці).
Тацьцяна й Алёндзік пераважна жывуць са сваёй гаспадаркі. Мыкі, япрукі, бараны, свойская птушка, бульба й агарод дадюць асноўнае харчаваньне ім й іхнім тром дзецям. У іх дзьве дачкі і сын, якія стала дапамагаюць бацькам з гаспадаркай, хаця й жывуць за 20 кілямэтраў у вёсцы Камень. Праца ня зводзіцца. Як тутай кажуць - адно спынішь, то другое набяжыць і рукі некалі злажыць. Але мне відавочна, што Мазалеўскім быць у гэтакім штодзённым працоўным клопаце падабаецца. Таксама яны цікавяцца прыродным жыцьцём у навакольлі. Не раз перастрэўшы іх наводдаль ад сядзібы, яны кажуць, што вось выйшаў паглядзець навокал. Вось бачыў аленяў і ліса, а ўчора ваўкі падыходзілі ледзь не да статка, але збаяліся мыкаў. Мыкі звычайна паводзяцца досыць агрэсіўна, забачыўшы ваўка й могуць затаптаць яго ў травах. Таму Мазалеўскія выпасаюць іхніх нешматлікіх бараноў у статке мыкаў.
Тацьцяна й Алёндзік каталіцка-хрысьціянскага веравызначэньня і зьяўляюцца актыўнымі наведальнікамі касьцёла ў Налібоках. Ведаюць шмат чаго аб лякальнай гісторыі апошняга стагодзьдзя. Шануюць памяць аб тутэйшых падзеях і памерлых людзях. Надзвычайна дабразычлівы і гасьцінны, заўжды дапамогуць. Яны вельмі працавітыя й дагэтуль няспынна працуюць на сваёй сядзібе дапамагаючы дзецям. На мой погляд Тацьцяна й Алёндзік заслугоўваюць вялікай пашаны.
Абшаршыя ваколіцы Стаськава. Выгляд пасьля асушэньня.
Ніжэй фотаздымкі багеннай галявіны ў Стаськава ў 1949 годзе (справа) і ў 1961 годзе.
Галявіну ў Стаськава немагчыма ўявіць без юрнага рову аленяў у верасьні й кайстрычніку і без штодзённай пасьбы аленевых стад асабліва ў красавіку.
Comments