top of page
Writer's pictureVadim Sidorovich

Гісторыя Налібоцкае пушчы цягам ХVІ-ага, XVII-ага ды ХVІІІ-ага стагодздзяў пры магнатах Радзівілах і Храптовічах

Updated: Jan 2

Калі ў гэтым падзеле прыгадваецца тэрэн Налібоцкае пушчы, то маецца на ўвазе тэрыторыя ў межах цяперашняга ягонага ўспрыманне, бо тады ў ХVІ-ХVІІІ-ых стагодздзях, асабліва ў першай палове гэтага пэрыяду яшчэ не існавала гэтакага наймення. Тамака быў раскошны, амаль што бязьмежны леса-багенны масіў, цэнтральная частка якога звалася як Мікалаеўскі Лес.


На пачатку ХVІ стагодзьдзя аднымі часткамі гэтага леса-багеннага масіву валодалі магнаты й багатая шляхта, другія часткі належалі дзяржаве ў асобе вялікага князя Літоўскага.

Як і ўвесь падзел лякальнай гісторыі на абшарах Налібоцкай пушчы гэтыя нататкі базуюцца паводле архіўных матэрыялаў, а таксама шмат у чым укладзены кампіляторна паводле шэрагу надрукаваных вартыкулаў і іншай друкаванай інфармацыі. Апісаньне тагачаснага людзкога жыцьця ў тэрэне Налібоцкай пушчы ёсьць ня што іншае як рэканструкцыйная сувязь разрозьненых фактычных зьвестак з агульным уяўленьнем аб пушчанскім людзкім жыцьці ў сістэме лавецкай і лясной гаспадаркі Радзівілаў паводле мастацка-літэратурнай інфармацыі кшталту «Новай зямлі» Якуба Коласа або паводле дакументальна-публіцыстычных крыніц кшталту славутай кнігі Адама Мальдзіса (1982).


Надта важкімі з ужытых вартыкулаў былі гэтакія Зьмітра Крывашэева ў альманаху лякальнай гісторыі пра Верхняе Панямоньне (2012), а таксама з ягоных Інтэрнэт-крыніц (цяперака ўжо не існуюць) пра “Кіраваньне і гаспадарчы стан Налібоцкай пушчы ў ХVІ-ХVІІІ стст.” і “Людзі ў сістэме лясной гаспадаркі князёў Радзівілаў другая палова XVII-XVIII cт.”. Гэтыя друкаваныя працы Зьмітра Крывашэева спасылаюцца на шэраг архіўных матэрыялаў з дзяржаўнага гістарычнага фонду, якія мною таксама ўважліва прапрацоўваліся й з гэтай нагоды яны цытуюцца ў сьпісе літаратурных крыніц. Гэта перш за ўсё фонд 694, вопіс 2, а ў ім справы 201, 1587, 3984, 4353 і вопіс 3, а ў ім справы 2012, 2015,1217. Гэтаксама прапрацоўваліся і іншыя архіўныя крыніцы: фонд 694, вопіс 2, а ў ім справы 198, 227 і шэраг іншых, а таксама вопіс 3, а ў ім справы 2013, 2014, 1219, 1230 і шэраг іншых, а таксама шэраг інфармацыйных крыніц з вопісаў 4 і 7 гэтага жа фонду. Разам з тым трэба зазначыць, што ў архіўных фондах Беларусі ёсьць шмат якіх цікавых спраў, што тычацца лясной і паляўнічай гаспадаркі Радзівілаў, якія я, ня гледзячы на латвае разуменьне польскай мовы, так і ня змог прачытаць з-за цяжкай графікі польскамоўнага хуткапісу. На гэтыя расшыфроўкі тэксту трэба натда шмат часу й адмысловых ведаў. У аўтарскім выпадку з чытаньнем Радзівілаўскіх архіваў вельмі шмат дапамог Аляксандр М., які пажадаў застацца ананімна. На прышласьць мяркую, што калі знойдзецца гэтакі матывізаваны, дбайны й уедлівы дасьледчык, то ён напіша яшчэ й таўстую й надта цікавую кнігу менавіта аб Радзівілаўска-Храптовичскам перыядзе на абшарах Налібоцкай пушчы. А пакуль прапануецца во тое, што ёсьць, і гэтага таксама немала і далося яно немалой працай. У параўнаньні з зазначанымі вартыкуламі паважанага Зьмітра Крывашэева, якія далі першапачатковую аснову адпаведных ведаў аб лавецка-лесагаспадарскай службе Радзівілаў і сістэме кіраваньня ёю, я дбаў каб максымальна магчыма распавесьці пра сам тагачасны леса-багенны тэрэн Налібоцкай пушчы (чаго зусім нямашака ў тых публікацыях), а таксама пра тагачасныя падзеі на пушчанскім абшары. Разам з гэтым я дбаў, каб менш засяроджвацца на тым, як Радзівілы і іхнія лавецкія ачольнікі кіравалі пушчанскімі працаўнікамі і як тыя справаздачылі ў сваю чаргу (на што публікацыі Зьмітра Крывашэева ў асноўным былі накіраваны). Таксама ў адрозьнеьні з зазначанымі надта цікавымі вартыкуламі ў гэтым падзеле пададзены значныя собка здабытыя веды й маюцца досыць вялікія дадатныя аповядныя фрагмэнты тапаграфічнага, тапанімічнага, лавецкага, заалягічнага і батанічнага кшталтаў паводле дадатковай архіўнай інфармацыі й іншых ведавых крыніц. Акрамя таго, калі ў вартыкулах Зьмітра Крывашэева падзеі ў Налібоцкае пушчы падаюцца толькі з боку ўладарыньня Радзівілаў, то мною распавядаецца й аб тагачаснай Храптовіцкай частцы Налібоцкай пушчы, бо Храптовічы таксама былі ледзь ня гэтакімі жа буйнымі землеўласьнікамі на абшарах таго жа самага леса-багеннага тэрэну.


Акрамя таго, некаторыя цікавыя веды ў асноўным у дачыненьні паляваньня ў пачатку ХVІІІ стагодзьдзя былі набыты з успамінаў Крыштафа Завішы (1862), што выданы ў перакладзе ў 2011 годзе. Падобныя цікавыя зьвесткі таксама былі атрыманы з успамінаў Юльяна Нямцэвіча (1868). Акрамя таго некаторая цікавая інфармацыя аб гаспадарыньні Радзівілаў і Храптовічаў у Налібоцкай пушчы была запазычана з кнігі Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай (2007), вартыкула Зьмітра Гурневіча (2012), кнігі Адама Мальдзіса (1982) і брашуры С.Г.Галакцыёнава й Г.М.Яцкевіча (1989), а таксама кнігі ўспамінаў Міхаіла Буценява (2018). Шмат цікавай больш дробнай інфармацыі да гэтага падзелу таксама ўзята з трохтомнага энцыкляпэдычнага выданьня “Вялікае княства Літоўскае” 2006-2008 гадоў. Аб прымітыўных спосабах вытворчасці жалеза з балотнай жалезнай руды даведаліся з кнігі М.Ф. Гурына (1999). Акрамя таго пэўнай крыніцай інфармацыі паслужыў інтэрнет сайт http://kehilalinks.jewishgen.org/lida-district/bak-encyc.htm ды тагачасныя мапы: Польскія мапы 1749 і 1770 гадоў, Расейская трохвёрстая мапа 1816 году выданьня.


Гэтакім чынам напісанае ў гэтым падзеле зьяўляецца таксама чымься кшталту гістарычнай рэканструкцыі датычнае расьлінных і жывёльных уласьцівасьцяў Налібоцкае пушчы цягам ХVІ-ХVІІІ стагодзьдзяў, таксама аб жыцьці людзяй рознага кшталту, што жылі ў гэтым леса-багенным тэрэне ў той час і пераважна слугавалі магнатам з родаў Радзівілаў ды Храптовічаў, аб Радзівілаўскім ды Храптовічскім карыстаньні рэсурсаў Налібоцкай пушчы, а таксама сыстэме іхняй леса-лавецкай гаспадаркі. Гэта рэканструкцыя тагачасных ўласьцівасьцяў і падзей Налібоцкае пушчы базуецца як на пэўных ведах, што набыты з разнастайных інфармацыйных крыніц пераважна гістарычнага кшталту, а таксама на адпаведнай собкай заалагічна-батанічнай і паляўнічай эрудыцыі, што дазволіла нямала і, як падаецца, праўдзіва ўзбагаціць гэты аповед пра тагачасныя пушчанскія абшары і рух жыцьця тамака.


Адчуваецца, што напачатку гэтага падзелу трэба распавесьці, чаму вылучаецца гэты пэрыяд для Налібоцкае пушчы і чаму ён меў гэтакія часовыя межы як ХVІ-ХVІІІ-ае стагодзьдзі. Гэты часовы пэрыяд пачынаецца ў ХVІ-ым стагодзьдзі, бо магнацкія роды Радзівілаў і Храптовічаў пачалі набываць маёнткі ў гэтым рэгіёне й аб’ядноўваць іх у адну лесанарыхтоўча-лавецкую гаспадарку (прынамсі ў выпадку Радзівілаў). Распавядзём аб гэтым больш падрабязна. У ХVІ-ым стагодзьдзі тэрэн Налібоцкай пушчы належаў дзяржаве Вялікага Княства Літоўскага, у якой усе землі належалі або вялікаму князю, або буйным землеўладальнікам, якіх завуць магнатамі, або шляхце. Уладальніцтва зямлёю азначала таксама валоданьне ейнымі лясамі ды галявінамі зь іх расьліннымі і жывёльнымі багацьцямі. Багатыя магнаты Радзівілы, чый маёрак быў непадалёку ў Нясьвіжы пачынаюць скупаць землі Налібоцкага тэрэну. У прыватнасьці Мікалай Радзівіл Чорны скупаў землі ў шляхты тамака, дзе было выбітна багата лесам і зьверыной. Гэтак, у 1555 годзе ён выкупіў мястэчка Налібокі з прыналежнымі да іх ворнымі землямі і лясамі, якія дагэтуль належылі шляхецкім радам Шэмітаў і Завішаў. Наступны ўладальнік Нясьвіжскай ардынацыі Мікалай Крыштаф Сіротка значна павялічвае валоданьні ў Налібоцкае пушчы. Цягам 1594-1595 гадоў ён далучыў да сваёй маёмасьці мястэчкі Дзераўное і Хотава з навакольнымі лясамі і ворнымі дзялянкамі. У 1599 годзе па канчыне Станіслава Радзівіла, у якога не было дзяцей-спадкаемцаў, мястэчка Налібокі й навакольныя землі таксама адыходзяць да Нясьвіжскай ардынацыі, якія часова апынуліся ў валоданьнях Радзівілаў з Алыцкай ардынацыі.



Цяперака чаму ж гэты Радзівілаўскі пэрыяд для Налібоцкай пушчы сканчаецца на мяжы XVIII-ага і ХIX-ага стагодзьдзяў. У гэты час Нясьвіжскім ардынатам быў Дамінік Геранім Радзівіл. Дамінік Радзівіл быў патрыётам былой бацькаўшчыны й змагаром за аднаўленьне былой краіны Вялікага Княства Літоўскага. У чэрвені 1812 году ў Вільні ён далучыўся са значным войскам да францускага імпэратара Напаліёна, калі той паабяцаў свабоду і незалежнасьць Рэчы Паспалітай цалкам і Вялікаму Княству Літоўскаму ў прыватнасьці. Дамінік няў удзел у Напалеонаўскай выправе на Маскву. У бітве пад Смаленскам за спраўнае камандаваньне й харобрасьць цягам бою ён быў узнагароджаны французскім ордэнам ганаровага легіёну. Пасьля паразы Напаліёна ў Маскоўскай ваеннай кампаніі й адступленьня Напаліёнаўскага войску Дамінік Радзівіл заставаўся з Напаліёнам і адыходзіў зь ім да Францыі. Тамака ў 1813 годзе, Дамінік Радзівіл быў цяжка паранены ў адной з бітваў пасьля чаго неўзабаве памёр. Гэтакім чынам Нясьвіжская ардынацыя апынулася без паўнапраўнага ўладальніка. Пераможны расейскі цар Аляксандр I сэквэстраваў маёнткі Дамініка Радзівіла за ягоны ўдзел у вайне на баку Напаліёна. Адзіны Дамінікавы сын Аляксандр лічыўся незаконна народжаным й не меў правоў каб  успадкаваць бацькава майно. Цягам нейкага часу Дамінікава дачка Стэфанія ўсё ж была прызнана законнай спадкаемцам маёмасьці свайго бацькі. У 1829 годзе Стэфанія пабралася зь Людзьвігам Вітгенштэйнам (сынам Пятра Вітгенштейна, ганаровага расейскага генэрала нямецкага паходжаньня), і ейныя правы на большасьць Налібоцкіх валоданьняў былі адноўлены. Адылі фактычным распарадчыкам той Налібоцкай зямельнай маёмасьці стаў Людзьвіг Вітгенштэйн. Гэтакім чынам, беспасярэдне Радзівілаўскае гаспадараньне ў Налібоцкай пушчы спынілася ўпершыню амаль што за два з паловай стагодзьдзя. Што тычыцца маёмасьці ў Нясьвіжы, то наступным Нясьвіжскім ардынатам стаў Антоні Генрык Радзівіл з прускага адгалінаваньня Радзівілаў. За Антоніям таксама было замацавана значная частка былых Радзівілаўскіх зямельных валоданьняў у Налібоцкае пушчы, а таксама іншых лясных абшараў непадалёку (напрыклад, к усходу ад Стоўпцаў).



Сярэдневечнае паляваньне на зубра ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Сярэдневечнае паляваньне на зубра ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Вытягваньне сялянамі забітага на магнацкіх ловах зубра пад наглядам стральца ў сярэдневечнай Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Вытягваньне сялянамі забітага на магнацкіх ловах зубра ў сярэдневечнай Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.


Што тычыцца валоданьняў роду Храптовічаў, то зь імі крыху адрознае. Іхні род з пракаветных часоў валодаў маёнткам Шчорсы на паўднёвых межах Налібоцкай пушчы й значным кавалкам гэтага лесу ў паўднёвай частцы Налібоцкай пушчы штось каля 100 квадратовых кілямэтраў, які з таго часу аж па цяперака завецца Графскай пушчай, бо Храптовічы стала мелі тытул графа. Дзесь напрыканцы XVI-ага, або ў пачатку XVII-ага стагодзьдзя яны набываюць маёнткі на паўночным захадзе гэтае пушчы то бок Вішнева й Андрывонж з прыблізна 180 квадратовых кілямэтраў пушчанскіх угодзьдзяў. Неяк пазьней яны яшчэ завалодалі Бакштамі й прылеглымі абшарамі Налібоцкай пушчы аж да ніжняга й сярэдняга цячэньня малай ракі Волькі. Адпаведна цягам XVII-ага ды XVIIІ-ага стагодзьдзяў Храптовічы таксама валодалі спачатку ледзь ня чвэрцю, а потым у XVIIІ-ым стагодзьдзі й пазьней відавочна трацінаю Налібоцкай пушчы.


Сярэдневечная Налібоцкая пушча. Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Сярэдневечная Налібоцкая пушча. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Цяперака павернем аповед назад да пачатку Радзівілаўскага гаспадараньня ў Налібоцкае пушчы. Спачатку па набыцьці Радзівіламі досыць раскошнага ляснога тэрэну вакол Налібокаў было ўсталявана Налібоцкае лавецтва дзеля лавецкага (па-цяперашняму паляўнічага) й лесасечнага гаспадарыньня. Тэрыторыя Налібоцкага лавецтва ахоплівала даволі раскошную частку леса-багеннага тэрэну цяперашняй Налібоцкае пушчы. Дзеля больш дзейснага кіраваньня лясной і лавецкай гаспадаркамі гэтага лавецтва яно было падзелена на тры асобныя падлавецкія гаспадаркі: Налібоцкую, Дзераўноўскую і Хатаўскую. Гэтаксама называлі й адпаведныя ім леса-багенныя масівы як Налібоцкую, Дзераўноўскую й Хатаўскую пушчы. Гэтакае ж дзяленьне Налібоцкага лавецтва захоўваецца і надалей праз усё Радзівілаўскае валоданьне Налібоцкім тэрэнам цягам ХVІ-ХVІІІ-ага стагодзьдзяў.


З пушчаў дагэтуль захавалася толькі Налібоцкая пушча.  Дзераўноўскай і Хатаўской пушчаў цяперака бадай што няма, бо тамака няма сталага разьмеркаваньня лесу, які быў шмат дзе павысеканы й ператвораны ў сельскагаспадарчыя землі, занятыя пад нівамі, пашамі й вёскамі. Тая тэрыторыя, што была пад Налібоцкім падлавецтвам, ахоплівала большасць паўднёва-усходняй і цэнтральнай частак Налібоцкага тэрэну ў цяперашнім ягоным успрыманьні, тады як абшары Дзераўноўскага і Хатаўскога падлавецтваў былі пераважна па-за межамі сучаснай Налібоцкае пушчы. З 1606 году Радзівілы сталі валодаць Любчанскай пушчай, што ёсьць паўднёвы захад сучаснай Налібоцкае пушчы. Тамака было ўтворана Дзялятыцскае падлавецтва. Прыблізна ў гэтыя жа часы былі ўсталёваны Мірскае і Аталезскае падлавецтвы, якія ў асноўным гаспадарылі таксама ў сучасных межах Налібоцкае пушчы. Гэтакім чынам большасьць леса-багеннага тэрэну Налібоцкай пушчы апынулася ў валоданьні й гаспадараньні Радзівілаў з маёркам у Нясьвіжы. Разам з тым, як ужо паведамлялася, іхнія пушчанскія валоданьні значна выходзілі на ўсход ад сучасных усходніх межаў Налібоцкае пушчы тамака, дзе зараз прасьціраецца леса-аграрны ляндшафт у ваколіцах Налібокаў, Дзераўной, Хатавы, Тонава й Рубяжэвічаў.


Выпрабаваньне сына шляхціча ў двубоі з мядзьведзем, што паднялі зь мярла ў Налібоцкай пушчы.  Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Выпрабаваньне сына шляхціча ў двубоі з мядзьведзем, што паднялі з мярла ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Але як ужо паведамлялася не ўся сучасная тэрыторыя Налібоцкае пушчы была пад валоданьнем Радзівілаў. Перш за ўсё на паўночным захадзе Вішняўская частка пушчы і на цэнтральным поўдні Шчорсаўская частка пушчы, або як яе асобна называюць Графская пушча знаходзілася ў валоданьнях Храптовічаў. На цэнтральным захадзе Дудаўскай ды Бакштанскай часткамі пушчы розныя часы часткова валодалі Завішы, Гарбачэўскія, Валовічы, Замойскія, Пацы, Буйніцкія, Зянкевічы, а потым зноў-такі Храптовічы, а на паўночным усходзе Валожынска-Пяршайская частка пушча была ў валоданьнях Вярэйскіх, Слушкаў, Чартарыйскіх, а ў Радзівілаў толькі ў 1582-1614 гадох.


