Сааўтар: Ірына Ратэнка
Да гэтага здарэння мы ўжо добра ведалі, што рысі забіваюць шчанюкоў ваўка, як зусім малых на логвішчах гэтак і падрослых, асабліва калі пад восень яны шмат бадзяюцца самастойна. Мы ведалі, што рысі забіваюць цяжка цяжарных ваўчыц (вайдэр) перад родамі пад час адсутнасьці іхніх самцоў (басераў), што адлучыліся дзеля здабычы корму. Але мы не наважваліся нават уявіць, што рысь можа пасьпяхова супрацьстаяць немалому здароваму басеру. Адылі, у Налібоцкай пушчы ва ўрочышчы Ялоўка 13 сакавіка пад вечар дарослы самец ваўка атакаваў дарослага самца рыся пры ягонай тэрытарыяльнай знакоўцы. Бойка доўжылася 48 секунд. Агрэсіўныя позы супраць адзін аднаго былі цягам 30 секунд. Потым 8 секунд яны біліся. Рысь перамог, параніў таго ваўка і верагодна ад гэтых ран (напэўна ад ускрыцьця чэрава) ён памёр.
Насьцярожаны рысь заўважыў ваўка, што бяжыць на яго.
Кульмінацыя бойкі, дзе відаць што воўк на сьпіне, а рысь дзярэ яму чэрава. Пасьля гэтага воўк усё ж такі здолеў уцячы.
Той пераможны рысь пасьля ўцёкаў ваўка.
Пасьля бойкі з рысем і ўцёкаў той воўк прыйшоў на мейсца бойкі праз шэсьць хвілін. Заўважна, што добра падраны з боку. Але напэўна галоўнай раны на чэраве не відаць. Хутчэй за ўсё гэтакая рана была, і ад сэпсісу на ёй гэты воўк, верагодна, памёр. Чаму мы мяркуем гэтак? Да бойкі гэты адметны воўк амаль што без поўсьці на хвасьце рэгістраваўся намі ў тым урочышчы (дзе было ўсталявана дзевяць фотапастак) амаль штодзень. Пасьля гэтага здарэньня таго ваўка мы больш не рэгістравалі ні ў тым урочышчы, ні навокал.
Рысь, што перамог ваўка, прыйшоў на мейсца бойкі і ў наступную ноч, знакаваў тамака, адпачываў і чухаўся. Паводзіў сябе як безсумлеўны гаспадар таго мейсца.
Comments