Паміж Радзівіламі і Храптовічамі доўгі час адбываліся малавыніковыя суды за пэўныя пушчанскія кавалкі. Валоданьні Храптовічаў у Налібоцкай пушчы асабліва шырыліся пад канец XVII-ага стагодзьдзя й у пачатку XIX-ага стагодзьдзя. Так у 1787 годзе віленскі эпіскап Масальскі перадаў Бакшты ў арэнду літоўскаму падканцлеру Храптовічу. Храптовіч атрымаў Бакшты спачатку на правах арэнды, а потым у 1790 годзе арэнда была прадоўжана яшчэ на тры гады, а па сканчэньню гэтага тэрміна яшчэ на 50 гадоў. У 1795 годзе пасьля паразы Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага і далучэньня адпаведных зямель да Расіі, Бакшты ды пушчанскія абшары абапал іх перайшлі ў карыстаньне да царскіх улад. Але расейская імпэратрыца Кацярына ІІ прызнала правы Храптовічаў на Бакшты тэрмінам на 50 год. Нягледзячы на папярэднюю цяжкую вайну Вялікага княства Літоўскага з Расеяй, Бакшты заставаліся вялікім паселішчам у Налібоцкай пушчы й амаль што нараўне з Налібокамі мелі ролю другога цэнтру кіраваньня рэсурсамі Налібоцкай пушчы, цяпер ужо пад валоданьнем Храптовічаў.


З нагоды спрэчак і адпаведных судовых спраў за зямлю паміж Радзівіламі і Храптовічамі як асноўнымі ўладальнікамі тэрэну Налібоцкае пушчы, былі ўсталяваны пэўныя заўважныя межы паміж іхнімі валоданьнямі. Гэтыя валоданьні з цягам часу пасоўваліся ў той або іншы бок. Пераносіліся й адпаведныя межы. Пераважна Радзівілаўска-Храптовічскія межы ўсталёўваліся па рэчкам, але таксама яны мусілі пракладвацца наўпрост праз лес або леса-багенны тэрэн у выглядзе трыбы, што значыць прасекі шырынёй да 10 мэтраў. Гэтыя прасекі паднаўляліся абодвума бакамі праз 3-5 гадоў. Былі вядомы межавыя прасекі пры Графскай пушчы Храптовічаў недзе ад Чорнай праз урочышча Махначова да Нёмну ніжэй Наднёманскай (Сіняўскай) Слабады. Тая трыба даходзіла да Нёмну недзе ва ўрочышчы Галязоўшчына. Асноўнае жа разьмежаваньне Графскай пушчы з Радзівілаўскімі валоданьнямі ішло па рэчцы Бойнай або ў тыя часы яе напэўна называлі Буйнай. На паўночным захадзе Радзівілаўскіх валоданьняў у розныя часы гэтакія жа трыбы пралягалі праз леса-багенныя ўрочышча Юніца, Кухня і Высокая Града ад рэчкі Ізьледзі да рэчкі Быстрай. У найбольш істотных, або чымся спрэчных пунктах мяжы ставілі межавы знак – тоўсты дубовы слуп з адпаведнымі знакамі на капаным грудку вышынёй каля мэтра.


Істотна распавесьці, якія то былі паселішчы людзей, коннаездныя дарогі, масты праз Нёман і Бярозу (то бок цяперака  Заходнюю Бярэзіну), а таксама асноўныя водныя шляхі для перасоўваньня па абшары Налібоцкае пушчы ў далёкія часы Радзівілаўска-Храптовічскага валоданьня. На польскай мапе 1770 году ў прыблізных межах сучаснай Налібоцкай пушчы зазначаны няшмат людзкіх паселішчаў, але істотна зацеміць, што цяперака амаль што кожнае чацьвертае зь іх ужо не існуе. Асабліва цікава, што прыблізна недзе 2-3 кілямэтры на паўночны захад ад сучаснай вёскі Кляцішча ў бок хутара Вайнілаўшчына ў другой палове ХVІІІ-ага стагодзьдзя было людзкое паселішча кшталту вёскі, што звалася Мікалаева, а сам увесь гэты вялікі лясны абшар сучаснай Налібоцкай пушчы на той польскай мапе быў зазначаны як Мікалаеўскі лес. Цяперака гэтага паселішча на тым мейсцы няма, але вядома невялічкае ўрочышча Мікалаева, што мейсціцца па левабярэжжу Жоўта-Неманскага каналу каля былой багны Карыцішча. Верагодна, што тая вёска Мікалаева мейсцілася на даволі буйным кавалку суходольный зямлі з урадлівымі глебамі, што паміж багеннай далінай рэчкі Вусы й нізіннымі багнамі Карыцішча й Крывухі. Таксама істотна прыгадаць, што ў тым прынеманскім рэгіёне ёсьць іншая вёска Мікалаева на беразе Нёмна, але гэта ўжо досыць далёка за межамі Налібоцкай пушчы.


Распавядзём пра асноўныя коннаездныя дарогі, што існавалі ў Радзівілаўска-Храптовічскія часы. Будзем апавядаць з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход, але перад гэтым зазначым, што па ўсім навакольлям Налібоцкай пушчы было шмат розных меншых дарог і пра іх тутай апавядаць ня будзем. Засяродзімся толькі на собка пушчанскіх дарогах, то бок аб дарогах пралеглых праз пушчанскія абшары, пераважна лясы або грэблям праз багну. Вялікі гасьцінец з Менску пралягаў з боку Валожына ўсьцяж даліны ракі Іслачы на Бакшты й далей на захад аж да Гародні. Ад Расолішак было адгалінаваньне з гэтай дарогі на поўнач уздоўж даліны ракі Валожынкі, а ад Бакштаў дарожныя адгалінаваньні на поўнач і на поўдзень уздоўж даліны ракі Бярэзіна з двух бакоў. На поўдзень яны пераважна пралягалі да вялікай буды на Бярозе, тамака, дзе цяперака хутары Конікі ды Паташня. З правабярэжжа ад Паташні дарога ішла на захад да ўжо апісанага Бакштанскага гасьцінца, дзе цяперака пралягае Гарадзенская траса. Крыху далей на паўднёвы захад ад гэтага гасьцінца пралягала дарога на поўдзень да Чапуні. З левабярэжжа Бярэзіны ад Конікаў дарога вяла праз суцэльны лясны масіў да Івянца, ад якой было два паўночных адгалінаваньня ў бок ракі Іслачы ды  Бакштаў. Прыблізна на сярэдзіне гэтай дарогі быў хутар, які гэтак і зваўся Паўдарожжа, то бок які мейсьціўся на палове таго гасьцінцу. З Налібокаў ішла дарога праз Рудню Налібоцкую, а там на паўночны захад у бок гасьцінца Івянец-Бакшты. Да гэтай дарогі Налібакі-Бакшты з Каменя праз Пятрылавічы пралягала дарога па правабярэжжу Вусы, якая ядналася з ёй у Рудні Налібоцкай.  Па левабярэжжу Вусы да дарогі Налібакі-Бакшты вяла дарога з Прудоў. У Рудні Налібоцкай бальшак Налібакі-Бакшты меў зваротку на Кляцішча.


Існаваў гасьцінец ад Любчы й Купійска ўздоўж даліны Нёмна, а з роўню Галяндэрні і Броднага гэты гасцінец праставаў на Налібакі  праз багну й суцэльны лес . За Бродным ён быў пракладзены па грэбле праз багенную Валасеньскую галявіну. Ад згаданага бальшака Любча-Налібакі былі дарожныя адгалінаваньні ў бок Будаў і Сьмейна. З Любчы была дарога на Бярозу, а адтуль на Чарневічы й у бок гасьцінца на Гародню. На паўднёвым усходзе сучаснай Налібоцкай пушчы ў тыя часы ад Наднеманскай (пазьней Сіняўскай) Слабады вяла адна з найбольш развойных дарог на Налібокі, па якой Радзівілы й іхняе службоўцы ў асноўным перасоўваліся зь Нясьвіжу да Налібокаў.


Цікава, што з большага ўсе гэтыя дарогі, гэтаксама і пракладзеныя ў іх накірунках сучасныя жвіроўкі й асфальты функцыянуюць як асноўныя дарогі і дагэтуль аж з Радзівілаўска-Храптовічскіх часоў. З таго як пралягалі гэтыя дарогі даўней яшчэ раз відавочна тое, што ў тыя часы ў асяродку абшараў Налібоцкай пушчы Налібокі й Бакшты былі двума найбольш развойнымі людзкімі паселішчамі. Мястэчкі Мір, Любча, Шчорсы, Вішнява, Івянец ды Валожын хоць і мелі значнае дачыненьне да Налібоцкай пушчы, але ўсё ж такі яны мейсціліся неяк абапал яе, і ў гэтым сэнсе не могуць звацца пушчанскімі. Цяперака й Налібокі ўжо далёка не пушчанскія, бо ў Налібоцкіх ваколіцах суцэльны лес зьведзены, але дагэтуль існуе леса-аграрная мазаіка са значнай дзелью леса.


Падаецца істотным крыху распавесьці аб мастах праз паўнаводныя рэкі Нёман і Бярозу ў тыя старадаўнія часы. Паразумела, што ўсе іншыя рэкі можна было перасячы конна з паклажамі ўброд, а вось Нёман і Бярэзіну пераважна толькі ўплаў. Гэтакія брады праз меншыя рэчкі добра ведалі, і да іх у Налібоцкае пушчы ішлі коннаездныя дарогі. За найбольш істотнымі брадамі нават замацоўвалася адпаведная назва мясцовасьці навокал. Гэтак гаспадарска значны брод быў добра вядомы на досыць воднай рацэ Вусе непадалёк ад ейных сутокаў з Нёмнам. Тое мейсца сталі называць Броднае і тамака ўтварылася аднайменнае людзкое паселішча, што вядома з XVI-ага стагодзьдзя й існуе да цяперашняга часу ў выглядзе хутара з трыма сядзібамі. Як ужо казалася, праз досыць паўнаводныя Бярозу й асабліва праз Нёман пераправіцца было ня гэтак латва. Брады існавалі і на гэтых рэках, але для пешага або коньніка і не ў палавень. Пераправіць праз іх гружоны воз было немагчыма нават у летнюю сухмень. З гэтай нагоды будаваліся драўняныя масты. Найбольшыя масты на тоўстых палях былі ў Наднеманскай (Сіняўскай) Слабадзе на дарозе Радзівілаў з Нясьвіжу ў Налібакі й у Бакштах – адным з цэнтраў гаспадарыньняХраптовічаў. Гэтыя маставухі былі абсталяваны ледарэзамі з каванымі жалезнымі лязамі. Астатнія масты праз Нёман у Шчорсах, Любчы, часам у Купійску і Дзялятычах былі наплыўныя і разборныя. На гэта вымагаў лесасплаў, які ўжо інтэнсіўна распачаўся ў Налібоцкае пушчы па Нёмну ад сутокаў з Вусаю.


Што тычыцца водных шляхоў, то паразумела, што імі былі ўсе досыць паўнаводныя рэкі Налібоцкага тэрэну як то Нёман, Бяроза, Іслач ды Вуса, па якіх плавалі ня толькі на даўбёнках (вузкая лодка, што выдаўблена з тоўстага стаўбура асіны) і малых дошачных чаўнах, але і на віцінах. Па Нёмне й Бярозе плавалі Радзівілаўскія ды Храптовічскія пласкадонныя віціны грузапад’ёмнасьцю да 30 тон, якія мелі як ветразевы, гэтак і пераважны грабны рух. Разам з гэтым Радзівілаўскімі й Храптовічскімі  службоўцамі (пераважна баброўнікамі, а таксама асочнікамі й стральцамі) шмат ужываліся асінавыя даўбёнкі. Асабліва зручны даўбёнкі былі дзеля перасоўваньня па рэчкам сярод дзікіх пушчанскіх абшараў, куды не вяло аніякіх коннаездных дарог, або проста набітых сьцежак. Гэтакімі рэчкамі былі Волька, Ізьледзь, Жаўцянка, Пружэніца, Паўночная Каменка, Лебяжода, Краманіца, Чорная, Гальшанка, Саха, Быстрая, Ліпніца, Бойная ды  Чапунка.


Асаблівасьці гідраграфіі Налібоцкага тэрэну дазвалялі латва ўтвараць шэраг надта зручных колавых водных шляхоў, па якіх нярэдка сплаўляліся баброўнікі, а калі й асочнікі або нават стральцы. У самым простым выпадку колавы маршрут складаўся тады, калі дзьве суседнія амаль што паралельныя рэчкі ўцякаюць у адну і тую ж большую рэчку, а вярхоўя гэтых рэчак разьмяшчаліся даволі блізка адзін ад аднаго – штось блізу некалькіх кілямэтраў ходу праз пушчанскія нетры. Тады чалавек мог даплыць да яшчэ праплыўных вярховьяў аднае рэчкі. Пасьля пешкі перабрацца да пэўнага мейсца другой рэчкі. Тамака сесьці на другую даўбёнку схаваную загадзя ў мінулы супрацьлеглы праплыў ды паплыць уніз па гэтай другой рэчцы. Потым, даплыўшы да большай ракі, трэба было падняцца па ёй уверх проці цячэньня да вусьця той рэчкі, адкуль ён выпраўляўся. Наступны раз гэты чалавек праплываў гэты водны шлях у супрацьлеглы бок. Гэтакія колавыя водныя шляхі, што карысталіся гэтакім чынам у тыя часы былі наступныя: Жаўцянка – Пружэніца – Волька, Сівічанка – Альшаніца – Волька, Лубянка- Волька, Ізьледзь – Каменка, Ізьледзь -Волька – Бяроза – Нёман – Вуса – Вадзічанка, Бойная – Чорная – Краманіца.


Карыстаньне гэтакіх водных маршрутаў стала меншаць пасьля значнага пашырэньня сецева лясных коннаездных дарог з сярэдзіны ХVІІІ-ага стагодзьдзя, калі Радзівілы, ды й Храптовічы распачалі шмат лесанарыхтовак у Налібоцкай пушчы па большай частцы яе абшараў. Тады яны былі вымушаны паляпшаць стан тых дарог, што ўжо існавалі, і пракладваць новыя дарогі. Таксама ў ХVІІІ-ым стагодзьдзі па загаду й на грошы гэтых жа магнатаў былі пракладзены шэраг дарог ад Вішнева на поўдзень, паўднёвы ўсход і паўднёвы захад (гаспадарка Храптовічаў), а таксама ад Рудні Налібоцкае на паўднёвы захад (гаспадарка Радзівілаў). Мэтаю гэтых дарог была дастаўка балотнай жалезнай руды з урочышчаў Руда ў даліне Вусы (у выпадку Радзівілаў) і ўрочышчаў Рапея, Чорная Вымоіна, Барценіха й Жардзелі пераважна ў даліне Бярозы, ды й багнах абапал яе (у выпадку Храптовічаў).


Больш-менш распавёўшы аб тым, якія магнаты валодалі ў XVI-XVIII-ых стагодзьдзях тэрэнам Налібоцкай пушчы, а таксама распавёўшы аб тагачасных людзкіх паселішчах і дарогах у Налібоцкае пушчы й абапал,  істотна распавесьці аб працаўніках, што служылі тамака ў леса-паляўнічай гаспадарцы, а таксама што й як яны рабілі.


Радзівілаўскай лесанарыхтоўчай і лавецкай гаспадаркай Налібоцкага тэрэну кіраваў лоўчы, што мешкаў у Налібоках. Ён падпарадкоўваўся генэральнаму лоўчаму з Нясьвіжа. Генэральны лоўчы ачольваў ня толькі гэту прынёманскую пушчу, але й шмат якія іншыя лясныя абшары, якія ляжалі па абодва бакі ад Нёмну. Таму яго часам клікалі як Занёманскі і Наднёманскі лоўчы. Як ужо распавядалася, Радзівілаўская гаспадарка ў леса-багенным тэрэне  па правабярэжжу Нёману складалася з трох падлавецтваў: Налібоцкае, Дзераўноўскае і Хотаўское. Падлавецтвы падзяляліся на меншыя гаспадарскія адзінкі, што называлі стражамі. Кожнае падлавецтва ачольваў свой падлоўчы. Лоўчы даваў загады, якія рассылаў коннымі пасыльнымі. Таксама ён ажыцьцяўляў беспасярэдні кантроль пад час собкіх тэрэновых рэйдаў, каб на вока спраўдзіць, як то рухаюцца належныя справы ў падначаленых. Кожны месяц лоўчы павінен быў аб’езджаць бліжэйшыя лясныя абшары і адпаведныя ім гаспадарчыя афіцыны, а кожныя тры месяцы гэтакія ж больш аддаленыя зь іх. Сувязь падлоўчага з лоўчым трымалася на штомесячнай справаздачнасьці, якія звычайна падлоўчы самаручна вёз да лоўчага, а гадавыя й некаторыя тэрміновыя (напрыклад пры распаўсюджваньні лясных пажараў у летнюю сухмень) справаздачы трэба было везьці да генэральнага лоўчага. У сваю чаргу генэральны лоўчы рэгулярна рыхтаваў сваю справаздачу для Радзівіла, якую ён базаваў на падставе адпаведных справаздач лоўчых ды альтэрнатыўнай інфармацыі ад падлоўчых. Гэтакае дубляваньне справаздачнасьці дазваляла здабываць больш праўдзівую й адэкватную інфармацыю аб стане ў гаспадарцы і стрымліваць падлоўчых ад падачы скажонай справаздачнасьці. Налібоцкі падлоўчы мешкаў ва ўрочышчы Бродным, што знаходзілася ў зручным мейсцы на беразе ніжняга цячэньня Вусы й на адзіным шляху ад мястэчка Любча што на супрацьлеглым баку Нёмна. Гэтая дарога пралягала праз возера Кромань з гаёўняй пры ім ды потым праставала праз суцэльны лес у Налібакі. Гэтае мейсца звалася Броднае з-за зручнага броду ў выспавы экалягічна багаты сухадольны фрагмэнт з хваёвым борам і шырокалісьцёвым лесам, што прасьціраўся паміж багеннай далінай ракі Вусы й раскошным багно Паўднёвае Ўюнішча. У тыя часы той лес на поўнач ад Броднага зваўся Казлоў Барок, ці проста Барок. Гэта мейсца й цяперака завецца Броднае з адпаведным хутарам, а па-за былой далінаю Вусы ёсьць хутар Казлоў Барок.

Дзераўноўскі падлоўчы жыў пры Нёмне ў Наднёманскай Слабадзе, што цяперака завецца Сіняўская Слабада. Мейсца ягонага жыхарства таксама было абрана невыпадкова, бо гэтае паселішча мейсьцілася на былым гасьцінцы, што праставаў ад Раздзівілаўскага маёрку ў Нясьвіжы, таксама праз шэраг Занёманскіх вёсак і мястэчак (Мір, Ярэмічы, Турэц і іншыя) ды й ішоў на Дзераўную й далей на Налібакі. Тамака й цяперака ёсьць адпаведная дарога, якая ад Сіняўскай Слабады пралягае праз лес у выглядзе малаезжай лясной дарогі ля хутароў Рудзьмы. Па шырокаму прагалу гэтай дарогі й цяперака добра відаць яе былая развойнасьць. Калісьці менавіта па гэтай дарозе праходзілі конна-вярблюдныя караваны паляўнічых выпраў Радзівілаў з Нясьвіжу ў Налібакі. Хатаўскі падлоўчы жыў у Ляўкаўшчыне непадалёку ад самой Хатавы.


Кожны з падлоўчых павінны былі штотыдзень аб’яжджаць найбольш каштоўныя лясныя дзялянкі, лоўчыя водступы, асноўныя гаёўні, а таксама й буды, калі яны былі ў падлавецтве. На будах ажыцьцяўлялася апрацоўка драўніны, выраб попелу, вугалю, паташу і дзёгцю й кантроль усяго гэтага займаў нямала часу. На сваім кантрольным шляху падлоўчыя абавязкова заяжджалі ва ўсе падначаленыя афіцыны. Выбарачна кантралявалася выкананьне службовых абавязкаў шараговымі працаўнікамі рознага кшталту, якіх цалкам называлі лясовымі. Сярод іх былі стральцы або стражнікі, лясьнікі, асочнікі, баброўнікі, рыбнікі, бортнікі, траўнікі, звярыньнікі і базантарнікі. Часта ўжывалася сумяшчэньне функцыяў у пералічаных накірунках дзейнасьці, напрыклад: звярыньнікаў і базантарнікаў, рыбаловаў і баброўнікаў, асочнікаў і баброўнікаў, лясьнікоў і траўнікаў, бортнікаў і траўнікаў, але стральцам звычайна не прыдавалася аніякіх іншых функцыяў акрамя іхняй кантрольна-ахоўнай. Разам з тым стральцы былі заўсёднікамі на магнацкіх паляваньнях і шмат у чым кіравалі іхняй хадою.


Дзеля ўяўленьня маштабу дзейнасьці нагадаем, што цягам XVII-ага і XVIII-ага стагодзьдзяў за выняткам цяжкім ваенных часоў (калі службоўцаў значна меншыла), напрыклад, у Налібоцкім падлавецтве стала працавала ад 12 да 27 чалавек. Акрамя гэтых службоўцаў падлавецтвамі нанімалася на працу шмат людзей на вылаў рыбы па Нёмну й у Кромані, дзеля высечкі лесу, коннай трылёўкі бярвеньняў да румаў і буд, дзеля працы на будах па апрацоўцы дрэўны, вырабу поташу ды дравеснага вугалю. Заўжды асноўную частку з ліку асноўных службоўцаў падлавецтваў складалі стральцы і бортнікі. Некаторыя службоўцы, хаця й жытлавалі на тэрыторыі пэўнага падлавецтва, але падпарадкоўваліся наўпрост лавецтву, або адпаведным ачольнікам Радзівілаўскай канцылярыі ў Нясьвіжу як тое зьвярыньнікі, базантарнікі, або рыбнікі ды траўнікі. Гэтак на тэрыторыі Налібоцкага падлавецтва жытлавала ня менш васьмі працаўнікоў зьвярынцаў, а таксама шэраг траўнікаў (ня менш 6 асоб), якія працавалі па найму Радзівілаўскай аптэкі ў Нясьвіжу. Калі цалкам усіх падлічыць, хто працаваў на Радзівілаў у Налібоцкім падлавецтве за грашовыя выплаты больш менш працягла цягам году, то тое будзе складаць ня менш ста асоб.

Ахову пушчанскіх багацьцяў ад гвалтоўнага карыстаньня ажыцьцяўлялі стральцы, якіх часам таксама называлі лясной стражай, або проста стражнікамі. Адсочваюцца значныя часовыя адрозьненьні ў карыстаньні найменьня дзеля абазначэньня гэтае пасады на лясной службе ў Радзівілаў і Храптовічаў. Чымся бліжэй да XIX-ага стагодзьдзя, тым часьцей стральцоў клікалі стражнікамі, а пазьней аб’ездчыкамі, якія становяцца ўсё менш ваенізаванымі. Паступова зьяўляюцца адначасова і аб’ездчыкі, і стражнікі як дзьве адрозныя пасады ў лесагаспадарскіх і лавецкіх валоданьнях Радзівілаў (таксама і ў Храптовічаў). Аб’ездчыкам пераважна даручаліся функцыі вандроўных аб’ездаў угодзьдзяў з мэтай паўсюднага кантролю і своечасовага вызначэньня парушэньняў і праблемных сытуацый, тады як стражнікам пераважна даручаліся ўсё больш лякальна-вартаўнічыя функцыі. Гэтак ужо было ўсталявана ў XIX-ым стагодзьдзі, а ў XVI-ым, XVII-ым стагодзьдзях ды да другой паловы XVIII-ага стагодзьдзя менавіта стральцы-стражнікі паўсюдна ў Налібоцкай пушчы ў значнай меры ахоўвалі яе ад гвалтоўнага карыстаньня, кантралявалі дазволеную эксплуатацыю рэсурсаў, правы ўваходу навакольнага сялянства і дробнай шляхты ў лясы ў адпаведнасьці зь іхнімі купленымі на то білетамі або дадзенымі часовымі дазволамі ды прывілеямі. Пры дробных парушэньнях з боку сялян стральцы мелі права спаганяць грошы, аб чым павінны былі дакладаць падлоўчаму. Туды жа й здаваліся спагнаныя грошы – штрафы. Права выраку пры большых парушэньнях сялян, або любых гэтакіх з боку шляхты надавалася падлоўчаму й лоўчаму або нават асобе вышэйшай пасады па прадстаўленьню абвінавачаньня з боку стражнікаў ды падлоўчага.


Стральцы на службе ў магната Радзівіла ў Налібоцкай пушчы.   Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Стральцы на службе ў магната Радзівіла ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Ганны Сідаровіч.

Стральцы перасоўваліся пераважна конна, а часамі пешкі або на чаўнах. Кожны са стральцоў быў адказны за пэўную  стражу, якою лічыўся адміністрацыйна найдрабнейшы лясны кавалак – складальнік падлавецтва. Адылі сваю варту стральцы несьлі часьцей удвох, а то і ўтрох, супольна ахоўваючы некалькі стражаў. Цэнтрам спраў у стражы ў большасьці выпадкаў была буда – больш ці менш дробнае лесагаспадарскае прадпрыемства. Тамака  ў спэцыяльным будынку буды разьмяркоўвалася стражніца як мейсца знаходжаньня стральцоў. Таксама нярэдка стражніца была мейсцам іхняга адпачынку й захаваньня харчоў ды дадатковага рыштунку. Акрамя стражніц у стражах дзеля забесьпячэньня жыцьцёвых патрэб стральцоў у Налібоцкім, Дзераўноўскім і Хотаўскім падлавецтвах было ўтворана 10 спэцыяльных (не побач з будамі) мейсцаў іхняга часовага, або сталага пражываньня. Гэтыя стражніцы пераважна разьмяркоўваліся паблізу найбольш каштоўных пушчанскіх мейсцаў і ў дадатак у чымсьці адмысловым мейсцы больш вартым для пільнага сачэньня за сытуацыяй навокал. Гэтак паблізу сутокаў Сулы й Нёмна на гары, што ўзвышаецца над рачной далінай, была гэтакая стражніца. Тое мейсца й цяперака тамтэйшыя людзі мянуюць як Стражава Гара. Тэрмін працягласьці няспыннай варты стральцоў быў штосьці каля тыдня. Праз тыдзень іх мянялі іншыя стральцы. Калі стражніц наўкол не было, то стральцы проста абыходзілі адведзены ім для пільнаваньня лясны тэрэн, спаўшы на шэрагу собка сарганізаваных табарышч сярод лесу.

Стральцам давалася вайсковае званьне паручніка й пад час ваенных ліхалецьцяў яны заклікаліся да войска і зь іх часам фармаваліся асобныя палкі. На гэтую пасаду набіраліся людзі са шляхты або з шэрагаў заможных сялян. Узбраеньне стральцоў складалася з паляўнічай стрэльбы, гусарскага палашу ды часам і пісталету. Яны ўмела абыходзіліся са зброяй і лічыліся вельмі трапнымі стралкамі. Менавіта таму іх і клікалі стральцамі гэтых стражаў Радзівілаўскіх лясных абшараў. Для іх шылася з сукна спэцыяльная форма, якую называлі барваю. У цёплы сэзон гэта быў мундзір зялёнага колеру, на галаве фэтравы капялюш з шырокім, загорнутым з левага боку рондам, ледэрверк з чорнай скуры (ледэрверк ёсьць скураныя лейцы для нашэньня зброі і амуніцыі). Лоўчы выдаваў стральцам спэцыяльны блішчасты мэталёвы знак, які павінен быў прышпільвацца да вопраткі. Таксама дазвалялася пераносіць гэты стралецкі знак схаваным у кішэні ці ў сакве. Пры значных дзеях як тое магнацкае паляваньне, выкрыцьцё клусаўніцтва або кантроль білетаў на ўваходах у лес у грыбны або ягадны час ад стральцоў патрабавалася, каб стралецкі знак быў прышпілены да вопраткі. Гэты знак сьведчыў аб іхніх паўнамоцтваў ад Радзівілаў.


Заўсёднай часткай паходнага майна стральцоў былі саквы ды розныя адмысловыя конныя паклажы. Саквы былі скураныя, лыкавыя, або зрэбныя. Іншыя паклажы на каня ў выглядзе вялікай торбы, або заплечніка былі пераважна скураныя з дзягамі дзеля іхняй прымацоўкі да сядла,а таксама дзеля зручнага нашэньня за плячыма. Гэтыя саквы або заплечнікі часам былі адмыслова ўпрыгожаны самімі стральцамі або іхнімі жонкамі. Перавозіліся ўсе гэтыя паклажы на стралецкім кані па-за сядзёлкам. Летнія саквы былі невялікія, а ў сьцюдзёны сэзон конныя паклажы стральцоў улучна саквы былі заўважна большымі, каб забясьпечыць спаньнё й увогуле спрытнае выжываньне ў зімовым лесе і каб не выдаткаваць зашмат працоўнага часу на здабыцьцё ежы, сухой і досыць цёплай вопраткі ды й іншага пільна патрэбнага. Узімку стральцы апраналіся менш адмыслова чымся ў цёплы сэзон. Часьцей за ўсе гэта былі звычайны кажух і капялюш з аўчыны ды скураныя боты.


Што тычыцца асочніка, то ягоная пасада была субардынацыйна ніжэйшыя за стральцоў-стражнікаў. Стральцы мелі паўнамоцтвы даваць асочнікам распараджэньні, якія напэўна загадзя былі ўзгаднёныя з падлоўчым, або з лоўчым. У асочнікі прымалі выключна сялян, досыць спрактыкаваных у лавецкай справе. Асочнікі займаліся высочваньнем зьвяроў і паляўнічай птушкі, што ўлучала пошук асноўных мейсцаў іх адстою, харчаваньня, размнажэньня ды іхніх пераходаў. Асабліва пільная ўвага асочнікаў аддавалася вышуку мейсцаў выпладу патомства, позьнезімовага перажываньня зьверыны гэтага найцяжэйшага часу з друзлым глыбокім сьнегам і звычайнай бяскорміцай, а таксама пошуку зьвярыных пярэсмыкаў. Пад пярэсмыкамі разумеліся вузкія, чымсьці абмежаваныя сцежкі-пераходы зьвярыны, якія злучалі экалагічна ёмістыя для іх варункі. Асаблівая ўвага аддавалася пошукам пярэсмыкаў ваўкоў ды капытных, дзе можна было іх латвей паляваць як са стрэльбай, гэтак і разнастайнымі пасткамі. У пэўным пушчанскім абшары, што быў замацаваны за асочнікам, усё гэта трэба было дасканала ведаць цягам году з улікам сэзонных асаблівасьцяў. Асочнікі вызначалі лічэбнасьць паляўнічых зьвяроў і птушак розных гатункаў і вышуквалі зручныя мейсцы, якія былі б найбольш прыдатнымі для паляваньня. Менавіта асочнікі былі асноўнымі службоўцамі, што беспасярэдні забясьпечвалі магнацкае паляваньне. Стральцы таксама мелі важкі ўдзел у паляваньні і ў кіраваньні іхняе хадою; гэта значыць у самой дзеі паляваньня, але не ў падрыхтоўцы.


Паляваньне на глушцовых токах з асочнікам. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Адылі, усялякія падрыхтоўкі паляваньня ў гаспадарцы Радзівілаў былі даволі шматлікія, працаёмістыя і ў тым ліку будаўнічага кшталту. Трэба было збудаваць шмат засідак на дрэвах (або іх называлі вышкі, будан-вышкі, вышкі-засідкі) з мэтаю падпільноўваньня дзікіх капытных ды ваўкоў з лісамі. Гэтыя паляўнічыя буданы-вышкі мелі выгляд невялічкай хаткі, збудаванай на вышыні 2-5 мэтраў. Яны слугавалі асочнікам дзеля адстрэлу ваўкоў і лісаў. Таксама пад час магнацкіх паляваньняў туды размяркоўвалі дзеля паляваньня капытных менш важлівых гасьцей Радзівілаў. Будоўля гэтакіх паляўнічых засідак на вышках ажыцьцяўлялася асочнікамі, разам з лесьнікамі і простымі наймітамі. Падобныя буданы, але разьмеркаваныя на зямлі (іх часам называлі зямецкія буданы), рабілі ў мейсцах глушцовых і цецеруковых токаў. Перш за ўсё гэтакія збудаваныя засідкі або проста лавецкія буданы рабіліся ў пушчанскіх водступах, якімі былі прыгожыя, экалягічна ёмістыя ды раскошныя дзялянкі пярвотнага лесу з прагаламі рачных далін і багенных галявін. Таксама важлівай задачай асочнікаў было кіраваньне будоўляй і доглядам загонных агароджаў і памостаў дзеля лавецкага забойства магнатамі навалы нагнаных зьвяроў.


Кожнае падлавецтва Налібоцкага лавецтва мела адно, а то і два гэтакіх загонаў. Загоны агароджвалі парканамі з дубовых бярвеньняў 20-30 сантымэтраў дыямэтрам (1-2 пядзі) і каля шасьці мэтраў даўжынёй. Канец гэтакага слупа загостравалі , а яго ніжнюю частку ўкопывалі ў дол на два аршыны (каля палутара мэтраў). Адлегласьць паміж суседнімі слупамі загону павінна быць не балей пядзі (недзе каля 14-18 сантымэтраў). Таксама на водступах па адвечных барох і дубровах забясьпечваўся конны праезд да загонных памостаў. Гэтакі праезд быў не проста коннаезднай дарогай, а шырокай у 30-50 мэтраў паскай па прачышчанаму лесу, дзе можна было бясьпечна скакаць на конях шматлікім удзельнікам магнацкага паляваньня. Догляд за дарогамі і коннымі праездамі, што вялі прынамсі да лавецкіх загонаў быў таксама абавязкам асочнікаў. Вядома, што большасьць тае працы выконвалася іншымі наймітамі, але кантроль, распараднасьць, як тое рабіць, і адпаведна адказнасьць была на замацаваным да мейсца асочніку. Тамтэйшы стралец павінен быў таксама пераканацца, што ўсё зроблена, як мае быць, і дакласьці падлоўчаму або нават лоўчаму (калі абавязак быў адмыслова важлівы, як тое напярэдадні княскага паляваньня) са сваімі заўвагамі. Гэтакім чынам на стральцу гэтак жа была адказнасьць за абсталяваньне паляўнічых водступаў і іншых лавецкі істотных мейсцаў.


Што тычыцца загонных агароджаў і памостаў дзеля вялікага княжскага паляваньня са шматлікімі зазванымі вяльможнымі гасьцямі, то ў Налібоцкай пушчы пэўны час (у першай палове XVII-ага стагодзьдзя, а мажліва і напрыканцы XVI-ага стагодзьдзя й у сярэдзіне XVIII-ага стагодзьдзя) быў зроблены вялізарны загон з парканным плотам. Гэты парканны загон меў форму трохкутнага калідора, што звужаецца. У ім было шмат адмысловых брам дзеля штодзённага заходу дзікіх жывёл, якія зачыняліся пад час загоннага паляваньня.  Ягоны пачатак быў надта шырокі, цягнуўся на кілямэтры і разьмяркоўваўся ад Прудоў на поўначы аж па-за Налібакі на поўдзень. Вузкі выхад парканнага загону ўсяго каля 30-100 мэтраў ушыркі разьмяркоўваўся каля Будаў. За Будамі той загон упіраўся ў травяное багна, што цягнулася ў бок урочышча Шубін.  Побач з гэтым выхадам былі збудаваны паляўнічыя памосты і шматлікія буданы-вышкі. Перад княжскім паляваньнем дзікія жывёлы максымальна падганяліся ў гэты парканны загон з бакоў праз шырокія брамы, што мелі таксама парканныя агароджы напрыканцы. Даўжыня гэтага вялізарнага парканнага загону была каля 15 кілямэтраў. Ягоны рамонт перад княжскім паляваньнем у Налібоках ажыцьцяўляўся сотнямі наймітаў і службоўцаў. Пад час гэтакіх княжскіх ловаў у шрэках (то бок адмысловых выкладаньнях ахвяр паляваньня) апыноўваліся сотні забітых зьвяроў у тым ліку дзясяткі зуброў і мядзьведзяў.


Радзівілаўская лавецкая працэсія на пераправе праз Нёман у Наднёманскай Слабадзе на шляху да Налібок, прыблізна XVII стагодьдзе. Малюнак Аляксандра Міцяніна.


Збор загоншчыкаў на Радзівілаўскія ловы ў Налібоцкай пушчы.   Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Збор загоншчыкаў на Радзівілаўскія ловы ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Забойства нагнаных зьвяроў з паляўнічай плятформы на  Радзівілаўскія ловы ў Налібоцкай пушчы.   Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Забойства нагнаных зьвяроў з паляўнічай плятформы на Радзівілаўскіх ловах ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Таксама стральцы разам з асочнікамі займаліся адловам зьверыны для радзівілаўскіх зьвярынцоў. Найчасьцей яны лавілі казуль, высакародных аленяў, дзікоў, зуброў і ласёў, а таксама ваўкоў, лісаў, выдраў, бурых мядзьведзяў, барсукоў ды партусаў (па-сучаснаму рысяў). Часам была патрэба ў жываадлове птушак, часьцей за ўсё качак, глушцоў ды іншых і цецеруковых птушак. Дзеля гэтага існавала вялікая разнастайнасьць пастак і ўсялякіх прылад для гэтакага жывёльнага жываадлову. Жываадлоў капытнай жывёлы за вытрымкай зуброў у асноўным ажыцьцяўляўся мярэжамі з досыць тоўстых прасмаленых ільняных вяровак, што ставіліся лаўцамі  пад ухілам на высокіх палях. Зуброў і дзікоў лавілі жыўцом у спэцыяльна зробленыя загародкі ў мейсцах іхняга частага праходу з прынадай у асяродку. Жывых птушак лавілі малымі адмысловымі сецямі-путанкамі й у розныя іншыя сілы. Каваныя жалезныя капканы (залёзкі) уладкоўвалі ды маскавалі для адлову жыўцом, ці здабычы намертва ваўкоў, баброў, выдраў, норак, куніц, лісаў, барсукоў і партусаў. Дзеля гэтага ж карысталі спэцыяльныя давілкі на падставе калоды, што падае. Маладых ласёў, высакародных аленяў ды дзікоў таксама лавілі адмысловымі калодкамі з спэцыяльнай лоўчай адтулінай, куды траплялі і захрасалі капыты. З гэтакай калодкай хадзіць было цяжка і захраслыя капытныя жывёлы лёгка адшукваліся і лавіліся. У лавецкай гаспадарке Радзівілаў было цьвёрдае патрабаваньне, каб усё адпаведнае лоўчае абсталяваньне павінна было быць у прыдатным для лова стане. Таму асочнікі мелі пільны абавязак даглядаць усё гэта.

Злоўлены ў залёзку воўк.   Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Воўк, што злоўлены ў залёзку. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Стральцы разам з асочнікамі таксама мелі павіннасьць кантролю лічэбнасьці ваўкоў, якія лічыліся надта шкоднымі драпежнікамі, бо былі канкурэнтамі людзям у іхнім спажытку капытных жывёлін. Спачатку ваўкоў пераважна забівалі з дапамогай адмысловых ям са спэцыяльнымі загонамі. Воўчыя ямы з загонам, як і загоны капытных з паляўнічымі памостамі патрабавалі шмат працы і ўтвараліся асочнікамі й сялянамі-наймітамі па загаду падлоўчых або лоўчага. У XVIII стагодзьдзі ваўкоў ужо пераважна забівалі на загонных аблавах, што выганяюць іх на стралкоў, якія разьмеркаваліся загадзя напрыканцы загону. Таксама ў другой палове XVIII стагодзьдзя ўжо пачынаюць зьнішчаць ваўка ў шырокіх прастакутных аблогах з сьмярдзючымі кавалачкамі зрэбʼя на вяроўках, што ўсталёўвалася па бакох загонаў і якіх ваўкі палохаліся перайсьці. Акрамя таго дзеля зьнішчэньня ваўкоў штовесну вышуквалі й забівалі воўчыя кодлы на логавішчах.


Загоншчыкі наганяюць ваўкоў на лоўчыя ямы.   Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Загоншчыкі наганяюць ваўкоў на лоўчыя ямы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Стральцы разам з асочнікамі таксама мелі павіннасьць кантролю лічэбнасьці ваўкоў, якія лічыліся надта шкоднымі драпежнікамі, бо былі канкурэнтамі людзям у іхнім спажытку капытных жывёлін. Спачатку ваўкоў пераважна забівалі з дапамогай адмысловых ям са спэцыяльнымі загонамі. Воўчыя ямы з загонам вымагалі шмат працы й утвараліся асочнікамі ды  сялянамі-наймітамі па загаду падлоўчых або лоўчага. У XVIII-ым стагодзьдзі ваўкоў ужо пераважна забівалі загоннымі аблавамі. Нагоншчыкі выганялі ваўкоў на загадзя разьмеркаваных стралкоў, якія ў нейкіх схованках чакалі іх напрыканцы загону. Таксама ў другой палове XVIII-ага стагодзьдзя ўжо пачынаюць зьнішчаць ваўка ў шырокіх прастакутных аблогах з сьмярдзючымі кавалачкамі зрэб'я на вяроўках, што ўсталёўвалася па бакох загонаў, і якіх ваўкі палохаліся перайсьці.


Акрамя таго дзеля зьнішчэньня ваўкоў штовесну вышуквалі ды забівалі воўчыя кодлы на логавішчах. Дзеля гэтага ў кожным лавецтве, а то і падлавецтве на гэтаю важлівую справу быў свой ваўчатнік-логавашукальнік, які на працягу кодлавага часу (канец красавіку-жнівень) займаўся пераважна пошукам і зьнішчэньнем ваўчанят. Пераважна гэтакі ваўчатнік быў на пасадзе асочніка, або нават стражніка. Фактычна іхні статус паміж іншымі службоўцамі быў адметна большы, і яны часам надзяляліся некаторымі прывілеямі асабліва лавецкага кшталту. Даволі распаўсюджаны загады Радзівілаўскіх падлоўчых і лоўчыў – у якасьці падзякі дазволіць пэўнаму задачнаму логавашукальніку ўпаляваць штосьці, або атрымаць грашовую ўзнагароду.


Падобны на асочніка быў прафэсійны занятак баброўніка, адно што ягоным спакменем дзейнасьці быў бабёр і іншыя футравыя зьвяры. Перш за ўсё, на пэўнай даволі шырокасяжнай тэрыторыі ён вышукваў новыя бабровыя паселішча (жарэмя), кантраляваў вядомыя раней жарэмя, фіксаваў колькі зь іх маюць хаткі, а якія з бабровых радзін мейсьцяцца ў норах. Таксама баброўнік ажыцьцяўляў ахову баброў ад клусаваньня. Асаблівая ўвага аддавалася бабровым гонам, пад якімі разумеліся рачныя дзялянкі з шматлікімі бобровымі жарэмямі. Па загаду лоўчага, або падлоўчага баброўнік здабываў баброў да Радзівілаўскай кухні. У сьцюдзёны сэзон баброўнік лавіў ня толькі баброў, але і выдзёр, норак, а таксама іншых гатункаў футравых зьвяроў (партус, лясная куна, ліс і гарнастай) ды аддаваў футра да Радзівілаўскага скарбу. Гэтыя ловы пераважна ажыцьцяўляліся залёзкамі. Акрамя таго баброў адлоўлівалі адмысловымі сецямі з  каванага дроту і з дапамогай спэцыяльных сабак. Гэтакія бабровыя сеці вырабляў баброўнік, ён жа выгадоўваў, навучаў і даглядаў свору бабровых сабак. Даволі часта асочнік мог сумяшчаць абавязкі асочніка і баброўніка.


Ваўкі, што нагнаны й гінуць ў лавецкіх  ямах.   Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Ваўкі, што нагнаны й гінуць ў лавецкіх ямах. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Калі ў ахове паляўнічых жывёл і паляваньні да стральцоў бліжэй усяго былі асочнікі і баброўнікі, то ў дачыненьні аховы лесу стральцы перш за ўсё ўзаемадзейнічалі з лесьнікамі, або палясоўшчыкамі. Таму як толькі к пачатку XIX-ага стагодзьдзя пасада стральца-стражніка пачала адыходзіць у нябыт, то гэты прафэсійны назоў усё балей пераходзіць да лесьнікоў. Тады іх клічуць па-рознаму: і як лесьнік, або палясоўшчык, і як стражнік, або страж лясны. Але ў Радзівілаўскія часы XVI-XVIII-ага стагодзьдзяў гэта быў адрозны прафэсійны занятак у леса-лавецкай гаспадарцы Радзівілаў. Адной з задач лесьнікоў была тая ж, што і ў стральцоў-стражнікаў, то бок ахова дзялянак з таварным лесам ад пажараў і гвалтоўных высечак. Але разам з тым лесьнікі, як і стральцы з асочнікамі, яны несьлі і паляўнічыя абавязкі. Таксама лесьнікі мелі абавязкі догляду за дарогамі, гранічнымі і супрацьпажарнымі прасекамі ад зарастаньня. У асноўным лесьнікі падбудоўвалі масткі і ляжнёўкі, што забясьпечвалі пераходы праз лясныя рэчкі. Разам з асочнікамі й іншымі наймітамі яны ўдзельнічалі ў збудаваньні паляўнічых буданоў-засідак, парканаў, агароджаў і памостаў. Па загаду падлоўчага лесьнікі намячалі лясныя дзялянкі пад высечку, знакуючы іх, а потым кантралюючы ад злоўжываньняў.


Бортнік на лесьбах, што аглядае калоду.  Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Бортнік на лесьбах, што аглядае калоду. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

У пэўнай меры асобна паводле спэцыфікі прафэсійнага занятку стаяў бортнік. Яны былі павінны даглядаць магнацкія борці (борць – гэта паселішча пчолак у стаўбуры дрэва, якое дагледжваецца і карыстаецца чалавекам) ды калоды (калода – гэта паселішча пчолак, што ўтворана ў частцы стаўбура тоўстага дрэва). Гэтакія калоды вывешвалі на тоўстыя дрэвы (калодныя борці), а таксама ставілі на дол (зямецкія калодныя вульлі), утварая зямецкія пасекі. Бортнікам трэба было вырабляць гэтакія новыя калоды ды борці, а таксама сачыць за тымі, што ўжо існавалі. У дагляд за гэтымі ўсімі пчэльнямі ўваходзіў збор мёду і воску, адлоў раёў і падрыхтоўка пчэльняў да зімоўкі і іншае. Асабліва шмат працы рабілася бортнікамі пры ўсталёўцы новых калодаў. Сам выраб калоды быў працаёмкім. Іх трэба было даставіць на мейсца ў лясныя цішкі, зручныя пчолкам дзеля збору мёду. На вялікім дрэве трэба было збудаваць плятформу з тоўстых дошак або жэрдак. Туды трэба было падняць цяжэзныя калоды, або ўмацаваць калоды на стаўбуры дрэва без апірышча зьнізу. Усё гэта вымагала адмысловага абсталяваньня, якое звалася лесьбы ды пад’ёмнік. Акрамя таго трэба было падрыхтаваць лёгкія й умяшчальныя жоўны дзеля збору мёду на вышыні пчэльнага дрэва й адмысловыя бочкападобныя ёмістасьці для складаньня мёду, а таксама дымары, каб адпудзіць пчолак цягам працы зь імі. Даволі часта трэба было падлекаваць пчолак ад шматлікіх пошасьцяў. Сярод іншага значным заняткам бортнікаў была ахова пчэльняў ад іх разбурэньня бурымі мядзьведзямі, якія даволі шчыльна засялялі абшар Налібоцкай пушчы. Гэтаксама трэба было берагчы пчэльні ад лясных кунаў, што часам рабілі значную шкоду ня  досыць дбайным бортнікам. Бортнікі мелі надта шмат працы, мёд і іншыя прадукты пчолагадоўлі былі надта каштоўнымі і запатрабаванымі. Таму бортнікі мелі досыць пашаны і  звычайна не далучаліся да іншых спраў лесанарыхтоўчай або лавецкай гаспадаркі магнатаў. Пашанотаў дадавала і тое, што як і ваўчатнікам-логавашукальнікам гэтак і задачным бортнікам мог быць далёка не кожны з сялян або шляхты.


Лоўля рыбы венцерамі на малой рацэ. Малюнак Ганны Сідаровіч.
Лоўля рыбы венцерамі на малой рацэ. Малюнак Ганны Сідаровіч.

Наступным службоўцам, якія былі прадстаўлены ў гаспадарцы Раздзівілаў у Налібоцкай пушчы быў рыбалоў або рыбнік. Само найменьне прафэсіўнага занятку кажа за сябе – адлоў рыбы да кухні Радзівілаў і іхніх набліжаных. Рыбу лавілі цягам году, што давала падставу быць на гэтакай пасадзе ўвесь час, але даволі часта баброўнік сумяшчаў свае абавязкі з адловам рыбы. Звычайна ў Налібоцкай пушчы ў гаспадарцы Радзівілаў было некалькі арцеляў рыбаловаў. Іхняя задача была лавіць рыбу і рачных ракаў, а таксама ахоўваць рыбныя мейсцы ад безьбілетнага лову. Акрамя адпаведных білетаў часовы або сталы дазволы на адлоў рыбы мелі арандатары ды некаторыя шляхцічы і сяляне. Адна арцель рыбнікаў аблаўлівала Нёман і ягоныя абалонныя азёры па старыцах ад Жукава Барку і да Дзялятычаў, другая арцель рыбаловаў працавала па Бярозе ад сутокаў з рэчкай Волькай і да вусьцяў Бярозы ў Нёмне. Акрамя таго, шляхціч, які арандаваў засьценак Устрынь-Баркі  што пры возеры Кромань, павінен быў лавіць рыбу і рачных ракаў у Краманьскім азяры. Рыбнікі мусілі здаваць уловы свежымі, а таксама і ў гатаваным сушаным або вяндлёным гатунку. Уловы дастаўляліся падлоўчаму, а той даручаў камусь адвозіць да Налібоцкага лавецтва і далей у Нясьвіж. Даволі часта рыбнікі мусілі наўпрост везьці рыбу і рачных ракаў да Нясьвіжу, бо ўловы маглі хутка сапсавацца. На сваім падворку рыбнікі мелі адмысловыя лядоўні, дзе пад скляпеньнямі назапашвалася шмат ільду, які памалу таяў і асобны з іх мог даляжаць аж да наступнай зімы. У гэтакіх лядоўнях захоўвалася рыба паміж адвозамі яе па назначэньню ў гаспадарку Радзівілаў.


На службе ў Радзівілаў заўжды былі спэцыялізаваныя траўнікі або зёлачнікі, якія зьбіралі й высушвалі травы на лекі й водарныя зёльныя ўзвары. Часам некаторыя лясьнікі выконвалі абавязкі зёлачнікаў, але заўжды былі й спэцыялізаваныя гэтакія службоўцы, якія захоўвалі шмат адмысловых ведаў. Гэтых ведаў з зёлкамі трэба было шмат, і яны ў асноўным перадаваліся ў межах радзіны спадкаемцам. У розныя часы былі вядомы гэтакія радзіны з Зьвярынцу, Усьценьска, Кляцішчаў, Чорнай, Асовых і Дзялятычаў. У Нясьвіжы Радзівілы мелі сваю аптэку, дзе высушаныя зёлачныя зборы дзеля лекавых напояў, ды й проста дзеля смачных, духмяных ўзвараў былі значна пададзены і карысталіся значным попытам.


Усе вышэй згаданыя службоўцы павінны былі трымацца пэўнай усталяванай дысцыпліны і сумленна выконваць усе як доўгатэрміновыя распараджэньні гэтак і  штодзённыя загады старэйшых па чыну. За злоўжываньні, або адмову выконваць загады ачольнікаў (лоўчага ці падлоўчага) лясовыя службоўцы рызыкавалі, бо маглі быць пакаранымі ў залежнасьці ад цяжкасьці праступку. У якасьці наказаньня магла быць вымова, часам проста грубая лаянка з боку ачольніка, або лясовы мог пазбавіцца пасады ды быць выселены з гаёўні, а ў горшым выпадку нават трапіць у вязьніцу. Адылі пераважна ўсё вырашалася больш-менш мірна і без астрогу. Звычайна цэлыя радзіны пастаўлялі службоўцаў для Радзівілаўскай гаспадаркі ў Налібоцкім лавецтве. У гэтакіх дынастычных радзінах лясовых службоўцаў прынамсі ўсе дзеяздольныя мужыкі былі ўцягнуты ў працу на Радзівілаў у пушчанскім абшары. У гэтых радзінах дзеці з малалецтва ўзгадоўваліся, каб быць дбайнымі і руплівымі службоўцамі ў лесагаспадарчай і лавецкай справе Радзівілаў. Пераважна яны былі пасьцівымі людзьмі й вернымі служакамі. Гэтакія радзіны мелі лепшыя ворныя землі і пашы. У іхніх хатніх гаспадарках было адносна балей гаспадарчых забудоў і быдла ў параўнаньні з вясковымі жыхарамі, якія пераважна таксама служылі Радзівілам праз падпарадкаваных ім шляхцічаў- арандатараў на Радзівілаўскіх землях. Адпаведна лясовыя службоўцы Радзівілаў мелі лепшы дабрабыт. Паступова гэтыя лесагаспадарчыя радзіны пераразьмяркоўваліся глыбей у Налібоцкі лясны тэрэн, а ўтвораныя імі хутарскія гаспадаркі зваліся гаёўнямі. Гэтак у Налібоцкай пушчы фармавалася сець гаёўняў, што ў большасьці захавалася аж да Другой сусьветнай вайны, нягледзячы на карэнныя перамены ва ўладах і дзяржаўным ладзе.


Як ужо распавядалася ўсе шараговыя лясныя службоўцы, да якіх адносіліся стральцы, лесьнікі, асочнікі, баброўнікі, бортнікі, рыбнікі, траўнікі, звярыньнікі ды базантарнікі называліся лясовымі. Усе яны паходзілі з сялянства, якое жыло абшчынаю з цеснымі сувязямі паміж радзінамі, з аднолькавым клопатам і вельмі падобным ладам жыцьця, адной і той жа працай і сьвятамі, малазаможным станам гаспадаркі ды ня досыць спатоленымі патрэбамі. Для сялян служба ў сыстэме лясной і паляўнічай гаспадаркі Радзівілаў была адной з нешматлікіх мажлівасьцяў узмацніць сваё маёмаснае й сацыяльнае становішча. Лясовыя лічыліся прывілеяванай часткай сялянства з заўважна меншым падаткаабкладаньнем і больш вольным ладам жыцьця. Гэта ставіла іх па-за сялянскай абшчынаю, і даволі часта аднавяскоўцы пачыналі ўспрымаць іх як чужынцаў. Да таго ж лясовыя абаранялі лясныя скарбы перш за ўсё ад сялян, што абумоўлівала даволі жорсткую канфрантацыю лясовых з сялянамі. Яны станавіліся нават варожымі для сялян, бо, па-першае, ад лясовых сыходзіла кара сялянам, калі тыя былі злоўлены пры гвалтоўным ужытку Радзівілаўскіх пушчанскіх багацьцяў. Па-другое, больш вольнае жыцьцё лясовых і з другога боку жыцьцёвая загнанасьць сялян, а таксама сэзонна іншы лад жыцьця яшчэ балей разьдзімалі гэтыя іхнія супярэчнасьці і варожае стаўленьне. Калі ў сялян гадавы цыкль ішоў ад сяўбы да жніва, то ў лясовых як раз наадварот найбольш напружаным пэрыядам іхняе працы быў сьцюдзёны сэзон, то бок менавіта апасьля сялянскага збору ўраджаю да іхняй пасяўной. Як раз у сьцюдзёны сэзон ладзіліся найбольш буйныя магнацкія паляваньні, а таксама тады сяляне назапашвалі дровы на зіму наступнага году й нарыхтоўвалі будаўнічыя й рамесныя матэрыялы. Менавіта ў гэты пэрыяд можна было чакаць найбольш значныя злоўжываньні ў лесакарыстаньні й увогуле клусаваньне лясных скарбаў як тое гвалтоўныя высечкі лесу й недазволеныя ловы. Наяўнасьць агульных абавязкаў, падобнага ладу жыцьця і сацыяльнай адасобленасці ад іншых скрылёў насельніцтва ўтварала з лясовых асобную досыць замкнёную сацыяльную групу з пераважна дынастычным пераходам службовых абавязкаў.


Стральцам ды іншым лясовым службоўцам загадвалася дазваляць быць у пушчы толькі тым, хто меў адмысловы куплены квіт, або іх таксама клікалі білетамі. Па заканчэньню тэрміну дзеяньня гэтыя квіты зьбіраліся стральцамі. Сабраныя квіты на ўваход у пушчу стральцы здавалі падлоўчаму, які справаздачыў аб гэтым лоўчаму. На квітах было напісана імя і мейсца пражываньня таго, хто купляў гэты квіт, каб ім не мог скарыстацца хто-небудзь яшчэ. Кожнае падлавецтва мела квіты свайго колеру з адмысловым малюнкам. На патрэбу нарыхтоўкі дроў у межах Налібоцкага лавецтва спэцыяльнымі пісьмовымі распараджэньнямі Радзівілаў усталёўваўся падатак, які зваўся угайным. Акрамя дроваў селяніну ці шляхціцу, якія жытлавалі на абшарах Налібоцкай пушчы на зямлі Радзівілаў часам патрабаваліся самыя розныя будаўнічыя матэрыялы для будоўлі ці рамонту хаты й гаспадарчых забудоў. На гэта ў падлавецтвах Налібоцкай пушчы існавалі кошты будаўнічых матэрыялаў як на выпадкі, калі нарыхтоўка дрэўны вялася заказчыкамі самастойна, ці то будаўнічыя матэрыялы купляліся гатовымі. З гэтай нагоды таксама выпісваліся адпаведныя квіты з указаньнем колькасьці, гатунку й якасьці купленай дрэўны. Дакладнае мейсца дзеля нарыхтоўкі дрэўны дзеля пэўнай мэты паказваў лесьнік, або стралец у адпаведнасьці з пэрспэктыўным плянам лесаэксплуатацыі, што вышыхтоўваўся ў Налібоцкім лавецтве яе ачольнікамі з улікам волі Радзівілаў. Да адмысловых карыстальнікаў каштоўнай дрэўны ў Налібоцкай пушчы адносіліся рамесьнікі: гонтары, рагознікі, смаляры, дзегцяры, коладзеі, столяры, бондары й іншыя. Яны таксама выплочвалі ўгайнае ў Радзівілаўскую казну, якое часьцей за ўсё спэцыяльна ўсталёўвалася падлоўчым з улікам пэўнага лесакарыстаньня пэўным майстрам. Гэта адлюстроўвалася ў адпаведных пісьмовых дамовах. За іх парушэньне лесакарыстальнікі выплачвалі штрафы, якія накіроўваліся ня толькі ў Радзівілаўскую казну, але й падзяляліся паміж службоўцамі, хто заўважыў парушэньне й ачольнікам, які наклаў і спагнаў штраф, то бок падлоўчым або лоўчым.


Што тычыцца пакрыёмай нарыхтоўкі лесаматэрыялаў, то надта шмат гэтакіх злачынстваў не было. Вызначаліся пераважна злоўжываньні па-за памерамі, што былі абазначаны ў квітах на лесакарыстаньне.  Дрэўна і вырабы зь яе цяжкія. Таму ў выпадку клусаўніцкай нарыхтоўкі ў нетрах пушчы іх вываз быў толькі мажлівы па нешматлікім дарогам або рэчкам, якія былі пад пільнай увагай Радзівілаўскіх лясовых. Адылі, пад час ваенных ліхалецьцяў гвалтоўнае лесакарыстаньне шматкроць павялічвалася і нават станавілася звычайным.


Дзеля прадухіленьня клусаўваньня Радзівілаўскіх скарбаў у Налібоцкай пушчы, былі ўсталяваны шэраг забаронаў і адпаведных спагнаньняў пры парушэньнях. Несанкцыяваны лоў рыбы мярэжамі быў пад строгай забаронай. Нельга было таксама забіваць шчупакоў восьцямі пад час іхняга нерасту. Можна было вудзіць рыбу ў пэўных мейсцах шмат дзе, а таксама дазвалялася лавіць рыбу плеценымі з лазы венцерамі і іншымі прыладамі ў па-за нераставы пэрыяд. Часам рыбнага нерасту лічыўся канец вясны і пачатак лета, прыкладна з сярэдзіны красавіка і да сярэдзіны чэрвеня. Шляхце дазвалялася вольна карыстаць да пяці лазовых прылад на лоў рыбы, сялянам – толькі дзьве. Паляваць са стрэльбай або залёзкамі, ці то са зьвералоўнымі сецямі забаранялася. Таксама нельга было капаць зьвярыныя ямы. Забаранялася хадзіць па лесу са стрэльбай.


Адылі хадзіць па пушчы без усялякіх лавецкіх прылад ніхто не забараняў. Цяжкае выжываньне не спрыяла аматарскіх вылазкам у пушчу, таму на перастрэтых тамака людзей лясовыя глядзелі з падозраю. Але то маглі быць зусім дробныя патрэбы, як тое сплесьці некалькі лазовых кошыкаў, або выразаць мяцёлку, або рукаяць для ўхвата ці сякеры. З другога боку, гэтакія дробныя патрэбы патоліліся непадалёк ад жытла. Таму чалавек, які быў перастрэты ў пушчанскім асяродку, разглядаўся як злодзей і яго дапытвалі, што ён тамака рабіў і дзе. Нярэдка выкрываліся клусаўніцкія ловы ды часам значныя. Найбольш гэта тычылася ловаў каштоўных футравых зьвяроў як тое выдра, бабёр, гарнастай, норка ды куна. Гэтакі лоў можна было весьці ўпотай, бо драўняныя давілкі майстраваліся беспасярэдні ў пушчы, або туды заносіліся сілы і каваныя залёзкі. Першапачаткова апрацаваныя футравыя скуры таксама можна было неяк пакрыёма вынесьці ўначы патаемнымі сьцежкамі. Часам у глухіх урочышчах Налібоцкай пушчы футравыя клусаўнікі мелі свае табарышчы з замаскаванымі буданамі ў яловых гушчарах або патаемныя замаскаваныя зямлянкі, дзе яны маглі жыць і ўпотай лавіць зьвера месяцамі. Гэтакія нелегальныя трапэры былі немалой праблемай у працы Радзівілаўскіх баброўнікаў, а таксама асочнікаў ды стральцоў. Іх з часам выкрывалі, лавілі пры іхняй клусаўніцкай справе, потым спаганялі нанесеную шкоду ды наказвалі – маглі біць, або пасадзіць у вязьніцу. Часам гэтакія клусаўнікі аб’ядноўваліся й іхні перасьлед не заўжды быў бясьпечны для лясовых. Асабліва тое адчувалася ў ваенны час, калі пушчанская варта Радзівілаў слабела (стральцы забіраліся ў войска), а то й увогуле амаль што зьнікала.

Усе заведзеныя Радзівіламі забароны тычыліся як сялян і навакольную шляхту, гэтак і арандатараў маёнткаў. У клусаўнікоў здабыча любога кшталту (дрэўна, рыба, паляўнічыя птушкі або сысуны) адымалася і на іх накладаўся штраф. Зноў такі гэтыя грошы разьмяркоўваліся паміж Радзівілаўскім скарбам, выкрывацелем злачынства, лоўчым або падлоўчым і лавецтвам. Даволі часта здаралася, што ў Радзівілаўскіх уладаньняў у Налібоцкай пушчы і нават у запаведных водступах сяляне пачыналі касіць траву на галявінах. Найчасьцей то здаралася на аддаленых травяных багнах ва ўрочышчах Краснае, Гала Балота, Казялец, Асовыя, Сымонава, Шубін, Валасень, Хмелішча, Дзерамінішча, Пугач і Прудзішча. Сялянам, што жылі ў Налібоцкай пушчы й абапал яе, каб пракарміцца, трэба было трымаць досыць быдла, бо ворнай зямлі было або ня досыць, або тая глеба была беднай. З другога боку, надта бракавала сенажацяў, і сяляне прабіраліся ў пушчанскія травяныя балоты й паплаўныя лугі, каб пакрыёма здабыць сена. Гэта было настолькі звычайным, бо на тое пільна вымагалі гаспадарскія патрэбы з быдлам. Узяць далёкія багенныя сенакосы ў арэнду ў сялян бракавала грошаў. Налібоцкім лавецтвам прадаваліся спэцыяльныя квіты на ўкос сена ў пушчы ў пэўным мейсцы. Гэтыя квіты на сена каштавалі для Радзівілаўскіх падданых таней, а для чужых даражэй. Але ў нізіннай леса-багеннай Налібоцкай пушчы не кожны год у пэўным багенным мейсцы можна было ўкасіць сена і перанесьці яго на драўняныя адонкі. Гэта залежала ад роўню вады на травяных багнах. Так што, заплаціўшы арэнду, або купіўшы квіт за якую-небудзь сенажатную дзялку можна было застацца і бяз грошаў, і бяз сена. З гэтай нагоды ў Налібоцкай пушчы сяляне пераважна навыперадкі шукалі, дзе то ўрваць сена на зіму. З боку лавецкай адміністрацыі жорстка забараніць і караць за самаўкос было цяжка і небясьпечна. Напрыклад, азлобленыя ад гаспадарскай нявыкруткі сяляне і дробная шляхта маглі пачаць падпальваць бары з найбольш таварным лесам. З другога боку, Радзівілы і лавецкая адміністрацыя з шэрагу нагодаў не давалі на тое дазволу. Паступова вышыхтавалася кампраміснае вырашэньне гэтага пытаньня – хай сяляне нарыхтоўваюць сена нелегальна, а адміністрацыя лавецтва будзе канфіскоўваць частку сена, або спаганяць грашовыя штрафы. Хто з Раздзівілаўскіх падданых наважваўся і без дазволу нарыхтоўваў у пушчы сена з таго зьбіраўся пэўны штраф ад кожнага возу сена, тады як ад іншых адбіралі кожны трэці воз сена. Гэтак цягнулася доўга з большай або меншай замацоўкай дзялак, са славесным напаўдазволам і сялянскай самадастаўкаю штрафнога сена. Нейкія найлепшыя сенажаці паступова апынуліся пад арандатарамі.



Звоз сена селянінам з пушчанскай галявіны. Магнацкія сяляне ў Налібоцкай пушчы ня мелі стрэльбаў і таму нярэдка атакаваліся ваўкамі.  Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Звоз сена селянінам з пушчанскай галявіны. Магнацкія сяляне ў Налібоцкай пушчы ня мелі стрэльбаў. Таму ваўкі не палохаліся сялян, і здаралася, што атакавалі іх у гэтакіх сытуацыях. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Пад строгай забаронай на Радзівілаўскіх землях у Налібоцкай пушчы было паленьне вогнішчаў. Лясныя пажары прыносілі Радзівілаўскаму скарбу вялікія страты, таму ў падлавецтвах Налібоцкай пушчы проціпажарная варта была даволі спраўнай і дбайнай. Штрафы за разьвядзеньне вогнішчаў у цёплы сэзон былі значнымі, і мала хто наважваўся раскласьці вогнішча ўлетку, але ў нетравых урочышчах пад час пакрыёмага сенакосу або выпасу быдла вогнішча ўсё ж такі палілі. Пераважна з гэтай нагоды быў пад забаронай у пушчы сам выпас  сялянскага быдла. Пастухі раскладалі вогнішчы, ад якіх у асноўным і зачыналіся лясныя пажары. Часам вясною сяляне наўмысна падпальвалі старую траву ў тых мейсцах, дзе плянавалі зладзіць выган для быдла, што таксама было пад строгай забаронай. Але нягледзячы на забароны, парушэньні з выпасам быдла былі частымі. Асабліва частым падобным парушэньнем было, калі сяляне аб’ядноўвалі быдла ў адзін статак (пераважна цялят) і працаю некалькіх пастухоў адганялі яго на выпас у аддаленыя ўрочышча Налібоцкай пушчы. Тамака яны  пасьвілі быдла зь месяц і ўпотай прыганялі назад. Адсачыць то было нялёгка, ды й у стральцоў заўжды хапала больш пільных спраў.


Пад час ваенных ліхалецьцяў, асабліва кровапралітных войнаў працяглага цяжкага пэрыяду з сярэдзіны ХVІІ-ага стагодзьдзя й аж да першай паловы ХVІІІ-ага стагодзьдзя абшары Налібоцкае пушчы значна абязьлюдзьвалі. Бракавала службоўцаў ня толькі дзеля лесанарыхтоўкі і лавецкай справы, але і проста дзеля аховы пушчанскіх скарбаў ад гвалтоўнага спажытку. Адылі, пачынаючы з 1730-х гадоў дэмаграфічная сытуацыя заўважна палепшыла і лясныя распрацоўкі ў Налібоцкай пушчы сталі праходзіць больш задачна. Менавіта з гэтага часу пачынаецца найбольш інтэнсіўныя лесанарыхтоўкі і пачынае меншаць абшары пярвотных лясоў. Але пад час цяжкай вайны Рэчы Паспалітай з Расеяй у 1772-1777 гадох і ў выніку паражэньня Рэчы Паспалітай і акупацыі Расеяй усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага, адбываецца найбольшы гаспадарскі крызыс у Радзівілаўскіх валоданьнях у Налібоцкай пушчы. Нават тагачасны Нясьвіжскі ардынат Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку быў вымушаны зьбегчы за межы Вялікага Княства Літоўскага. Караль Радзівіл лічыўся ворагам Расеі, і ягонай маёмасьці расейскія захопнікі не шкадавалі. Расейскія гарнізоны былі разьмешчаны ў найбольш значных мястэчках і замках Радзівіла ўлучна ў Налібоцкай пушчы: Налібоках, Міры і Любчы. Адпаведна дзеяньня расейскіх войскаў у Налібоцкай пушчы й абапал прынесьлі надзвычайныя разбурэньні ў лясную, паляўнічую й іншыя гаспадаркі Радзівілаў. Таксама моцна пацярпела тамашняе сялянства, бо яно было абкладзена дадатковымі падаткамі на ўтрыманьне расейскіх гарнізонаў.

Як толькі Радзівілаўская ўлада зьнікла, у гаспадараньні на пушчанскіх абшарах сталі прэваляваць злоўжываньні й адчынены рабунак, панавалі гвалт і безгаспадарлівасьць. Зайздрасьць суседняй шляхты і варожасьць паміж іхнымі клянамі ў спалучэньні з магчымасьцю хуткага атрыманьня гвалтоўнай нажывы пераўтварылі ў хаос ды тлум былую добра зладжаную лесанарыхтоўчую ды лавецкую гаспадарку Радзівілаў у Налібоцкай пушчы. Шляхта навыперадкі пачала прысабечваць пушчанскія багацьці Радзівілаў. Спробы мясцовых ачольнікаў нейкім чынам сувора караць вінаватых за гвалтоўнае карыстаньне і разрабаваньне Радзівілаўскай маёмасьці ў Налібоцкай пушчы выклікала досыць рашучую дзейнасьць у адказ. Нават знайшліся і такія ачольнікі Радзівілаўскага гаспадарства, якія патуралі і садзейнічалі гэтакім парушэньням і гвалту. Адбываліся шматлікія падпалы лясоў і нават каштоўных запаведных водступаў з паляўнічымі забудовамі. Наўмыснасьць гэтых дзеяньняў не падлягала аніякаму сумлеву. У адных і тых жа ўрочышчах Налібокскай пушчы лес мог гарэць некалькі разоў запар, часам у сухмень лясны пажар сягаў вельмі шырока. Гэтак неаднаразова гарэў Ракітны Бор, бары ў Сятрышчы і на Лысых Гарах, амаль што няспынна былі меншыя, або большыя пажары ў Завушні, Махначова й Шылаўшчыне. У вялікіх урочышчах Завушні й Лысых Гарах па левабярэжжу Ізьледзі гарэлік сягаў на ўсход ад Карыцецкага Бору й да Зьвярынца ледьзь не на 20 кіламэтраў у сучасным вымярэньні. Пры гэтым гарэлі гаёўні і нават нямала пацярпелі некаторыя немалыя вёскі, што былі на мяжы сухадольных лясоў. Гэтак згарэлі Чорная, Кляцішчы, Зьвярынец, Ляхава і Буды, значная частка Наднёманскай Слабады, Церабейнага ды Прудоў. Спятрэлыя на сонцы саламяныя і дранкавыя дахі латва запальваліся ад іскраў, калі паблізу гарэў лес або іншая хата. Адшукаць падпальшчыкаў было амаль што немагчыма, але дзейныя ўлады спрабавалі весьці следства ў кожным выпадку хутчэй за ўсё ня з мэтаю знайсьці вінаватых, сколькі з прэвэнтыўнымі захадамі, каб хоць неяк спыніць гэты гвалт над лесам.


Разам з тым пачаліся шляхецкія ды расейска-вайсковыя гвалтоўныя наезды на валоданьні Радзівілаў у Налібоцкай пушчы. Напрыклад, гэтакі вялікі напад адбыўся ў 1776 годзе на Налібакі, Агароднікі, Янкавічы, Несцяровічы і  Пруды ды ваколіцы. Было забіта шмат тамтэйшых людзей, а таксама дашчэнту былі разрабаваныя будынкі фальваркаў і іхнія гаспадарчыя будовы: сьвірны, бровар, вінакурня, стайня, пахтарня, мядоўня і іншае. У выніку ў Налібоках і іхных ваколіцах людзі былі надта напалоханы, нейкая дзейнасьць у Радзівілаўскай гаспадарцы была дазваньня параліхавана, а большасьць людзкіх нажыткаў і Радзівілаўскіх каштоўнасьцей разрабавана. Далейшае жыцьцё тых, хто застаўся пасьля гэтага наезду ў жывых было адно толькі накіравана на простае выжываньне.

Са сканчэньнем той вайны з Расеяй у 1777 годзе ўзгаданы крызыс адразу ня скончыўся, і хаця Караль Радзівіл вярнуўся да жыцьця і спраў у Нясьвіжскую ардынацыю, адпаведны заняпад дысцыпліны і ладу гаспадараньня быў адчувальны яшчэ доўга. Але мал-памалу ўсё ж такі стаў аднаўляцца парадак і звыклае гаспадараньне ў Налібоцкай пушчы. Значна былі перагледжаны адміністрацыі арэндных маёнткаў, падлавецтваў і лавецтваў у Налібоцкай пушчы, што нямала дэскрыдытавалі сябе пад час ваеннага разладу. Новым адміністрацыям прыйшлося прыкласьці значныя высілкі, каб навесьці парадак на падуладных землях, прыцягнуць вінаватых да адказнасьці ды хоць неяк кампэнсаваць страты й наладзіць далейшае гаспадараньне.


Распавёўшы аб лясных службоўцах у сыстэме лясной і лавецкай гаспадаркі Радзівілаў у Налібоцкай пушчы, наддадзім больш увагі самой пушчы і гаспадараньню на ейных абшарах. У якасьці тапаграфічных падзелаў Налібоцкай пушчы ў Радзівілаўскія часы вылучалі лясныя дзялянкі самых розных памераў у залежнасьці ад адмысловасьці іхняга прыроднага асяродзьдзя (у цяперашняй лесагаспадарчай тэрміналёгіі гэтакія аднародныя лясныя фрагмэнты завуцца выдзеламі). Гэтакімі пушчанскімі часткамі лічыліся водступы, гаі, бары, гушчары, алешнікі, лясы і астравы. Ужытак найменьня водступ атаесамляецца з нейкім маляўнічым, экалягічна ёмістым, у большасьці сьпелым, амаль што пярвотным лесам, які быў прыстасавана дзеля паляваньня. Дзеля зручнага паляваньня ў водступ вялі коннаездныя дарогі, тамака былі збудаваны  паляўнічыя вежы, каб страляць зьверху. Таксама маглі быць зроблены наземныя буданы-засідкі для паляўнічых, агароджы каб больш накіравана наганяць жывёл пад стрэл з паляўнічых вежаў, часам меліся будынкі для начнога адпачынку і паветкі для баляваньня пасьля ловаў.


Працяглы час існаваў узгаданы вышэй агромісты парканны лавецкі загон, што цягнуўся ад Налібакаў да Будаў і Шубіна. У некаторыя іншыя найбольш значныя водступы таксама вялі ўплатаваныя  загарадзі дзеля накіраванага загону паляўнічых гатункаў сысуноў перш за ўсё капытных, а таксама ваўкоў. Гэтыя загоны заканчваліся невялікай галявінай з паляўнічым памостам, адкуль магнаты і іхняя сьвіта забівалі дзікіх жывёл, нагнаных сялянамі і лясовымі службоўцамі. Заўжды водступы выбіраліся гэтакім чынам, каб тамака былі галявіны, якія надта пасуюць у ловах, якімі спосабамі яны б не ажыцьцяўляліся. Паколькі пры адборы лясной дзялянкі пад водступ абавязкова адначасова ўлічвалася патрабаваньні прыгажосьці паляваньня, большай бачнасьці і экалагічнай ёмістасьці асяродзьдзя, то ў якасьці водступаў пераважна апыноўваліся пярвотныя шырокалісцевыя дрэвастаны. Часта водступ гэта пераважна дубовы дрэвастан з багеннымі галявінамі, бо абодва слова часта ўжываліся адначасова, то бок дубовы водступ. Водступы зьберагаліся спэцыяльнымі загадамі Радзівілаў і генэральнага лоўчага. За імі пільна сачылі лясныя службоўцы, каб тамака не было пажару і гвалтоўных высечак, а таксама каб тамака не было выпадковага люду.  У Радзівілаўскіх валоданьнях у Налібоцкае пушчы найбольш слынныя водступы былі ў наступных групах урочышч: Броднае і Вочын, Казлоў Барок і Ліповіца, Сьмейнае і Буды; Красная Горка і Шубінскі Бор, Грабяні, Сьвітунова Града і Высокая Града; Пяшчаны і Дразды.

Адначасова з водступамі, пад якімі шмат у чым уяўляліся сьпелыя шыракалісьцевыя лясы, ужывалася слова гай, пад якім хутчэй за ўсё таксама пераважна разумеўся менавіта ладны шырокалісьцевы лес. Адылі ў гэтым выпадку найменьне гай пераважна мела лесагаспадарчае значэньне, а не лавецкую істотнасьць пэўнага фрагмэнту Налібоцкай пушчы як у выпадку назова водступ. Акрамя таго, таксама гаямі называліся вялікадрэўныя бярэзьнікі й асіньнікі. Асабліва з цягам часу па меры высечкі пярвотных шырокалісьцевых лясоў ды пасьля адпаведнай замены іх дробналісьцевымі лясамі найменьне гай усе больш пераходзіць да вялікадрэўных мяшаных дробналісьцевых і шырокалісьцевых лясоў, ці пазьней нават толькі да вялікадрэўных дробналісьцевых лясоў, напрыклад бярозавы гай або асінавы гай.

Пад борам заўжды разумеўся сасьпелы вялікадрэўны хваёвы лес. Гушчарамі называліся сьпелыя яловыя ці зьмешаныя з елкай лясы звычайна з шматлікім ветравалам (бо елкі растуць на увільгатнёных, часам падбагененых глебах і маюць павярхнёва разьмеркаваныя карэньне) і вельмі шчыльным падростам у гэтакіх ветравальных мейсцах. Алешнікі - гэта багенны чорнаалешнікавы лес. Пад лясамі звычайна мелася на ўвазе ўсё тое зьменлівае і разнастайнае нясьпелае лясное асяродзьдзе, што ўтваралася на мейсцах высечак або гарэлікаў, пакуль у выніку сукцэсійных працэсаў дрэвастан не набудзе канчатковы выгляд аднаго з пералічаных вышэй лясных катэгорый. Выспавыя суходольныя лясныя дзялянкі сярод багнаў, ці астанцы сярод агромістых высечак або пажарышч у выглядзе выбітнага дрэвастану, які ўзвышаўся над суседнім лясным асяродзьдзем называлі ляснымі астравамі, або выспамі.


Пад час рэвізіі Налібоцкага лавецтва 1778 году ў Налібоцкім падлавецтве названа 85 розных лясных фрагмэнтаў (то бок вялікіх выдзелаў узгодна сучаснай лесагаспадарскай тэрміналёгіі), у Дзераўноўскім падлавецтве – 47 і ў Хатаўскім падлавецтве – 12. З гледзішча дадзенай досыць малой лічэбнасьці гэтых выдзелаў і даволі вялікіх абшараў узгаданых падлавецтваў можна меркаваць, што тады рэгістравалі выдзелы толькі досыць раскошных памераў, а таксама што гэты лясны масіў быў больш аднастайным. Яшчэ напэўна ня ўвесь лясны абшар быў у гэты час лесаўпарадкаваны, бо Радзівілаўская лясная гаспадарка толькі яшчэ аднаўлялася пасьля буйнога заняпаду 1772-1777 гадоў пад час акупацыі расейскімі войскамі. Разам з тым цікава зацеміць, што як відаць з архіўных матэрыялаў Радзівілаўскага гаспадараньня ў Налібоцкай пушчы й пададзенага вышэй іх тлумачэньня, ужо ў XVII-XVIII-ых стагодзьдзях у Вялікім Княстве Літоўскім існавала досыць прыдатнае лесаўпарадкаваньне, якое ўжо ўлічвала шмат сучасных апірышчных ведаў геабатанікі і лесаўпарадкаваньня.


Згодна праведзенымі падлікамі ў складзе дрэвастану, у Налібоцкай пушчы ў тыя часы пераважалі лісьцевыя гатункі дрэў: асіна, чорная алешына, бяроза, дуб, ясень, клён, бераст, ліпа, што разам складалі прыблізна 70% усіх наяўных дрэў. Было даволі шмат дуброў, ці мяшаных шырокалісьцевых лясоў, у якіх дуб пераважаў па дрэўнай масе й занятай прасторы. Згаданыя ў Радзівілаўскіх лесагаспадарчых матэрыялах памеры дубоў даюць падставы меркаваць, што тагачасныя дубровы пераважна мелі амаль што максымальны век у 5-7 стагодзьдзяў. Найбольш пададзены былі дубровы ў далінах Нёмну і Бярозы дыі абапал іх, дзе яны шырокімі ў 1-2 км пасамі цягнуліся бязкрайне. Тасама значныя дубровы былі ўсьцяж Іслачы ды Вусы асабліва ў ніжнім цячэньні Вусы ва ўрочышчах Шубін, Буды, Сьмейнае, Вочын, Броднае і Галяндэрня. Таксама дубровы  аблямоўвалі ўсе наяўныя галявіны з травянымі багнамі. З іх асабліва значныя былі вакол Валасеньскай багеннай галявіны ды травяной багны ў ніжнім цячэньні Быстрай ад  Краснай Горккі і да даліны Нёмну.  Вішняўская частка Налібоцкай пушчы, што паміж рэчкамі Гальшанка, Гасток, Клімок і Чарніца, таксама вылучалася вялікай дзеляю дубу ў тагачасным дрэвастане. Слушна зацеміць, што цяперака хоць і дубу яшчэ даволі шмат па Налібоцкай пушчы, але больш-менш значныя дубровы й мяшаныя шырокалісьцевыя лясы засталіся толькі абапал ракі Бярозы ад Паташні й да Набярэжнай.


Што тычыцца найбольшых (да 3 км ушыркі) дуброў у даліне Нёмна ўсьцяж паўднёвага і паўднёва-заходняга краю Налібоцкай пушчы, то яны захоўваліся аж да канца XIX-ага стагодзьдзя, а потым недзе з другой паловы 1880-х гадоў былі высечаны па загаду тагачасных валадароў Нясьвіжу з прускага адгалінаваньня Радзівілаў. Уся гэта каштоўная дрэўна была сплаўлена ўніз па Нёмну ды  спрадана Радзівіламі праз Рыжскі й Гданьскі парты да краін заходняй Эўропы. Ім трэба было набыць грошы пераважна дзеля аднаўленьня Нясьвіжскага палацу й іншых маёнткаў пасьля іхняга заняпаду і разбурэньняў пад час вайны Напаліёна з Расеяй у 1812 годзе.


У дачыненьні да лісьцевых гатункаў дрэў нельга не згадаць пра выбітна раскошны багенны чорнаалешнік, што ў тагачаснай Налібоцкай пушчы раскінуўся ў ейным асяродку зьвілістым пасам. У даўжыню (то бок большае ягонае вымярэньне) гэты чорнаалешнік цягнуўся каля 7 кілометраў з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. З паўднёвага ўсходу ён упіраўся ці ў Шубінскія дубровы, ці выходзіў на адчыненыя травяныя багны даліны Вусы або рэчкі Быстрай. На паўночным захадзе гэты багенны чорнаалешнік ўпіраўся ў сухадольны водападзел паміж ніжнім цячэньнем Волькі й Ізьлядзі, дзе цяперака ўрочышча Жабрачыха. Ушыркі гэты багенны чорнаалешнік сягаў на 1-4 км паміж Гала Балота з травянымі багнамі на паўднёвым захадзе й да баравогу ўрочышчу Карыцецкі Бор або Кляцішчанскіх дуброў з поўначы. Цяперака пасьля татальнага асушэньня гэты чорнаалешнік на большасьці ягонай ранейшай плошчы яшчэ існуе. Пры гэтым  ягоныя памеры не надта зьменшыліся, але межы надта пасунуліся. Частка гэтага багеннага чорнаалешніку пайшла пад распрацоўку каб атрымаць  сенакосныя лугі, але з другога боку шмат дзе абапал захаваўшыхся чорнаалешнікаў асушаныя і закінутыя травяныя багны пазарасталі таксама чорнаалешнікам.


У параўнаньні з лісьцёвымі гатункамі дрэў, іглічныя дрэвы былі менш пашыраны ў Налібоцкай пушчы й у тагачасных дрэўных падліках разам давалі толькі каля 30%: 18% – елка і 12% – хвоя. Ня гледзячы на меншую пададзенасьць іглічных дрэў, яны як і любыя лісьцёвыя гатункі дрэў, уся роўна сустракаліся паўсюдна ў Налібоцкай пушчы. У некаторых урочышчах іглічныя дрэвастаны нават маглі прэваляваць. Што тычыцца елкі, то найбольшая канцэнтрацыя гэтага дрэўнага гатунку была к поўначы ад возера Кромань, якая цягнулася аж да  Кляцішчаў на поўнач.  Ушыркі гэты раскошны ельнік, або па-тагачаснаму гушчар пераважна займаў досыць вялікі тэрэн  ад даліны Вусы на захадзе й аж да Налібакаў на ўсходзе. Плошча гэтага пераважна яловага фрагмэнту лесу была каля 80 км2, блізу 9-11 км на 6-9 км. Таксама выбітна шмат елкі было ў пушчанскіх частках пад Вішнява (лясны фрагмэнт блізу 13 км на 7 км) і пад Пяршаем, акрамя таго паміж рэчкай Чорная й далінай Нёмна ды ў сухадольным лясным фрагмэнце паміж багеннымі далінамі Вусы і Быстрай ва ўрочышчы Баркі. Ва ўсіх гэтых урочышчах і цяперака даволі шмат ельнікаў, ці яны нават прэвалююць па плошчы над іншымі ляснымі катэгорыямі.


Што тычыцца хвоі, то бары ў Налібоцкай пушчы шырока сягалі ва ўрочышчах з пясчанымі адкладаньнямі пераважна эолавага паходжаньня ці зандравых. Найбольшымі было два баравых масіву. Адзін з іх быў і ёсьць цяперака на цэнтральным усходзе паміж рэчкай Сівічанка з поўначы й рэчкай Рэчанька з поўдня праз рэчкі Каменка, Ізьледзь і Вуса. Гэты баравы фрагмэнт складае 9-11 км у даўжыню. Шырыня гэтага пераважна хваёвага масіву леса  складае 3-5 км. Гэта пераважна ўрочышчы Стрэльніца, Сятрышча, Блізняты, Пацава, Носава, Доўгі Барок. Таксама на цэнтральнай поўначы быў і ёсьць пераважна хваёвы масіў па левабярэжжу Іслачы 12 км даўжынёй і 1-4 км ушыркі. Ён пачынаецца на поўнач ад Навусьці, цягнецца праз урочышча Азярское і Душылава да Юраўска ды Партусовай Гары, а там сягае ва ўсходнім накірунку ўздоўж Сябрыньскіх хутароў да Дарагуні і крыху далей на ўсход. Таксамы былі й ёсьць іншыя раскошныя, але менш выбітныя па памерам бары.


Напрыканцы XVIII-ага стагодзьдзя пасьля ваеннага крызісу 1772-1777 гадоў Радзівілы ўзяліся за лесаэксплуатацыю Налібоцкай пушчы найбольш чымся калі-небудзь раней. Трэба было пакрываць выдаткі і буйныя страты, што былі нанесены пад час папярэдняй расейскай акупацыі Нясьвіжскай ардынацыі як расейскімі войскамі, так і гвалтам мясцовых сялян і шляхты. Напрыклад толькі ў 1778 годзе ў Налібоцкім лавецтве лесанарыхтоўка вялася на 39 буйных лясных выдзелах, што былі сьсечаны амаль што дазваньня, альбо часткова, альбо былі падрыхтаваны да высечкі і потым высякаліся цягам наступных пяці гадоў. Пераважна ішла здабыча іглічных гатункаў дрэў. То былі надта вялікія памеры лесаэксплуатацыі. Прыгадаем, што пад час рэвізіі Налібоцкага лавецтва 1778 году ў Налібоцкім падлавецтве было названа толькі 85 розных вялікіх выдзелаў, зь якіх 39 цяперака высякаліся. Цалкам напрыканцы XVIII-ага стагодзьдзя Радзівілы высеклі амаль што чвэрць ляснога абшару ў сваіх валоданьнях. Шмат дзе ў Налібоцкай пушчы ў гэты пэрыяд лясы значна памаладзелі й ужо не выглядалі гэтак пракавечна. Адначасова з гэтым меліся таксама і заказьнікі дзеля паляваньня ў пярвотнай прыроднай прыгажосьці, або яны закладаліся дзеля далейшых лесагаспадарчых мэтаў. Гэтак у 1778 годзе ў Налібоцкім лавецтве налічвалася 14 падобных заказьнікаў, дзе наогул якаясьці распрацоўка драўніны, а таксама выпас сялянамі быдла былі пад строгай забаронай і пад пільным кантролем. Найбольш вядомыя зь іх былі ва ўрочышчах Буды, Вочын, Броднае, Казлоў Барок, Ліповіца, Няроўны Бор, Раўцы, Смуга, Дрэвезна ды Баркі.


Нягледзячы на тое, у Налібоцкай пушчы нярэдка здараліся пажары, а ва ўмовах бездаражы на іх спыненьне выдаткавалася шмат намаганьняў і было ня хуткай справай. Бывала, што лясны пажар тушылі з месяц. Асабліва небясьпечныя пажары былі ў барох, дзе ў сухмень спятрэлае наглебавае покрыва асабліва лёгка ўзгараецца, а прасмаленыя хваёвыя стаўбуры латва перадаюць пажар уверх. Верхавы пажар зьнішчаў бор дазваньня. Крыху дапамагала тое, што шмат дзе ў Налібоцкай пушчы сухадольныя дзялянкі перамежаваліся багнамі, упёршыся ў якія полымя пажару з большага спынялася. Напрыканцы XVIII-ага стагодзьдзя ў межах цяперашніх абшараў Налібоцкае пушчы выбітныя пажары адбываліся ў баравых урочышчах Душылава, Баркі, Доўгі Бор, Лысыя Горы, Пяскі ды Ляхавыя Горы. Цалкам пасьля вышэй узгаданых баравых пажараў, ды шматлікіх пажараў пад час расейскай акупацыі Нясьвіжскай ардынацыі 1772-1777 гадоў (прыгадаем то ва ўрочышчах Ракітны Бор, Сятрышча і зноў Лысыя Горы,  Завушні, Махначова ды Шылаўшчыне) пушчанскія бары былі значна пашкоджаны ледзь не на палову. У гэтым дачыненьні цікава, што нават само цяперашняе  найменьне шырокасяжнага  баравога ўрочышча Лысыя Горы верагодна дадзена пясчаным выдзьмам, што агаліліся на неаднаразовым гарэліку. Пажары і высечка баравых урочышч канца XVIII-ага стагодзьдзя зьнішчалі дашчэнту адвечныя бары Налібоцкае пушчы, якія былі адной з найвялікшых яе прыгажосьцяў і каштоўнасьцяў.


Сярэдневечная высечка лесу ў Налібоцкай пушчы.  Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Сярэдневечная высечка лесу ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.
Трылёўка дубу ў сярэдневечнай Налібоцкай пушчы.  Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Трылёўка дубу ў сярэдневечнай Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.


Гандль дрэўнай з Налібоцкай пушчы ажыцьцяўляўся праз надта зручныя Гданьскі або Рыжскі парты са значнымі кірмашамі лесаматэрыялаў. Высечаны лес, пасьля першаснай перапрацоўкі на гатарах ці наўпрост з лясных высечак паступаў на склады па берагох сплаўных рэчак, якія зваліся румы. Цікава, што нават цяперака захавалася вёска з назовам Рум у Валожынскім раёне на беразе Іслачы й урочышча Румок на беразе Кромані ў Стаўпецкім раёне. На румох адбывалася ацэнка якасьці дрэўны і прыкладнае вызначэньне кошту, пасьля чаго гэты тавар сплаўляўся па Нёмну за мяжу. Рачны сплаў быў асноўным шляхам транспарціроўкі дрэўны. У Налібоцкае пушчы дзеля сплаву дрэўны ў асноўным ужываліся рэкі Нёман, Бяроза (або Бярэзіна), Вуса, Іслач, ніжняе цячэньне рэчак Волькі, Сулы, Чапункі ды Чорнай.


Часта распрацоўка пэўнай лясной дзялянкі здавалася ў арэнду прадпрымальніку, які на пэўнай лясной дзялянцы купляў лес на каранёх. Таксама лоўчы або падлоўчы мелі права продажу высечанай дрэўны, або лесу на каранёх Радзівілаўскім падданым, або іншым сялянам і шляхце. Пакупнік дрэўны павінен быў за ўласны кошт, а таксама собкімі арганізацыйнымі высілкамі высячы гэты лес, перавезьці яго да руму або ў вызначанае мейсца дзеля кантролю. Пакупнікоў-прадпрымальнікаў, якія стала, або толькі часам здабывалі дрэўну ў значных аб’ёмах у Налібоцкай пушчы значыліся дзесяткі заможных асоб. Нават пры наяўнасьці кантракту, лесараспрацоўшчыкам не дазвалялася высякаць лес без пільнага кантролю з боку Радзівілаўскіх службоўцаў, якія дбайна сачылі, каб гэтакі прадпрымальнік ва ўсім прытрымліваўся складзенага кантракту. Асабліва кантралявалася, каб пакупнік не зазначаў у кантрактных дакумэнтах насамрэч дарагі лесаматэрыял пад больш таннымі іх гатункамі, а таксама каб выконваліся дамоўленасьці па лічэбнасьці сьсечаных дрэў і па зазначаным межам высечкі.


Той, хто купляў лес не дзеля собкіх патрэб, а дзеля далейшай перапрацоўкі і продажу дастаўляў нарыхтаваныя бярвеньні коннай цягай на прымітыўным тралёўшчыку ў найбліжэйшы рум. Перад сплавам той дрэўны, пакупнік павінен быў заквітаваць падрыхтаваны да сплаву лес у спэцыяльных кантралёраў сплаву. Працэдура была абавязковай і без адпаведнай адзнакі Радзівілаўскага кантралёру дрэўну ад берага ў сплаў не адпускалі. Усе адпаведныя зьвесткі аб сплаву з румоў і сплаўных кантралёраў паступалі да Налібоцкага лоўчага, які штомесяц перадаваў гэтую інфармацыю да канцылярыі Радзівілаў у Нясьвіжы.

У Налібоцкім лавецтве першапачатковая перапрацоўка дрэўны ажыцьцяўлялася на шэрагу гатараў, што былі разьмешчаны на рэчках у асяродку самой пушчы й абапал яе. Разьмеркаваньне гатараў на рэчках вызначалася тым, што рух гатарнай пілы або шліфірні перадаваўся ад руху цякучай вады, якая круціла вялікае кола з лопасьцямі. На досыць малых рэчках гэтае кола ўстаўлялася ў адмысловы жолаб, куды накіроўвалася цякучая вада са стаўка з дамай пры будынку гатара. На большых рэчках як тое Нёман або Бяроза параўнальна вялікае рухавое кола гатара выстаўлялася проста ў рачную плынь. Рух гэтага кола даваў руху на пільны, або шліфірны механізм то бок як на водным млыну. Нездарма гатар і млын маглі быць улучаны ў адным вялікім будынку, як тое было на Вусе ў Галяндэрні, або на Іслачы ў Яцкава. На гатарах акрамя расьпілоўкі бярвеньняў на часткі працавалі шліфірні, дзе шліфавалі  паверхні  распілованай дрэўны пераважна дошак. У межах сучаснай Налібоцкай пушчы найбольшыя гатары з шліфірнямі або без працавалі ў Галяндэрні і Пільніцы на Вусе, Яцкава і Руме на Іслачы, Паташні на Бярэзіне, Любчы і Дзялятычах на Нёмне,  Каменнай Слабадзе на Вольцы. У ХVІІІ-ым стагодзьдзі на гатарах і шліфірнях у Налібоцкім лавецтве ўжывалі самыя разнастайныя ручныя і мэханічныя прылады. Напрыклад, каб расьпілаваць бервяно, піла знаходзілася паміж двума слупкамі і прыводзілася ў дзеяньне мэханічнымі прыстасаваньнямі. Бервяно штурхалася на пілу пэўным мэханізмам, які намагаўся высілкамі аднаго або некалькіх мужыкоў. Шліфаваньне адбывалася з дапамогай шліфавальных камянёў, якія пры сваім кручэньні раўнялі паверхню дошкі. Таксама дошкі шмуравалі ўручную з дапамогай жалезных наждакоў.


Асноўны будынак буды для здабычы паташу ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Ганны Сідаровіч.
Асноўны будынак буды для здабычы паташу ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Ганны Сідаровіч.

Абслугоўваньне паташнай печы ў будынку буды для здабычы паташу ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Ганны Сідаровіч.
Абслугоўваньне паташнай печы ў будынку буды для здабычы паташу ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Ганны Сідаровіч.

Апроч гатараў у Налібоцкім лавецтве дзейнічалі буды – лесагаспадарчыя паселішча і прадпрыемствы перш за ўсё па здабычы з дрэва смалы, дзёгцю, попелу і паташу, а таксама па першапачатковай апрацоўцы будаўнічых бярвеньняў (зрубы драўняных фальваркаў) і адпачынку стральцоў і асочнікаў у іхніх далёкіх абходах. У 1778 годзе ў Налібоцкім падлавецтве было чатыры буды, у Дзераўноўскім падлавецтве – тры, у Хотаўскім падлавецтве – чатыры. Гэтыя буды былі адбудаваны напачатку ХVІІІ-ага стагодзьдзя, бо ў дакумэнтах рэвізіі Радзівілаўскіх пушчаў 1699 году не зазначаецца аніякіх будаў у Налібоцкай пушчы на той час. Рэчывы будавай вытворчасьці былі надта запатрабаванымі. Таму ў 1779 годзе Радзівілы загадалі стварыць у Налібоцкім лавецтве тры дадатковых буды спэцыяльныя дзеля вытворчасьці паташу, якія потым зваліся паташнямі. Як паташні, гэтак і буды звычайна разьмяркоўваліся на беразе досыць паўнаводнай ракі, каб ёмістым чоўнам сплаўляць прадукцыю да Нёмну. Сплаў вырабаў звычайна ажыцьцяўляўся на вялікіх чаўнах, што называліся віціны грузапад’ёмнасьцю ў ад некалькіх тон і аж да 30 тон. Віціны плавалі як на грабному руху гэтак і пад ветразямі. Акрамя таго разьмяшчэньне будаў і паташняў пры рацэ патрэбна было з гледзішча дастаўкі патрэбнай дрэўны сплавам зьверху. Напэўна з той пары буды і паташні як найменьні мясцовасьці захавалася ў Налібоцкай пушчы, бо й дагэтуль тамака існуюць хутары Паташня пры Бярозе ў Іўеўскім раёне і ёсьць два ўрочышча Буды і Будзішча ў Стаўпецкім раёне й адно гэтакае ж хутарское паселішча Будзішча ў Іўеўскім раёне. Напрыканцы ХVІІІ-ага стагодзьдзя некалькі будаў было пры Бярэзіне недалёка ад вусьця Гальшанкі, што ў Валожынскім раёне. Тамака і цяперака ёсьць урочышча, што дагэтуль таксама завецца Будзішча.

На тэрыторыі буды знаходзіўся склад, дзе захоўваліся рэчывы будавай вытворчасьці. Поташ, як найбольш каштоўнае рэчыва, захоўваўся ў скураных торбах або ў бочках. Поташ быў дарагі і працаёмісты пры вырабу. Таму на паташным складзе былі досыць дакладныя даволі вялікія шалі з рознымі вагамі, а таксама розныя меры аб’ёму як то адмысловыя цэбры ды бочкі. На будзе былі будынкі для пражываньня кіраўніцтва і шараговых наймітаў, што далучаліся да працы на будзе на досыць працяглы час. Існавалі карчма, лядоўня (адмысловы заглыблены ў зямлю будынак, дзе назапашаны ўзімку лёд асьцюдзяняў гэты склад), кузьня і заўжды вялікая стайня для коней ды валоў. Дзейнасьць буды вымагала шмат коннай і валовай цягі. Што тычыцца людзкой сілы, то на будзе прыблізна працавала ад 10 да 30 шараговых працаўнікоў. Вялізны драўняны будынак, дзе ажыцьцяўлялася паленьне дрэва на паташ быў прыблізна 100 мэтраў у даўжыню ды каля 10 мэтраў у шырыню. У сярэдзіне  паташнага будынку стаялі вялікія цагляныя печы даўжынёй каля 20 мэтраў. Кожная з гэтакіх печаў мела некалькі топак дзеля перапальваньня дрэўны  на попел і паташ. Дадаткова дзеля нарыхтоўкі дрэўны наймалі сялян з бліжэйшых вёсак. Коннай або валовай цягай цяжкія торбы або бочкі з паташам або іншымі рэчывамі падвозілі да ракі, па якой ажыцьцяўляўся сплаў прадукцыі віцінамі. Стырнаваньне віціны пераважна ажыцьцяўлялася шляхам кілявога стырна ды 4-10 грэбнікамі з адмысловымі вёсламі. Была і ветразёвая цяга, але яна ўжывалася параўнальна рэдка і толькі па Нёмну.


Здабыча дёгцю на Радзівілаўскай будзе ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Мітяніна.
Здабыча дёгцю на Радзівілаўскай будзе ў Налібоцкай пушчы. Малюнак Аляксандра Міцяніна.

Разам з лесанарыхтоўкай і перапрацоўкай дрэўны на будах, паташнях і гатарах адным з найбольш важлівых гаспадарскіх занятках у Налібоцкай пушчы Радзівілаўскіх часоў было паляваньне або ловы. Да сярэдзіны ХVІІ-ага стагодзьдзя ловы пераважна ладзіліся на конях з дзідамі ды суліцамі, пешкі з лукамі і рацішчам, але пасьля звычайнай прыладай прафэсійнага паляўнічага стала стрэльба. Радзівілы любілі паляваць з сабакамі. Дзеля гэтага Радзівілы трымалі шэраг псярняў, дзе навучаныя адмыслоўцы-псяры займаліся разьвядзеньнем і ўзгадаваньнем паляўнічых сабак. Да катэгорыі паляўнічых-прафэсіяналаў у гаспадарцы Налібоцкага лавецтва можна аднесьці ўсіх лясных службоўцаў, тады як гэтакімі непрафэсійнымі былі ўсе сяляне, што жытлавалі на іхніх землях і былі вымушаныя хадзіць у радзівілаўскія ловы як на адбываньне спрадвечнай павіннасьці. Лясныя службоўцы ладзілі для Радзівілаў ловы, у якіх было мажліва здабываць шмат паляўнічых жывёлін. Напрыклад, адно з гэтакіх дакумэнтаваных ловаў адбылося ў 1757 годзе ў Дзераўноўскім падлавецтве ў водступе Пнёва Вада, пад час якога Геранім Радзівіл уласнаручна забіў 4 бурых мядзьведзя, 8 дзікоў і адну казулю. Спэцыяльна для прыезду гаспадара быў пабудаваны адмысловы будынак, дзе той мусіў спыніцца пад час знаходжаньня ў пушчы. Пасьля гэты дом быў разабраны і перавезены ў Дзераўное.


Часам (недзе раз у два гады) у першай палове XVII-тага стагодзьдзя ладзіліся надзвычайна пампэзныя відовішчныя паляваньні Радзівілаў у апісаным вышэй вялізным парканным загоне. У гэтакіх раскошных загонных ловах удзельнічалі некалькі тысяч людзей. Напрыклад, Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку звычайна адпраўляўся на ловы ў Налібоцкія лясы з двума тысячамі пяхотнага войску, двустамі стральцоў, двума эскадронамі ўланаў, з сотнямі коннай шляхты (600-800 чалавек), з шматлікімі паклажамі на мулах і 10-20і больш вярблюдах. Цікава, што ў Нясвіжы ў той час адмыслова дзеля гэтае мэты існавала спэцыяльная вярблюжа ферма, дзе ўтрымлівалася напэўна 40-50 іх асобнікаў. Вярблюды досыць добра трывалі пагодна-кліматычныя варункі Літвы, яны маглі перавозіць значна балей паклажы чымся коні. Таксама для Радзівілаў істотна было тое адмысловае ўражаньне, якое яны рабілі на гасьцей. Акрамя гэтага перасоўвалася псярня блізу 200-300 выжлаў і хартоў, з псярамі і іншай службай псярні. Дадаткова вакол князя было ягонае немалое атачэньне, што складалася са звыклай сьвіты ды сяброў. Можна ўявіць якія загонныя аблавы ладзіла гэтакае паляваньне і колькі зьверыны трэба было забіць каб спатоліць столькі паляўнічых. Насамрэч дзеля гэтага трэба была ўся агромістая пушча цалкам.


У Налібоцкай пушчы існавалі адмысловыя мейсцы, што былі найбольш выгодныя для паляваньня на пэўных гатункаў жывёлаў, якія, як ужо распавядалася, былі спэцыяльна абсталяваны пад ловы, ахоўваліся ад высечкі лесу і называліся водступамі. Што тычыцца пражываньня паляўнічых, то найбольшы цяжар пад час гэтакіх княжацкіх ловаў прымалі Налібокі, бо разьмяшчэньне і харчаваньне гэтакай масы паляўнічых і іхняй абслугі было складаным нават для развойнай Радзівілаўскай гаспадаркі. Пад час гэтакага паляваньня непазьбежна павялічваліся абавязкі навакольнага сялянства, калі не сказаць, што яны толька на гэта й працавалі. У Налібоках быў шыкоўны паляўнічы палац і шэраг прасьцейшых забудоў для разьмяшчэньня сьвіты ды запрошаных княжацкіх сяброў. Вайсковыя шарагоўцы і нават шляхта мейсціліся ў спэцыяльна прывезеных намётах. Гэты паляўнічы палац даіснаваў да 1948 году, калі быў разабраны на цэглу загадам мясцовых уладаў.


Найбольш каштоўнай паляўнічай жывёлай быў зубар, які значыўся даволі звычайным паляўнічым гатункам Налібоцкай пушчы да сярэдзіны ХVІІ- ага стагодзьдзя. Зубровыя ловы ладзіліся толькі для Радзівілаў і іхніх вяльможных гасьцей. У першай палове ХVІI-ага стагодзьдзя на зуброў усё яшчэ палявалі конна з халоднай зброяй, а менавіта з важкімі дзідамі, значна лягчэйшымі суліцамі, з палашамі і больш цяжкімі мячамі. Вялікую дапамогу пры гэтакім паляваньні ладзілі конныя і пешыя лучнікамі, а таксама пешыя паляўнічыя з прымітыўнай агнястрэльнай зброяй. Цягам часу з паляпшэньнем агнястрэльнай зброі, яна ўсё балей выцясьняе колячыя прыстасаваньні ў зубровых ловах. Апошнія значныя зубровыя ловы ў Налібоцкай пушчы ў сярэдзіне ХVІI-ага стагодзьдзя ўжо ладзілася як аблаўны загон у згаданай вышэй раскошнай паляўнічай агароджы. Тамака шматлікія загоншчыкі пераважна з сялян выганялі зуброў з пушчанскіх нетраў на мейсцы разьмеркаваньня вяльможных стралкоў. Моцна параненых зуброў маглі дабіваць і халоднай зброяй. Часам вызначалася клусаўнічае паляваньне на зуброў, якое звычайна ажыцьцяўлялася ціхім спосабам з дапамогай лоўчай ямы. Гэтакую досыць вялікую яму капалі ў прыдатным мейсцы, маскавалі расьлінасьцю, а побач сяклі асіну, якой зубры ласы пахарчавацца.


Цягам цяжкіх войнаў з сярэдзіны ХVІІ-ага стагодзьдзя й аж да першай паловы ХVІІІ-ага стагодзьдзя зубровая папуляцыя ў Налібоцкай пушчы была ў асноўным вынішчана з мэты латвага назапашваньня мяса войскамі. Адпаведна зубры амаль што перасталі згадвацца ў архіўных дакумэнтах канца ХVІІ-ага стагодзьдзя і ХVІІІ-ага стагодзьдзя. Разам з тым не падлягае сумлеву, што й у гэты пэрыяд зубры ў невялікай лічэбнасьці час ад часу або нават стала жылі ў Налібоцкай пушчы, бо гэты тэрэн праз прынёманскі лясны карыдор, Ліпічанскую, Слонімскую ды Ружанскую пушчы заўжды лучыўся з Белавежскай пушчай, дзе зубры не звадзіліся. Дыстанцыя гэтакага пушчанскага переходу складала 170-240 км, што мажліва для зуброў асабліва для вялікіх адзіночных самцоў. Нават 1980-е гады адзін з старых жыхароў хутара Асовыя ў Наваградзкім раёне распавядаў мне, што ягоны дзед яму казаў, як недзе ў 1880-1890-я гады на пушчанскіх абшарах у сутоках Нёмна й Бярозы зьявіўся вялікі зубар-адзінец, што жыў тамака ўсю зіму і вясну, а потым бясьсьледна зьнік.


Адмысловую катэгорыю паляўнічых угодзьдзяў складалі бабровыя гоны. Яны ўсе трымаліся пад пільным улікам. Папуляцыі баброў не былі стабільнымі часта з нагоды клусаўніцтва навакольных жыхароў. Бабровае футра давала добры капялюш і чобаты. Баброў елі, асабліва ў хрысьціянскія пасты як не мяса, а рыбу (людзі прыядноўвалі баброў да рыб з-за іхняга чашуйчатага хваста). Рыбу дазвалялася есьці ў пост у некаторыя дні. Баброў было лёгка спрадаць, бо попыт на бабровае мяса і футра быў вялікі. Знахары задорага куплялі бабровыя залозы, якія лічыліся цудадзейна цалебнымі. Да таго ж бабёр адносна невялікая жывёла, таму пакрыёма ўпаляваць, вынесьці з пушчы і спрадаць яго ўпотай было мажліва. Таму клусаўніцтва на баброў было даволі распаўсюджана. Разам з гэтым Радзівілаўскія баброўнікі ў некаторыя гады вылаўлівалі да некалькіх тысяч баброў дзеля іх продажы лавецтвамі, а таксама для Радзівілаўскай кухні й аптэкі. У выніку к канцу XVIII-ага стагодзьдзя бабры на абшарах Налібоцкай пушчы пачалі зводзіцца. Напрыклад, у 1775 годзе ў Дзялятыцкім падлавецтве бабры апынуліся на мяжы зьнікненьня. У лісьце ад 4 чэрвеня 1775 года Дзялятыцкі падлоўчы скардзіўся генэральнаму лоўчаму ў Нясьвіж, што на Нёмане й Бярозе ў ваколіцаў Дзялятычаў праз клусаўніцтва сялян засталася толькі адно бабровае жарэмя. У асноўным баброў лавілі даволі вялікімі залёзкамі, якія часта мелі спэцыяльныя зубцы на трымальных дугах. Часам баброў забівалі ў іхніх норах і хатках, пракалывая іх адмысловымі гострымі пікамі блізу трохмэтровай даўжыні з гострымі жалезнымі наканечнікамі. Цікава, што гэты вусьцішны спосаб лову баброў дайшоў ледзь не да цяперашняга часу, бо на пачатку 1980-х гадоў я хоць і здалёк але выпадкова бачыў падобнае вусьцішнае клусаваньне баброў ў нетравым куту Налібоцкай пушчы ў вярхоўях Банакавай канавы ва ўрочышчы Кухня.


Надта папулярным паляўнічым гатункам лічыўся буры мядзьведзь, які праз увесь час Радзівілаўскага гаспадараньня ў Налібоцкай пушчы быў дзівосна звычайным. Цалкам варункі тэрэновы гэтага біятапічна-мазаічнага леса-багеннага комплексу відавочна спрыялі гэтаму гатунку буйных жывёл. Як ужо распавядалася ў 1757 годзе Геранім Радзівіл толькі пад час аднаго паляваньня забіў уласнаручна чатыры бурых мядзьведзя. Крыштаф Завіша ў 1710-х гадох шматкроць за адно паляваньне пад Бакштамі ці паўднёвее пад Чапуньню забіваў з дапамогай сялян аднаго, ці некалькі бурых мядзьведзяў. Напрыклад, ён прыгадвае, як у сярэдзіне лютага 1714 году пад час загоннай аблавы ў пушчы пад Бакштамі яны забілі двух бурых мядзьведзяў–пестуноў, а іхняя матка прарвалася праз лоўчых. Потым зграя сабак у другой загоннай аблаве стрымала і загрызла мядзьведзіцу. Потым у трэцяй аблаве за ўсё той жа сьветавы дзень было забіта два вялікіх бурых мядзьведзя. Або напрыклад Крыштаф Завіша піша, толькі ў навакольлях Бакштаў зімою 1716 году на загонных аблавах ім было забіта дзевяць мядзьведзяў і восем ласёў. Пры гэтым бурых мядзьведзяў загонам шматлікіх сялян выганялі на стралкоў, якія трапнымі стрэламі іх забівалі. Кожны з гэтакіх стралкоў меў пры сабе рацішча, каб пры нападзе параненага бурага мядзьведзя дабіць яго гэтай зброяй.


Нярэдка практыкавалася больш суворае паляваньне на бурага мядзьведзя ў мярле (берлагу) з рацішчам. Лоўчыя сабакі ўзбуджалі бурага мядзьведзя з берлагу. Узьюшаны буры мядзьведзь імкліва нападаў на паляўнічага, які чакаў гэтакага нападу непадалёку з рацішчам і кінжалам. У момант, калі буры мядзьведзь уставаў на заднія лапы перад паляўнічым дзеля фінальнага забойскага кідку, тады харобры паляўнічы ўсаджваў рацішча бураму мядзьведзю пад сэрца, а канец рацішча ўпіраўся ў дол. Не досыць спрытны і не досыць харобры лавец ня меў шанца выжыць у гэтакім суворым двубоі. Таксама маруджаньне сабак магло абумовіць пераможныя дзеяньні бурага мядзьведзя ды загубу гэтага паляўнічага. Увогуле на Літве была традыцыя, што сын шляхціча каб мець сапраўдны шляхецкі гонар павінен быў забіць мядзьведзя рацішчам з дапамогаю не балей трох сабак. Калі мэтаю забойства мядзьведзя было толькі паляваньне, то каб параніць, аслабіць і пазбавіць спрыту бурага мядзьведзя, паляўнічыя загадзя карысталіся стрэльбай, а кінжал для паляўнічага быў як апошні шанец выжыць.


Акрамя зуброў, бурых мядзьведзяў і баброў істотнымі лавецкімі гатункамі жывёл у той час былі ласі, высакародныя алені, казулі, дзікі, ваўкі, лісы, куны, выдры, норкі, гарнастаі, тхары, глушцы, цецярукі, крыжанкі й зайцы. З гэтых гатункаў, як падаецца, вельмі значнымі ў ловах былі ласі. Ужо згадвалася, што Крыштаф Завіша ў навакольлях Бакштаў зімою 1716 году на аблавах забіў восем ласёў. Зьдзіўляе лічэбнасьць зайцоў, якая была ў тыя часы. Ва ўспамінах Крыштафа Завішы не раз прыгадваецца, як яны ў 1710-ых гадох на загонных ловах, напрыклад, калі было ня уда забіць ваўкоў, ці бурых мядзьведзяў, то яны накіроўваліся конна са зграяў сабак пабавіць час у паляваньні зайцоў. У гэтакіх ловах толькі за дзень пад Бакштамі яны забівалі дзясяткі зайцоў ды яшчэ шэраг лісаў.


Вельмі шмат палявалі на ваўкоў як з нагоды шкоднасьці гэтага драпежніка, гэтак і дзеля забавы цікавага й жарснага паляваньня. Шкода ад ваўкоў была ў тым, што яны зьяўляліся канкурэнтнымі людзям спажыўцамі дзікіх капытных жывёл. Таксама ў тыя далёкія часы, калі чалавек яшчэ ня меў спраўнай агнястрэльнай зброі, ваўкі не надта палохаліся чалавека й нярэдка нападалі на больш уразьлівых зь іх як тое дзеці й старыя. Перш за ўсё дзеля зьнішчэньня ваўкоў штогод вясною і на пачатку лета вышуквалі і зьнішчалі воўчыя кодлы на логавішчах. Гэтым пераважна займаліся асочнікі-ваўчатнікі, якія заўжды былі на службе як у Радзівілаў гэтак і ў Храптовічаў. Пры наяўнасьці спрактыкаванага ваўчатніка-логавашукальніка гэтакае вынішчэньне ваўкоў магло быць даволі дзейсным, бо адзін гэтакі адмысловец мог знайсьці і забіць ваўчанят ад двух і нават трох або чатырох воўчых ватаг. Трэба зацеміць, што ў тыя даўнія часы вынішчэньне ваўчанят на логавішчах, было справай рызыкоўнай, бо нярэдка бацькоўскія ваўкі нападалі на логавашукальнікаў пры логаве (то бок ня гэтак як цяперака яны заўжды ўцякаюць).


Часта дзеля вынішчэньня воўчых ватаг карысталі спэцыяльныя воўчыя ямы з уплатаванымі загонамі, якія будавалі ў мейсцах частага воўчага праходу й адпачынку з пэўным пярэсмыкам па прахадной сьцязе ваўкоў. Лоўчая яма разьмяркоўвалася на гэтакім пярэсмыку, кудой ваўкі пэўна пойдуць асабліва, калі іх крыху нагнаць. Адпаведна загон з уплатаванымі бакавінамі паступова звужаўся да пярэсмыку, а воўчыя ямы мелі вострыя драўняныя пікі пры доле. Звычайная даўжыня ямы разьлічвалася гэтакім чынам, каб ваўку было мажліва яе пераскочыць без цяжкасьцяў. Адылі насамрэч прагал ямы быў шмат даўжэйшым, але засланы бярвеньнямі а паверх зямлёю ды замаскаваны пад наглебавае покрыва побач. Ваўкалоўчай яме давалі выстаяцца без ужытку, і ваўкі да яе прызвычайваліся і не зьвярталі на тую яму асаблівай увагі. Перад загонам тыя бярвеньні на лоўчай яме прыбіралі, прагал рабіўся занадта доўгім і нагнаныя ваўкі пераважна падалі ў лоўчую яму на гострыя калы, дзе іх дабівалі зьверху. Воўчыя ямы з загонам утвараліся асочнікамі ды сялянамі-наймітамі па загаду падлоўчых або лоўчага. Ва ўрочышчах, якая часта карысталіся воўчымі ватагамі дзеля дзённага адпачынку, гэтакія воўчыя ямы з агароджанымі загонамі існавалі і падтрымліваліся стагодзьдзямі. Некаторыя гэтакія воўчыя пасткі праіснавалі і больш-менш карысталіся дзеля вынішчэньня ваўкоў аж да канца дзевятнаццатага стагодзьдзя. Так, у пачатку 1980-х гадоў егер Баляслаў Садоўскі распавядаў мне пра існаваньне рэштаў гэтакіх быццам бы яшчэ Радзівілаўскіх воўчых ям ва ўрочышчы Завушня, якія па словам ягонага бацькі-заўзятага паляўнічага з хутара Зьвярынец функцыянавалі яшчэ напрыканцы XIX-ага стагодзьдзя. Аб чымсьці падобным мне прыблізна ў той жа час распавядаў Эдзік Хмара з Кляцішчаў.


Нягледзячы на працяглае карыстаньне воўчых ям, у XVIII-ым стагодзьдзі ваўкоў ужо пераважна забівалі на загонных аблавах. Загоншчыкі выганялі ваўкоў на стралкоў, якія разьмяркоўваліся наперадзе загадзя пры нейкі зьвярыных сьцежках лепей па пярэсмыкам. Таксама ўжо пачынаюць зьнішчаць ваўка ў шырокіх прастакутных аблогах. Гэтыя аблогі ладзілі, перапыняючы непажаданы ход ваўкоў сьмярдзючымі кавалачкамі рызманоў, якія прымацоўваліся да вяроўкі праз мэтр. Ваўкі палохаюцца гэтых незвычайных рэчаў і не выходзяць з аблогі, але іх можна наганяць на стралкоў. Гэты мэтад зьнішчэньня воўчых ватаг карастыюць як асноўны і  дагэтуль. Існавала  шмат іншых падыходаў, каб зьнішчаць ваўкоў. Напрыклад, згадваецца паляваньне пры конным перасоўваньні на санях або возе з япруком у воўчых мейсцах. Некалькі мужыкоў са штуцэрамі паганялі каня ды круцілі хвост япруку, той крычаў і прывабліваў ваўкоў. Пры падыходзе ваўкоў мужыкі пачыналі страляніну па ваўках і часам гэтакім чынам іх забівалі.


Ловы капытных жывёл праводзіліся штомесяц, за вытрымкай пэрыяд юру і народзінаў. Мяса годнае да ежы ў большасьці здавалася да Радзівілаўскай кухні, ці ішло на спродаж да кухні іншых паноў. Футравыя зьвяры здабываліся з лістапада да красавіка, і каштоўнае футра пасьля першапачатковай апрацоўкі (мяздрэньне й сушка на правілках) перапраўлялася да Радзівілаўскага скарбу. Ловы й атрыманьне паляўнічай прадукцыі пільна кантралявалася падлоўчымі і асабіста Налібоцкім лоўчым. Ловы праводзіліся ў адпаведнасьці з выдадзенымі на то інструкцыямі, напрыклад, інструкцыі для генэральнага лоўчага пана Пясэцкага, якая была выдадзена 28 сьнежня 1792 года Дамінікам Радзівілам. Яна складалася аж з адзінаццаці вартыкулаў, у якіх падаваўся падрабязны інструктаж па правядзеньню паляваньня. Узгодна гэтым правілам на доўгатэрміновыя ловы ў абшарах усяе пушчы мабілізаваліся навакольныя сяляне, але з пэўнай вёскі не балей аднаго раза на год. У сялянства для паляўнічых патрэбаў маглі рэквізаваць фураж, ежу, паляўнічыя прылады і іншае. Пасьля ўсё гэта альбо вярталася да гаспадароў, альбо ім за прычыненыя шкоды выплачваліся грошы. Паляваньне ў пэўнай пушчы не павінна было выходзіць за яе межы, каб не чынілася шкода суседнім лавецтвам.


Нягледзячы на пэўныя паляўнічыя правілы, ловы ў Налібоцкай пушчы былі даволі жорсткім заняткам і паляўнічыя відаць ня мелі літасьці да жывёл. Бо, напрыклад, нават Менскі ваявода Крыштаф Завіша, па ўсяму відаць дабрасумленны і пасьцівы чалавек, меўшы шмат дзяцей ад адной жонкі, у сваіх успамінах пісаў: «10 сакавіка 1711 года з вялікай уцехай зьбіў на аблаве двух ласёў, параніўшы іх стрэламі і загнаўшы ў сеці. Потым я глядзеў, як халопы забівалі іх кіямі ды сякерамі, а я жывому адрэзаў капыты». У Налібоцкай пушчы таксама вёўся й адлоў жывых зьвяроў для зьвярынцаў, а птушак для базантарняў. Што тычыцца базантарняў, то там пераважна гадавалі базаноў. Акрамя базаноў на базантарнях утрымлівалі глушцоў, цецярукоў, а адзінкава й лебедзяў, нават белых чапель, чорных буслоў і жораваў. Пад час працяглых войнаў зьвярынцы і базантарні пусьцелі. У Радзівілаўскіх валоданьнях на абшары Налібоцкай пушчы меліся гэтакія даволі вялікія зьвярынец і базантарня крыху ўглыб пушчы пад вёскамі Пятрылавічы і Заборье. Тыя хутары ды ўрочышча і цяперака завецца Зьвярынец, а дарога, што ідзе адтуль у бок Рудні Налібоцкай завецца Зьвярынецкай.


Пчалярства ў тэрэне Налібоцкай пушчы было адвечным заняткам навакольных і пушчанскіх жыхароў. За карыстаньне борцямі, вывешваньне калод і пастаноўку наземных (або зямецкіх) калодных вульляў у Радзівілаўскім лесе сяляне павінны былі аддаваць да ягонага скарбу палову сабранага мёду. Шмат было і скарбовых пасек з Радзівілаўскай гаспадаркі. Напрыклад, у сярэдзіне XVII-ага стагодьдзя ў Налібоцкім падлавецтве было больш за 200 зямецкіх калодных вульляў на чатырох пасеках, каля 460 калод на дрэвах і 52 борці, за якімі даглядалі тры бортніка. Напрыканцы XVIII-ага стагодьдзя тамака было 6 скарбовых пасек, на якіх налічвалася амаль што 500 зямецкіх калодных вульляў, больш за 300 калод на дрэвах й 34 борці. У той час вялікія зямецкія пасекі і калоды на дрэвах разьмяркоўвалі пры раскошных галявінах, дзе было шмат меданосаў. Так гэтакія пасекі напрыканцы ХVІІІ-ага стагодзьдзя існавалі пры даліне рэчкі Бойнай, пры даліне Вусы ў Кляцішчах, Бродным і Сьмейным, пры Валасеньскай галявіне ў Трасьцяніцы, а таксама пры даліне Ліпніцы ў Карыцішчы.


У тагачасных інструкцыях падрабязна прапісваліся правілы выкарыстаньня і дагляду за скарбавымі пасекамі і асобнымі калодамі і борцямі. Напрыклад, нават распавядалася, як працаваць з незаселенай пчоламі борцю. Забіраньне мёду са скарбовых пасек адбывалася па восені. Гэты працэс павінен быў трымацца пад пільным кантролем і пры непасрэднай прысутнасьці лоўчага. Бортнікам даручалася быць асьцярожнымі, каб не нанесьці шкоды пчолам. Заўсёдным клопатам бортнікаў была ахова пчэльняў ад іх разбурэньня бурымі мядзьведзямі, якія даволі шчыльна засялялі абшар Налібоцкай пушчы. Асабліва вялікую шкоду наносілі мядзьведзі зямецкім пасекам. У справаздачах бортнікаў звычайна паведамляецца, што ледзь не кожны чацьверты вулей парушаўся мядзьведзямі. Асабліва гэта часта здаралася пад восень пры неураджае ягад брусьніцаў, якія зьяўляліся адным з асноўных восеньскіх кармоў мядзьведзяў, каб наесьці досыць тлушчу на зімовы засонак. Тады ад мядзьведзяў на пасеках было цяжка адбіцца й прыходзілася пільнаваць пасекі і ўдзень і ўначы. Гэтакіх мядзьведзеў дбалі, каб забіць, але часта на зьмену яму прыходзіў другі. Наземныя пасекі пераважна разьмяркоўвалі сярод людзкога паселішча, але й туды дабіраліся мядзьведзі.


Сярэдневечная дымарка дзеля саматужнага выплаву жалеза ў Рудні Налібоцкай. Малюнак Ганны Сідаровіч.

У XVIII-ым стагодзьдзі на тэрэне Налібоцкай пушчы Радзівіламі акрамя лавецкай і лесанарыхтоўчай дзейнасьці ажыцьцяўлялася развіцьцё мануфактурнай дзейнасьці. Недалёка на захад ад Налібок было ўрочышча, што так і звалася Рудня або Рудніца, дзе навакольные людзі здабывалі балотную жалезную руду і на маленькіх домнападобных печах здабывалі з яе жалеза. Гэтыя печы маглі быць з гліны і былі заглыблены ў зямлю (XVI-ае стагодзьдзе ці раней), ці былі напоўніцу на паверхні зямлі. Будаваліся яны з цэглы і называліся домніцы, або дымаркі. Больш позьнія цагляныя домніцы былі каля палутара мэтра вышынёй і каля мэтра ўшыркі. Дзеля падачы паветра ў печ выкарыстоўваліся адмысловыя скураныя прыстасаваньні ў выглядзе скураной торбы. Звычайна домніцы стаялі навонкі пры мейсцах здабычы балотнай жалезнай руды. Сыравінай для вытворчасці жалеза служылі ня толькі балотная руда, але і драўляны вугаль у якасьці палева ды вапна ў якасьці флюсу. Адкладанні жалезнякоў нярэдка ўтвараліся на плошчы многіх гектараў у далінах рэк. Яны залягаюць у выглядзе пліт і кавалкаў розных памераў. Гэты жалязняк утрымліваў каля траціны жалеза. Акрамя таго ў балотнай жалезнай рудзе было шмат пясчаных частак, бо ў рачных далінах разам з наскрыляваньнем жалязняку пад час палавені наскрылёўвалася і шмат пяску ды больш дробных частак аксіду крэмнія з глінянай фракцыі. Адно што прыдатным палівам дзеля выплаву жалеза быў драўняны вугаль, бо ў ім мала попелу і амаль няма серы і фосфару, якія зьяўляюцца шкоднымі дамешкамі і дрэнна ўплываюць на якасьць жалеза.Тутай жа побач у той Рудні рабілася выпальваньне вугалю купным спосабам у мулёрах (складніца дрэўны, якія засыпалі зямлёю), што дазваляла атрымліваць паліва, якое амаль што напоўніцу складалася з углероду. У залежнасьці ад памераў мулёрнай купы працягласьць працэсу складала некалькі дзён і патрабавапа пэўных ведаў і майстэрства. Недахопу ў драўніне не было, але важна было прытрымлівацца тэрмінаў нарыхтоўкі дроў, правільнага складаньня іх у купу, пакрыцьця яе скрылем галінак ды імху, а потым зямлі, забесьпячэньня прытоку паветра і адводу газаў, каб не дапусціць выбухаў, якія маглі разбурыць купу. Працаўнікі, якія здабывалі вугаль гэтакім чынам зваліся курашы, або мулёршчыкі. Для пасьпяховага правядзеньня металургічнага працэсу патрэбна была таксама і вапна, якую таксама здабывалі недалёка недзе ва ўсходняй частцы Налібоцкай пушчы, дзе зараз вёскі Пруды, Пятрылавічы і Заборье. Працэс сырадутнай вытворчасьці жалеза з балотнай руды адбываўся наступным чынам. Спачатку распальвалі вугаль, насыпалі на дно печы, потым зьверху загружалі папераменна пласты руды і таго ж вугалю. У якасьці флюсу дадавалася вапна. У выніку гарэньня вугалю вылучаўся вокіс вугляроду, які, праходзячы праз тоўшчу руды, аднаўляў вокіслы жалеза. У выніку гэтай хімічнай рэакцыі ўзьнікалі мікраскапічныя часьцінкі адноўленага жалеза, а таксама ўтвараліся шлакі. Адноўленае жалеза канцэнтравалася ў няшчыльную масу на самым дне печы ці павольна выцякала праз спэцыяльную адтуліну пры доле. Шлакі былі пераважна блакітнага колеру. Гэтакія адмысловыя шлакі, шырока распаўсюджаныя ў Налібоцкай пушчы да гэтых часоў называліся цындрай.


Дык вось у Рудні, дзе ўжо быў немалы досьвед здабычы жалеза з балотнай руды, Радзівілы недзе ў сярэдзіне XVIII-ага стагодзьдзя ўтвараюць мануфактуру дзеля больш дзейснай здабычы жалеза лепшай якасьці. Гэтую мануфактуру сталі клікаць жалезная гута, ці адлеўня па найменьню Марыя Вады, а мейсца Рудняй Налібоцкай. Адпаведна тамашняе невялічкае людзкое паселішча хутка павялічваецца ў памерах, бо патрэбны працаўнікі.


Выбітнай прамысловай зьявай на тагачасным тэрэне Налібоцкай пушчы было ўтварэньне шкляной мануфактуры ў Налібоках Ганнай й Каралем Радзівіламі. Гэтаму нямала спрыяла наяўнасьць у Налібоцкай пушчы прыдатнага  пяску  чыста намытага ледавіковымі патокамі і  перадзьмутага вятрамі, а таксама мажлівасьць здабычы паташу, што абавязкова быў патрэбен пры вытворчасьці шкла. Якасны паташ выпальваўся на будах у спэцыяльных печах са стаўпуроў шырокалісьцевых дрэў, што былі пашыраны ў тагачаснай Налібоцкай пушчы. Будаўніцтва шкляной мануфактуры пачалося ўлетку 1720 году, а адчынілася яна ў жніўні 1722 году. Яе будынак паставілі непадалёк ад радзівілаўскага паляўнічага палацу, каля ставу на рэчцы Лебяжодзе. Налібоцкая шкляная мануфактура праіснавала аж да 1862 году й зачынілася пасьля пажару, які дазваньня зьнішчыў асноўныя будынкі.

582 views0 comments

留言


bottom of page